Каманда Яраміра Ягра атрымала перамогу над камандай Аляксея Яшына ў матчы зорак Кантынентальнай хакейнай лігі, які прайшоў 30 студзеня на 15-тысячнай «Мінск-Арэне» пры практычна поўных трыбунах. Выніковы лік — 11:8 (4:1, 3:5, 4:2).

Шайбы закінулі: у каманды Ягра — Марцэл Госа (7.35, 35.10), Патрык Торэсен (12.00, 45.06), Іржы Гудлер (13.35, 26.21), Матыяс Вайнхандль (14.54), Марцін Штрбак (31.17), Ёзеф Вашычак (40.35), Віле Пелтанен (44.28), Ярамір Ягр (49.54); у каманды Яшына — Даніс Зарыпаў (2.07), Аляксей Яшын (21.02), Сяргей Фёдараў (32.02), Максім Сушынскі (34.55, 39.35), Сяргей Зубаў (38.34), Антон Бабчук (51.45), Аляксей Марозаў (54.30, буліт). Яшчэ два буліты, якія прызначаліся замест выдаленняў, не рэалізавалі Зарыпаў (45.48) і Торэсен (57.01).

У матчы ўзялі ўдзел чатыры прадстаўнікі мінскага «Дынама» — варатар Андрэй Мезін (за каманду Яшына), а таксама нападаючыя Віле Пелтанен, Джэф Плат і абаронца Дзьюі Уэсткат, які быў уключаны ў заяўку ў апошні момант і гуляў без нумара (за каманду Ягра). Мезін выйшаў на пляцоўку на 32-й хвіліне, пасля таго як Штрбак давёў лік да 6:2 на карысць легіянераў. Пелтанен вызначыўся не толькі закінутай шайбай (пры ліку 8:6), але і двума галявымі пасамі (Торэсену пры ліку 1:1 і Вашычаку пры ліку 7:6).

Лепшымі ў складзе каманды нападаючага СКА Аляксея Яшына былі прызнаны (у парадку пералічэння) абаронца СКА Сяргей Зубаў (1 гол + 2 галявыя перадачы), Андрэй Мезін і сам Яшын (1+1).

У камандзе форварда омскага «Авангарда» Яраміра Ягра, які набраў чатыры балы (1+3), лепшымі названы варатар гэтага ж клуба Кары Рама, нападаючы рыжскага «Дынама» Марцэл Госа (2+0) і Віле Пелтанен.

Перад матчам на «Мінск-Арэне» прайшло «Майстар-шоу».

Хакеісты спаборнічалі ў сямі конкурсах (круг на хуткасць, кідкі на дальнасць уздоўж борта, кідкі на дакладнасць, сіла кідка, эфектнасць булітаў, эстафета на хуткасць. эстафета «змейка»). Перамогу атрымала каманда Яшына — 5:3 (у конкурсе булітаў разыгрывалася два ачкі).

Першы матч зорак КХЛ адбыўся 10 студзеня 2009 года на Чырвонай плошчы ў Маскве і таксама завяршыўся перамогай каманды Ягра — 7:6.

Месца правядзення трэцяга матчу зорак пакуль не вызначана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?