Беларускі рэспубліканскі саюз спажыўцоў выступіў з ініцыятывай увесьці забарону на экспарт беларускіх яблыкаў за мяжу. Прапанову, якая патыхае чарговай манаполіяй, каапэратары ўнесьлі на нарадзе, на якой прысутнічаў намесьнік прэм’ер-міністра Іван Бамбіза. Свае довады кіраўніцтва Белкаапсаюзу абгрунтавала катастрафічным недахопам у раздробавым продажы беларускай гародніны і садавіны.
Чакаецца, што забарона на экспарт яблыкаў будзе ўведзеная ўжо ў наступным месяцы. Найперш яна закране сельгаспрадпрыемствы, якія займаюцца вытворчасьцю элітных гатункаў яблыкаў. У садах аграфірмаў акурат дасьпяваюць плады, якія паводле кантрактаў мусяць патрапіць на сталы немцаў, французаў і датчанаў. У сваю чаргу Белкаапсаюз стаіць на тым, каб вэта на экспарт было накладзенае як найхутчэй, і нават згодны аплаціць прадукцыю наперад, каб пасьля невялікімі партыямі вывозіць яблыкі з складоў прадпрыемстваў.
Па якой цане каапэратары зьбіраюцца выкупляць яблыкі ў садаводніцкіх фірмаў, не ўдакладняецца. Аднак, як прызнаўся намесьнік старшыні праўленьня Белкаапсаюзу Іван Макоўскі, сёньня ў сыстэме каапэрацыі Міністэрствам эканомікі зацьверджаная адна закупачная цана – 100 рублёў за кіляграм. За гэтую даволі сьціплую плату каапэратары скупляюць у вяскоўцаў некандыцыйны белы наліў і малінаўку. Ня выключана, што элітныя гатункі таксама падвядуць пад гэтую цэнавую катэгорыю. Верныя заяўленым прынцыпам, каапэратары экспартаваць яблыкі не зьбіраюцца. Дарагая садавіна будзе замочаная і раскладзеная ў мяхі ды слоікі, якія ўзімку зьявяцца на паліцах крамаў. Усяго Белкаапсаюз зьбіраецца нарыхтаваць «для ўнутранага карыстаньня» 150 тысяч тонаў яблыкаў, што ўдвая болей, як летась. Плаціць здавальнікам Белкаапсаюз будзе зь дзяржаўнай кішэні. Вось ужо шэсьць месяцаў запар нарыхтоўшчыкі асвойваюць буйны бюджэтны транш.