Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры 4 лютага ў 18 30 запрашае на адкрыццё выставы мініяцюрных выданняў «Дзівосы на далонях» з калекцыі Яўгена Ксеневіча і фондаў музея.

Пачатак збіральніцтва рукапісаў і кніг у нашай краіне адносяць да ХVІ ст. У другой палове ХХ ст. узнікла новая галіна збіральніцтва, якая пазней стала шырока вядома як рух аматараў мініяцюрнай кнігі.

Мініяцюрная кніга Беларусі мае сваю гісторыю. Першыя такія кнігі з’явіліся ў нашай краіне ў 17‑18 стст.: Малітваслоў (Магілёў, 1695), Святцы (Супрасль, 1786). Прыкладна толькі адна са 100 000 кніг выдаецца ў мініяцюрным фармаце. Такія кнігі з’яўляюцца вельмі рэдкімі. Мініяцюрныя выданні заўсёды выклікаюць цікавасць сваім памерам, зручнасцю ў карыстанні і змястоўнасцю.

На выставе прадстаўлены кнігі самай рознай тэматыкі:

зборнікі сусветна вядомых паэтаў і празаікаў розных часоў, пачынаючы з эпохі Сярэднявечча, шматлікія даведнікі і энцыклапедыі, якія змяшчаюцца ў кішэні, гумарыстычныя выданні.

Асобны раздзел прадстаўляюць мініяцюры пра Беларусь, зборнікі твораў класікаў нашай літаратуры, каштоўнасці духоўнай спадчыны, а таксама эксклюзіўная калекцыя мініяцюрных выданняў твораў Сяргея Ясеніна.

Выстава прысвячаецца 520‑годдзю з дня нараджэння першадрукара і асветніка Ф. Скарыны. Сярод запрошаных на мерапрыемства — мастакі кнігі, бібліятэкары, выдаўцы, музейныя супрацоўнікі.

Мінск, Траецкае прадмесце, вул. М. Багдановіча, 15.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?