Яна працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Тамара Міронава сыграла больш як 50 роляў у розных беларускіх тэатрах.

Яе творчая кар’ера пачалася на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча, затым акторка працавала ў мінскім драматычным тэатры «Дзе‑Я?» (цяпер Новы драматычны тэатр).

На фестывалі ў Эдынбургу (Шатландыя) у 1995 годзе Міронава была адзначана ў прэсе як лепшая актрыса тэатра малых формаў за ролю ў спектаклі «Чорт і баба», у 1997 годзе — узнагароджана дыпломам «За высокія творчыя дасягненні» за выкананне ролі ў спектаклі «Жаніцьба» і названа актрысай года ў беларускай прэсе.

У 2001 годзе Міронава ўвайшла ў трупу Купалаўскага тэатра.

Яна выканала ролі ў вядомых спектаклях паводле твораў беларускай драматургіі «Ажаніцца — не журыцца», «Паўлінка» і інш. Апошнімі гадамі найбольш яркімі яе работамі сталі галоўныя ролі ў спектаклях «Вечар» паводле п’есы Аляксея Дударава і «Дзеці Ванюшына» паводле твору Сяргея Найдзёнава. Таксама Міронава ўзяла ўдзел у сумесным беларуска‑расійскім праекце «Вяселле» паводле Чэхава. Актрыса вядомая па працы ў фільмах «Франц+Паліна», «Ваўкі», серыялах «Каменская‑2», «Неба і зямля» і інш.

7 лютага ў гонар юбілею артысткі на сцэне Купалаўскага тэатра будзе паказаны спектакль «Паўлінка»,

у якім Тамара Міронава выконвае адну з галоўных роляў. Пасля спектакля адбудзецца віншаванне юбіляра.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?