Галоўнае рэзюмэ скандалу вакол дзяўчынкі, якую ў Берасьці ў адной моладзевай патрыятычнай арганізацыі фактычна «прадалі» ў Анапу: не навучыліся мы яшчэ гандляваць людзьмі па-патрыятычнаму. У ідэале трэба так. Фэльетон Лёліка Ушкіна.
Офіс РСМБ
Кліент: Добры дзень! Тут прадаецца жывая славянская шафа? Я не памыліўся з паролем?
Апаратчык: Усё правільна. Вы прыехалі ад Івана Іванавіча, нашага даўняга кліента з Анапы?
Кліент: Так! Ён мне распавядаў пра вас столькі добрага...
Апаратчык: Як кажуць, шмат працуем, мала сьпім, намагаемся стварыць моду на патрыятызм.
Кліент: Я вырашыў зьвярнуцца
да вас па той самай праблеме.
Я – дырэктар Мужчынскага клюбу, і мне патрэбныя стрыптызэршы.
Апаратчык: Вы памыліліся дзьвярыма. Гэта не прытон «коза-ностры», а служба працаўладкаваньня моладзі пры Саюзе патрыятычнай моладзі. Ніякіх стрыптызэршаў у нас няма.
Кліент: А хто ёсьць?
Апаратчык: Выхаванкі харэаграфічных гурткоў пры структурах РСМБ, чыя творчасьць – жывая ілюстрацыя пасьлядоўнай працы дзяржавы з таленавітай моладзьдзю.
Кліент: О! Бяру пяць штук. Будуць
у мяне гэтую палітыку на сталах
у адных купальніках пасьлядоўна ілюстраваць.
Апаратчык: Чакайце. Адной з умоваў кантракту будзе ўключэньне ў рэпэртуар музычна-харэаграфічных нумароў, якія будуць уздымаць патрыятычны дух камбайнэраў у часе ўборачнай.
Кліент: Можна паглядзець аркуш? «Квітней, Беларусь»? «Слухай бацьку», ОК! Колькі я вам вінны?
Апаратчык: Пачакайце, у нас вельмі-вельмі таленавітая моладзь, і я ўпэўнены, што нехта
з наведнікаў Клюбу пажадае
ў больш інтымнай атмасфэры ацаніць прыгажосьць духоўна-маральнага сьвету пасланіц нашай рэспублікі.
Кліент: Натуральна!
Апаратчык: Дык вось, каб сярод гэтых аматараў духоўнасьці не было дыпляматаў Латвіі і Чэхіі.
Мы не дазволім ніякай галубізны.
Кліент: Гарантую.
Апаратчык: Цяпер скажыце: дзе будуць жыць танцоркі?
Кліент: У іх будзе свая камфартабэльная студыя, былая кладоўка памерам тры на тры.
Апаратчык: Яшчэ адна ўмова:
на сьценах мусяць вісець партрэт, «капуста» і сьцяг. У нас ёсьць сымбалі, якімі трэба ганарыцца!
І ня думайце проста выразаць «бацьку» з газэты. Набудзьце стандартнага, мэтар на два ў рамачцы.
Кліент: Гэта ўсё?
Апаратчык: Амаль. На ўвесь пэрыяд працы ў вас дзяўчаты павінны выпісаць «СаўБелію».
І амаль забыўся – вітаньні Іван Іванавічу.
Кліент (сыходзячы): ...ня брэшуць беларускія білборды: «За апошняе стагодзьдзе рабства ня стала гуманьнейшым ні на ёту».