Абсалютная большасьць храмаў на Гарадзеншчыне ня мае аўтаматычнай пажарнай сыгналізацыі, гэта выявіла праверка 408 культавых будынкаў.

Храмы ўсіх канфэсій тэрмінова былі правераны пасьля пажару у самым вялікім касьцёле вобласьці – гарадзенскім Катэдральным, у якім пад час начнога пажару згарэлі некалькі драўляных скульптураў алтара, створанага 269 гадоў таму. Там не была ўсталявана пажарная сыгналізацыя, інакш пажарнікі маглі б прыбыць на месца хутчэй і прадухіліць страты.

Па выніках праверкі «прыпынена эксплюатацыя» Францішканскага касьцёла 17 стагодзьдзя. Дарэчы, у 18 стагодзьдзі там здарыўся пажар, пасьля чаго яго часткова перабудавалі. У касьцёле няма пажарнай сыгналізацыі і ўнутранага проціпажарнага водаправоду. Гэтая ж забарона датычыць у абласным цэнтры новазбудаванага касьцёла ў мікрараёне «Вішнявец», хрысьціянскага цэнтру, незакончанай царквы Сабору ўсіх беларускіх сьвятых, а таксама інтэрнацкага будынка Менскай духоўнай сэмінарыі ў Жыровіцах.

Восемдзесят працэнтаў культавых будынкаў вобласьці ня маюць належнага пажарнага абсталяваньня. Звычайна сьвятары спасылаюцца на недахоп грошай. Я быў сьведкам, як інспэктар зазначыў, што новыя аўтаномныя паведамляльнікі гэткія чульлівыя, што рэагуюць нават на дымок ад цыгарэты. У адказ настаяцель храма сказаў: значыцца, яны могуць зрэагаваць на дым кадзіла, а ў нас на сьвяты зьбіраецца па некалькі тысяч чалавек, калі спрацуе сыгналізацыя, можа пачацца паніка…

Пажарнікам даводзіцца шукаць паразуменьня са сьвятарамі. Напрыклад у вёсцы Дубна Мастоўскага раёну бацюшка спасылаўся на недахоп грошай, і яму далі бясплатна чатыры аўтаномныя паведамляльнікі. І калі празь некалькі месяцаў у тамтэйшай пяцікупальнай Сьвятамікалаеўскай царкве здарыўся пажар, дзякуючы сыгналізацыі прагарэлі толькі два квадратныя мэтры падлогі... Сымбалічны прыклад!

Храмы наведваюць тысячы, дзясяткі тысяч вернікаў, і пытаньні пажарнай бясьпекі цэркваў, касьцёлаў напраўду датычаць мноства людзей. Зразумела, ахвяраваць грошы на аўтаматычную сыгналізацыю давядзецца самім прыхаджанам. Размова пра вялікія ахвяраваньні. Напрыклад, падлічана, што каб устанавіць усе неабходныя датчыкі ў Катэдральным касьцёле Горадні, спатрэбяцца каля дваццаці мільёнаў рублёў.

Алесь Кавалёў, Прынямоньне № 5, жнівень / Bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0