У панядзелак 21 жніўня на волю выйшлі Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка. За ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі яны былі асуджаныя на шэсьць месяцаў зьняволеньня. Мікола Астрэйка і Цімох Дранчук атрымалі два і адзін год зьняволеньня адпаведна. На волі Аляксандра і Эніру з кветкамі сустракалі родныя і сябры.

Тых, хто прыйшоў павітаць вызваленьне партнэраўцаў, на Валадарскага, 2 сустракаў ахоўнік з ратвэйлерам. Рэдзенькі ланцужок ахоўнікаў без сабакаў стаяў і ўздоўж вуліцы – побач з уваходам асуджаныя рамантавалі цеплатрасу. Сярод журналістаў былі пераважна газэтчыкі, не было ніводнай здымачнай групы. І хоць ня ўсе верылі, што вызваленьне адбудзецца безь сюрпрызаў, на пачатку 12-й гадзіны, трошкі нечакана, на вуліцу выйшлі Аляксандар і Эніра. Да іх тут жа кінуліся родныя. Павітаўшыся з усімі і прыняўшы віншаваньні, вызваленыя адказалі на пытаньні журналістаў. Шалайка выглядаў няблага, хіба быў заўважна бледны. «Мясцовы клімат не спрыяе загару», – стрымана ўсьміхаўся Аляксандар, які апошнія два тыдні адбыў у камэры ў падвальным памяшканьні. На пытаньні адказваў разважліва і без хваляваньня.

Паўгоду ў няволі для яго, зь ягоных словаў, праляцелі хутка. Па першым часе ў сьледчым ізалятары КДБ затрыманым даводзілі, што на іх усе забыліся. Лісты ад сваіх давялі адваротнае. Былы палітвязень зьбіраецца працягваць грамадзкую дзейнасьць.

Мужа сустракала цяжарная жонка Вера – у кастрычніку ў Шалайкаў мусіць нарадзіцца другі сын.

Эніра Браніцкая заўважна хвалявалася. Яна ўвесь час усьміхалася і выцірала сяброўкам сьлёзы радасьці, гава-рыла эмацыйна. На пытаньне, што было самым цяжкім у турме, адказала сугучна Аляксандру: «Цяжэй было нашым родным тут, на свабодзе, у чаканьні і невядомасьці».

Эніра кажа, што судзьдзя, наколькі магчыма ў сёньняшняй сытуацыі, прыклаў намаганьні, каб бесстароньне разгледзець справу «Партнэрства». Прысуд мог быць нашмат больш жорсткім, мяркуе яна. Адразу па вызваленьні дзяўчына зьбіраецца пабачыцца з роднымі. «А потым хачу на колькі дзён з намётам выбрацца ў лес, падыхаць вольным паветрам, якога так не ставала ў турме».

Ні Эніра, ні Аляксандар ня скардзіліся на ўмовы ўтрыманьня. Аднак абое адзначылі, што ў гэтай сфэры востра неабходныя зьмены. «Я не кажу пра тое, як утрымлівалі нас дый працягваюць утрымліваць астатніх партнэраўцаў у турме, – кажа А.Шалайка. – Гаворка пра агульныя ўмовы ўтрыманьня ўсіх асуджаных».

З палітыкаў павітаць вызваленых прыйшоў толькі Анатоль Лябедзька ды Людміла Гразнова.

«Калі ведаеш, што сядзіш за праўду, зьняволеньне не падаецца такім цяжкім – у мяне такі рэцэпт трываласьці», – падвёў рысу Аляксандар, перш чым паехаць да сына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?