Што нацыянальнаму руху рабіць зь дзяржавай? Разважае Сяргей Богдан.

Насельніцтва Беларусі пакладаецца на дзяржаву ва ўсім чыста. Носьбіты нацыянальнай сьвядомасьці ў гэтым не адрозьніваюцца ад рэшты суграмадзянаў (праўда, яны маюць на ўвазе іншую, не цяперашнюю дзяржаву). Важнай асаблівасьцю іх перакананьняў даўно была і ёсьць упэўненасьць, што свая ДЗЯРЖАВА будзе ўнівэрсальным сродкам вырашэньня нацыянальных праблемаў («прыйдуць нашы – разьбяруцца»). Таго і спадзяваліся ад навастворанай незалежнай Рэспублікі на пачатку 1990-х.

Тады гэта можна было дараваць, зважаючы на палітычную наіўнасьць. Але сёньня мяне зьдзіўляе чаканьне, што перамога на выбарах дэмакратычнай апазыцыі можа карэнным чынам зьмяніць краіну. Маўляў, дастаткова правесьці вольныя выбары дый забраць палітычную ўладу ў краіне – вось і ўсё рашэньне нашых бедаў.

Між тым, выбары ёсьць толькі малой часткай гэтага рашэньня. Бо перамога дэмакратычнай апазыцыі на іх дазволіць зьмяніць адно вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы. Мо’ яшчэ бюракратычны аппарат (праз гады). Ня зьменяцца ні лад мысьленьня грамадзянаў, ні самі дзяржаўныя мэханізмы. Спадзяваньні нацдэмаў на перамогу выключна шляхам апанаваньня дзяржавы праз выбары сьведчаць пра неразуменьне сутнасьці дзяржавы, якой надаюць проста-такі антрапамарфічныя рысы.

Чалавечыя рысы дзяржаве надаваць ня варта, бо яна – не Левіятан, больш ці менш пасьлядоўны ў сваіх паводзінах, а складаны мэханізм, розныя часткі якога рухаюцца часам адна насуперак адной – то бок левая рука ня ведае, што робіць правая. Ня варта і пэрсаналізаваць дзяржаву, бо, вядома, ва ўсім сьвеце прэзыдэнты могуць ствараць культ сваёй асобы, чыніць тэрор, але нават у самай маленькай краіне яны абапіраюцца на апарат (які складаецца зь вельмі розных людзей) і таму нават пры моцнай арыентацыі цяперашняй беларускай дзяржавы на адну асобу няварта атаясамліваць дзяржаву і гэтую асобу.

Складанасьць прыроды дзяржаўнага апарату цягне за сабой выснову:

сёньня нядбайнасьць і самавольства чыноўнікаў гэтага апарату ратуюць рэшткі свабоды, заўтра яны ціхенька «прысьпяць» дэмакратычныя перамены. Контрарэвалюцыйнага намеру чыноўнікі мець ня будуць, проста яны працягнуць працаваць «па-старому» (а як жа яшчэ ім працаваць праз трыццаць гадоў «заслужанага стажу»?). Калі чыноўнік дэманстрацыйна не разумее нашае мовы, дык не таму што ён антыбеларускі дэман у чалавечай скуры. Ён савецкі чыноўнік, і яго сутнасьць у тым, каб не разумець беларускай мовы, гэтаксама, як і сутнасьць скарпіёна ў тым, каб джаліць.

Пытаньне стаіць востра: што нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі рабіць зь дзяржавай?

Вучыцца ў эўрапейскіх імігрантаў

Перш за ўсё, трэба адмовіцца ад ілюзіяў і спадзяваньняў на дзяржаву і дзяржаўныя структуры ўвогуле. Маўляў, вось толькі варта «нашым» заняць тыя кабінэты і... Відаць, у стабільнай дэмакратычнай сыстэме так і было б, але не ва ўмовах постсавецкай краіны Ўсходняй Эўропы. Нават пасьля магчымага прыходу да ўлады дэмакратычнай апазыцыі краіне спатрэбяцца дзесяцігодзьдзі, каб збудаваць дэмакратычную сыстэму і пазбыцца спадчыны старога рэжыму. Таму антыдэмакратычныя эксцэсы з боку дзяржаўных органаў будуць працягвацца і пасьля фармальнай перамогі дэмакратаў.

Выйсьце ў асымэтрычным падыходзе. Перамога не ў заняцьці кабінэтаў, бо проста займаючы іх, дэмакраты пачнуць граць паводле чужых правілаў, у навязанай рэжымам сыстэме каардынатаў ды прайграюць. Гэта будзе нават не гульня ў чужых правілах, а танцы пад чужую дудку.

Трэба зьмяняць правілы і сыстэму каардынатаў. Сёньняшні прыярытэт – разбудова грамадзтва, свайго грамадзтва. Узорам служаць імігранты, што стварылі ў Нямеччыне ды іншых краінах Заходняй Эўропы сваё паралельнае грамадзтва. Яно выклікае праклёны тубыльнага насельніцтва і спэцслужбаў, але дазваляе людзям захаваць нацыянальную годнасьць. На сёньня выйсьце для нацыянальна-дэмакратычнага руху акурат у гэтым.

Калі дзяржава і ўлада не прызнаюць нашых правоў у сваіх рамках, варта будаваць уласныя рамкі. Гэта шмат у чым дазволіць пазьбегнуць бясплённага гвалтоўнага процістаяньня, бо працаваць дэмакраты і рэжым будуць у розных плашчынях. Нефармальныя задзіночаньні людзей і перасьледаваць куды цяжэй, чым незарэгістраваныя (і пагатоў зарэгістраваныя!) арганізацыі. Бо перасьледнікам няясна, пра што ўвогуле ідзецца, хто да іх належыць, у чым іх вінаваціць. Вядома, гэта ня дасьць «карцінак» для Сі-Эн-Эн, але дазволіць рэальна зьмяніць грамадзтва і краіну.

Міжнародных нормаў не існуе

Трэба адмовіцца ад спадзяваньняў на цяперашнюю Рэспубліку (я маю на ўвазе палітычную адзінку, а не незалежнасьць). Рэспубліка Беларусь ніколі не адбудуе дэмакратычную беларускую нацыю. Яна будуе крэольскую нацыю, «тоже-белоруссов». Котка ня можа нарадзіць ільва. Замена чыноўнікаў і дэпутатаў ня вырашыць нацыянальна-дэмакратычных заданьняў, бо мэханізм і сыстэма – савецкія. Неабходна нанова пераствараць дзяржаву на новых мадэрных дзяржаўных мэханізмах. Кожная дзяржава адпавядае пэўнаму грамадзтву, а сёньняшняя Рэспубліка ня можа абслугоўваць разьвіцьцё іншага, несавецкага грамадзтва ў прынцыпе.

Кажучы пра адмову ад спадзяваньняў на гэтую Рэспубліку, я кажу ня толькі пра абстрактную адмову ад летуценьняў, але і, напрыклад, пра марныя спробы перасьледаваць прадстаўнікоў цяперашняга рэжыму паводле законаў гэтага самага рэжыму. Нацдэмы палоненыя дзьвюма аблудамі.

Першая: аб беззаконьні рэжыму. Беларускі рэжым усё ж не афрыканскага кшталту, свае законы ён выконвае, і гэтыя законы зафіксаваныя пісьмова, таму казаць пра беззаконьні не выпадае. Трэба разумець зьменлівую сутнасьць закону як панятку. Можна рабіць жахлівыя рэчы законна, калі толькі своечасова паклапаціцца пра адпаведную нарматворчую дзейнасьць. Беларускі рэжым выконвае свае законы. Як выконваў, напрыклад, гітлераўскі рэжым свае «Нюрнбэрскія законы», скіраваныя на вынішчэньне жыдоў. Дык вось, кажучы пра законнасьць, варта не зьвяртацца да сумленьня чыноўнікаў, каб прымусіць іх да абстрактнага выкананьня законаў, а зазначаць, што пэўныя законы, напрыклад, не адпавядаюць правам чалавека, нацыянальным інтарэсам і ўвогуле нашым уяўленьням пра тое, якімі яны павінны быць. І таму яны павінны быць зьмененыя.

Другая аблуда: перакананьне ў існаваньні міжнародных і эўрапейскіх стандартаў – дэмакратыі, юрыспрудэнцыі і г.д. Няма такіх стандартаў. Ёсьць пэўныя нормы ЭЗ, ААН і мноства іншых інстанцыяў, але «стандартаў» няма, і казаць пра неадпаведнасьць рэжыму міжнародным стандартам досыць дзіўна. Казаць ізноў жа трэба пра неадпаведнасьць рэжыму нацыянальным інтарэсам беларусаў, разьвіцьця краіны і г.д. Гучыць пераканаўча і больш лягічна.

РБ – толькі этап

Беларуская нацыя адродзіцца па-за дзяржавай, а пасьля ўжо разбудуе свае дзяржаўныя структуры. Нацыю можна збудаваць па-за дзяржаўнымі рамкамі, і ў сьвеце мноства прыкладаў таго, як ва ўмовах паралельных грамадзтваў паўставалі нацыі. Паралельнае грамадзтва можа вытрымліваць самы жорсткі ціск. Калі ж яно дасягне пэўнага роўню разьвіцьця – вось тады беларускае грамадзтва зможа вызначыцца з сваімі дзяржаўнымі формамі.

Пераняць дзяржаўную ўладу сёньня – значыць зьмяніць імя кіраўніка на шыльдзе. Павінна паўстаць новая сыстэма дзяржаўнага кіраваньня. Яна будзе вынікам эвалюцыі грамадзтва, а не эвалюцыя грамадзтва будзе вынікам намаганьняў «нашай» дзяржавы. Формула такая: ад грамадзтва да дзяржавы. Калі наадварот – мы атрымаем крэольскую нацыю ў стылі Лукашэнкі.

Пры гэтым, вядома, я не кажу пра самаізаляцыю і сыход у гета нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Актыўнае змаганьне іх павінна працягвацца. Але звычайныя палітычныя камбінацыі не дазволяць ім перамагчы. І яшчэ, нават пасьля фармальнай перамогі дэмакратаў на выбарах, агучаныя гэтта тэзы захоўваюць сваю слушнасьць. Кажучы пра выхад з звычайных рамак палітыкі, накіраванай на замену «кепскіх хлопцаў» у вярхах на «добрых», я маю на ўвазе НЕАТАЯСАМЛіваНЬНЕ сябе зь цяперашняй Рэспублікай і яе сыстэмай увогуле. Але пры тым, безумоўна, варта імкнуцца заняць пасады ў гэтай дзяржаве і пераняць уладу ў ёй. Бо акурат такім чынам нацдэмы і атрымаюць магчымасьць перастварыць дзяржаву. Рэспубліка Беларусь – толькі пачатковы этап у разьвіцьці нашай нацыянальнай дзяржаўнасьці. Мець зь ёй справы трэба, але памятаючы аб яе савецкай прыродзе і генэзісе.

Made in нянаша

У цяжкіх умовах, пад ціскам апанэнта заўжды ёсьць спакуса пачаць прымаць умовы, якія яшчэ ўчора здаваліся немагчымымі, зьмірыцца зь непазьбежным і нават шукаць у тым уцеху. Ці ня ёсьць цяперашні прэзыдэнт насамрэч «неапазнаным» нацыянальным правадыром? – ужо разважаюць некаторыя палітыкі. Паяднацца з рэжымам і прыняць яго праект савецкай Беларусі – вось сэнс прапановаў сп.Фядуты, высунутых пару месяцаў таму. Між тым прэзыдэнцкі праект і праект нацыянальнага адраджэньня і нацыянальнага руху фундамэнтальна розныя. Да таго ж сілы цяперашняга рэжыму нашмат большыя, чымся нацыянальнага руху, які будзе задушаны ў гэтым хаўрусе. Для нацыянальнага руху важна захоўваць маральную перавагу і не далучацца да сумнеўных палітычных камбінацыяў. Першым прынцыпам павінна быць адстойваньне свайго праекту беларускай Беларусі. Будаваць яе будзем усе, у тым ліку і прадстаўнікі рэжыму. Але толькі пасьля таго, як яны сапраўды прымуць НАШ праект.

Хрысьціянства і нацыяналізм

Маральная перавага важная для нацыянальна-дэмакратычнага руху і з прагматычных меркаваньняў. Шмат гаворыцца аб палітычных тэхналёгіях, якімі павінны скарыстацца нацыянал-дэмакраты, каб перамагчы. Але ў тэхналягічным пляне заўжды выйграе дзяржава, бо яна можа дазволіць сабе наймаць падрыхтаваных штатных чыноўнікаў, што, карыстаючыся магчымасьцямі дзяржапарату і яго рэсурсамі поўны працоўны дзень, у тэхналягічным пляне ЗАЎСЁДЫ абыдуць дэмакратаў, якія працуюць бяз сталага фінансаваньня і час ад часу. Таму для нацыянал-дэмакратычнага руху такімі важнымі ёсьць акурат маральныя каштоўнасьці. Каштоўнасьці, а не тэхналёгіі дазволяць стварыць беларускую Беларусь. Гэта – тое, што мы баронім, гэта тое, чым мы баронімся. Дэмакратычная Беларусь будзе створаная сіламі, якія цьвёрда прытрымліваюцца арыентацыі на такія каштоўнасьці. Я маю на ўвазе перадусім хрысьціянаў ды нацыяналістаў (у дакладным значэньні гэтых словаў). Пытаньне маральнасьці, што мае першаснае значэньне для хрысьціянскага і нацыяналістычнага рухаў, ператварае гэтыя рухі ў носьбіты і рухавікі пераменаў. На гэта цяпер ня могуць прэтэндаваць ні лібэралы, ні якая іншая сіла.

* * *

Зянон Пазьняк слушна кажа: «На сёньняшні дзень Беларусь, фактычна, апынулася без нацыянальнай палітычнай альтэрнатывы». Альтэрнатыва павінна паўстаць як альтэрнатыўная сыстэма, а ня спроба перапраграмаваць старую сыстэму.

Маладэчна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0