Вольны час – найбольшая пагроза таталітарызму.

Піша гісторык Алег Дзярновіч.

Фэдэрацыя суседзтваў

Шляхецкае грамадзтва Вялікага Княства, дый Рэчы Паспалітай увогуле, у XVI–XVIII ст. было своеасаблівай фэдэрацыяй суседзтваў. Прасторавая структура краю ўяўляла сабою мноства ізаляваных лякальных супольнасьцяў. У такіх умовах наладжваньне бяседаў – збору гасьцей дзеля пачастунку і гутаркі – выконвала важную інтэгральную функцыю. Зьнітоўвала ў адзіны арганізм размаітыя кланы, характары, інтарэсы ды забясьпечвала паміж імі сталыя камунікацыі. Сьцьвярджалася: «Не купляй маёнтак, а купляй суседа!» Што важна: у часы, калі грамадзтва было арганізавана паводле прынцыпаў мужчынскіх саюзаў (войска, сойм, царква, унівэрсытэт, карчма), на бяседы зьбіраліся сем’ямі, і гэтым самым да публічнага жыцьця, хаця б у такой форме, далучалася яшчэ адна палова насельнікаў краю – жанчыны.

Госць у дом – Бог у дом

Праз тое, што падобныя бяседы былі настолькі істотныя для супольнасьці, узьнік культ госьця. Старая прымаўка сьцьвярджала: «Госьць у дом – Бог у дом!» Уявім сабе тагачасны шляхецкі двор зь вялікай сям’ёй, дзе жыло супольна некалькі пакаленьняў, калі не лічыць далёкіх крэўных, кліентаў, служкаў. У гэтым шумным асяродку, дзе людзі вымушаны працяглы пэрыяд суіснаваць, павінны былі выпрацавацца таварыскія мадэлі арганізацыі зносінаў ды запаўненьня часу, які, што звыкла на вёсцы, цягнуўся павольна. У доўгія зімовыя вечары людзі зьбіраліся разам, размаўлялі, выпівалі, бавілі час, пільнуючыся адпаведных формаў ды звычаяў. Можна зразумець радасьць гэтай грамады, калі манатоннасьць жыцьця перапыняў госьць, які прыносіў навіны ды лёгкую бадзёрасьць для забаваў. Для прыбылага шырока адчыняліся брама і сэрцы.

Візыты больш ці менш афіцыйнага характару мелі складаны цырыманіял: неабходна было вытрымаць пэўныя фармальнасьці, каб не парушыць традыцыю прыёму і не пакрыўдзіць госьця. Найперш трэба было чакаць ды прывітаць госьця на ганку дому. Экіпаж павольна ўяжджаў на падворак, каб даць гаспадарам адпаведны час на падрыхтоўку да вітаньня. Гасьцей урачыста ўводзілі ў пакоі, прычым гаспадар запрашаў госьця, а гаспадыня – ягоную жонку. «Не абышлося без камплімэнтаў, без цырымоніяў ля дзьвярэй і пры заняцьці месца, калі сядалі», – прыгадваў мэмуарыст. Пад уплывам школьнай рыторыкі ўтварыўся пэўны стыль такіх прамоваў. Недастаткова было сказаць штосьці сутнасна і каротка – неабходна было скласьці цэлую прамову, падчас якой патрабавалася стаяць, ухвалялася выкарыстаньне жэстаў і спэцыяльнай, пажадана лацінскай, фразэалёгіі.

Пацалункі сяброў

Адметнасьцю таварыскіх прывітаньняў на нашых землях часта былі пацалункі. Звычай гэты быў невядомы на Захадзе, і пры пашырэньні ў XVI cт. італьянскага этыкету пацалункі пры сустрэчы сталі выходзіць з ужытку. Знаны паэт XVII cт., нашчадак старажытнага пінскага баярства Ян Пратасовіч такім чынам характарызаваў сытуацыю: «Сёньня гэты звычай амаль зьнік у Польшчы, але яшчэ захаваўся толькі сярод прастакоў на Русі» (тут, вядома, меліся на ўвазе беларускія і ўкраінскія землі). Барочная эстэтыка зноў вярнула гэтую традыцыю. І ня толькі ў Вялікае Княства – вядомы цяпер так званы францускі пацалунак ёсьць рэмінісцэнцыяй гэтай станавай адзнакі таварыскасьці.

Абед без накрыцьця

Гасьцінны стол мусіў быць накрыты абрусам – няветлівым лічылася частаваць госьця за ненакрытым стала. Падобны казус здарыўся ў Маскве з пасламі ВКЛ: іх паклікалі на абед да стала без пакрыцьця... Інцыдэнт быў даволі хутка вычарпаны – крамлёўскія адміністратары распарадзіліся прынесьці абрус.

Асноўны ж час прыёму праводзіўся пры стале. Прыбылага належала павітаць келіхам, а потым запрасіць на абед ці вячэру. Было недапушчальным і ў думках, каб госьць ад’ехаў, не прысеўшы да стала. Нават калі гэты чалавек быў зусім чужы. Ежы не бракавала, апэтыты былі някепскія. Пры стале разьвязваліся языкі, а афіцыйна-напышлівы стыль прывітаньня зьмяняўся таварыскай гутаркай, весялосьцю, забавамі. Келіхі, якія пад канец абеду пачыналі часьцей курсаваць, бадзёрылі кампанію. Менавіта тады ўтваралася прастора для навінаў, аповедаў пра вайну і палітычнае жыцьцё, для прыцягненьня прыхільнікаў, для ўладкаваньня розных справаў, прыватных ці публічных. Натуральна, мусіў быў утварыцца спэцыяльны рытуал бяседаў – у ежы і пітве абмежаваньняў не існавала, але ўдзельнік застольля мусіў заставацца «палітыкам» – гэта значыць чалавекам, што ўмее адпаведным чынам трымацца і не губляць над сабою кантролю. Хоць падчас самога абеду звычайна пілі піва, а ўжо пад канец прыносілі віно ды наліўкі – і тут пачыналася сапраўдная выпіўка. XVI ст. было ў гэтым сэнсе даволі стрыманае.

Таварыскае жыццё

Але паступова, з памяншэньнем культурных матывацыяў, з-за разбурэньня краю войнамі, з ростам заможнасьці простага шляхціца, які сплаўляў збожжа да Рыгі і Гданьску, зьявілася п’янства. У якасьці адмоўнага прыкладу сатырыкі і рэлігійныя маралісты XVII ст. падавалі Радзівілаў – маўляў, зь пераходам у пратэстанцва яны набылі іншыя моды, пачалі выпіваць ды прызвычаілі да гэтага іншых сэнатараў, а зь іх ужо і шляхта брала прыклад. Пік п’янства прыпаў на «саксонскія часы» (канец XVII – першая палова XVIII ст.). У Вялікім Княстве пілі болей, чым, напрыклад, у Малой Польшчы. Хіба што за Станіславам Аўгустам у другой палове XVIII ст. надышло працьверазеньне. Каб усё ж паўстрымліваць шкодную звычку, цырыманіял бяседаў усё больш ускладняўся, ад удзельнікаў патрабавалася актыўнасьць. Прамаўленьне тостаў усімі прысутнымі стала абавязковым.

Жыцьцё ў даўняй Беларусі і Літве было вельмі таварыскае. Мэмуары XVI–XVIII ст. паказваюць нам карціны таго, як супольна сілкаваліся і выпівалі, раіліся і маліліся, разам бавілі час і працавалі. Ва ўсёй гэтай сыстэме ўзаемадачыненьняў бяседы рытуалізоўвалі, акультурвалі размаітыя кантакты, стрымлівалі заганныя звычкі і, часам, гасілі адмоўныя эмоцыі.

Індустрыяльныя вакацыі

Індустрыяльны працоўны тыдзень у Беларусі эвалюцыянаваў ад 70-гадзіннага ў пачатку ХХ ст. да 40-гадзіннага ў другой палове ХХ – пачатку ХХІ ст. Сацыялёгія разглядае вольны час ня проста як непрацоўны альбо як час для адпачынку. Вольны час – гэта непрацоўны час мінус час, неабходны на вядзеньне хатняе гаспадаркі, на сон і г.д. Значная рэзэрва вольнага часу сталася фэномэнам ХХ ст. Над ягонымі функцыямі задумаліся яшчэ ў ХІХ ст. Карл Маркс называў вольны час найвялікшым багацьцем, маючы на ўвазе яго патэнцыял для грамадзтва. Дагматычныя пасьлядоўнікі марксізму ўспрынялі гэтую тэзу як папярэджаньне пра пагрозу. Усе таталітарныя рэжымы ХХ ст. імкнуліся штучна абмежаваць вольны час – ня толькі працай, але і ідэалягічнымі мерапрыемствамі. Лічылася небясьпечным пакідаць чалавека самому сабе, а тым больш дазваляць незалежныя грамадзкія камунікацыі і аб’яднаньні. Менавіта таму, калі ў СССР закончыўся пэрыяд масавага тэрору, адной з галоўных тэмаў даносаў у партыйныя органы і КГБ сталі сяброўскія бяседы – хто зьбіраўся, якія анэкдоты расказвалі, што крытыкавалі...

Адзін з такіх эпізодаў апісаны ў сучаснай беларускай мэмуарыстыцы. Гаворка вядзецца пра своеасаблівы гурток, што склаўся на менскай кватэры пісьменьніцы Лідзіі Вакулоўскай, дзе рэгулярна зьбiралася вальнадумная iнтэлiгенцыя. У сваіх успамінах Валянцін Тарас назваў гэтую кампанію «занадта вялікай і стракатай». Як высьветлiлася пазьней, у клюб пранiкла пазаштатны агент КГБ Зоя Б. Зь лістапада 1967 г. пачаліся перасьледы гаспадыні кватэры – яна трапіла пад цэнзурныя абмежаваньні, раскручвалася «справа Вакулоўскай». Пётар Машэраў, выступаючы на партактыве, з гэтай нагоды заявiў, што «кампэтэнтныя органы ўскрылi антысавецкi нарыў», а «з асобамi, якiя рэгулярна наведвалi кватэру сябра Саюзу пiсьменьнiкаў Л.А.Вакулоўскай, дзе сыстэматычна ладзіліся п’янкi ды вялiся злосныя антысавецкiя размовы», пачалi праводзiцца «прафiляктычныя гутаркі».

Гараджане гуляюць ў вяскоўцаў

Сёньня адпачынак ахоплівае сабою тыя забавы, што некалі былі заняткамі дзеля здабычы жыцьцёвых сродкаў – рыбалоўства, паляваньне, зьбіраньне грыбоў і г.д. Жыцьцё падчас вакацыяў пераўтвараецца ў вялікую забаву: гараджане гуляюцца ў вяскоўцаў, горцаў, рыбакоў, жыхароў лесу... Вельмі вялікая ўмоўнасьць прысутнічае і ў турыстыцы. Гід фармуе для турыста навакольны сьвет, пазьбягаючы рэальнага жыцьця, хіба што яно «маляўнічае» – гэта значыць, пасьля вяртаньня яно набывае статус вобразу. Турыст носіць з сабою фотаапарат і ў скрайніх выпадках займаецца больш фатаграфаваньнем, чымсі сузіраньнем. Гульня ўвогуле ёсьць неад’емнай часткай натуры чалавека.

Але ад старажытных формаў арганізацыі часу і кантактаў нам яшчэ засталася бяседа. Варта не губляць пачуцьця аўтэнтыкі і захаваць гэтую праяву ўласнага сувэрэнітэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0