Суд над удзельнікамі бязлітаснай злачыннай групоўкі праходзіў у Гомелі.

Судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда 5 лютага пасля дзевяці месяцаў слуханняў аб’явіла прыгавор у дачыненні да кіраўнікоў злачыннай групоўкі «пажарнікі».

Тры жыхары Гомеля, якія абвінавачваюцца ў стварэнні злачыннай арганізацыі і кіраўніцтве ёй, а таксама ва ўчыненні шэрагу цяжкіх злачынстваў: нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, вымаганнях, крадзяжах, рабаваннях, махлярстве, адмыванні грошай, выкраданні чалавека, прыгавораны да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення з канфіскацыяй маёмасці:

два — да 19 гадоў пазбаўлення волі, адзін — да 17.

Дзяржабвінавачанне патрабавала пакаранне на год большае кожнаму.

Абвінавачаным інкрымінаваліся злачынствы больш чым па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Крымінальная справа склала 72 тамы.

Абвінавачваныя былі затрыманы восенню 2006 года ў Маскве. Па справе, якая слухалася ў закрытым рэжыме, праходзіла больш за 100 пацярпелых і больш як 200 сведак, у дачыненні да якіх прымаліся беспрэцэдэнтныя меры бяспекі: іх заводзілі ў залу ў спецыяльных масках і падчас апытання выкарыстоўвалі спецыяльныя сродкі для змянення голасу. Сведкі давалі паказанні з іншага пакоя. Гэта было звязана з тым, што некаторыя ўдзельнікі злачыннай групоўкі ўжо адбылі пакаранне і выйшлі на волю.

Прысуд можа быць абскарджаны на працягу 10 дзён. Дзяржабвінаваўца заявіў журналістам, што працяглыя тэрміны пакарання абумоўлены цяжкасцю злачынстваў, большасць з якіх учынена з карыслівых меркаванняў. Суд таксама абавязаў абвінавачваных пакрыць маральную і матэрыяльную шкоду пацярпелым. Сума маральнай шкоды даходзіць да 13 млн., сума матэрыяльнай — да 97 млн. У кошт пакрыцця шкоды будзе накіравана маёмасць абвінавачваных.

Судовы працэс пачаўся 24 сакавіка 2009 года.

Расследаванне праводзіў аддзел па важнейшых справах пракуратуры Гомельскай вобласці.

Затрыманыя ў Маскве ўдзельнікі злачыннай групоўкі былі экстрадаваны ў Гомель у 2008 годзе і змешчаны ў СІЗА.

Злачынная групоўка была створана ў сярэдзіне 1990‑х гадоў і праіснавала на тэрыторыі вобласці больш за 10 гадоў. Удзельнікі групоўкі займаліся вымаганнем на Цэнтральным рынку і ў іншых гандлёвых кропках, кантралявалі «валютчыкаў», прастытутак, таксістаў.

У чэрвені 2008 года Гомельскі абласны суд прызнаў шэсць гамяльчан вінаватымі ў стварэнні злачыннай арганізацыі і кіраўніцтве ёю, удзеле ў вымаганнях, рабаваннях, махлярстве, прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам, які пацягнуў смерць двух чалавек па неасцярожнасці. Мінімальнае пакаранне — дзевяць гадоў і адзін месяц пазбаўлення волі — атрымаў удзельнік злачыннай арганізацыі, максімальнае — 15 гадоў і 15 гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі — прызначана асобам, прызнаным судом лідэрамі групоўкі.

У 2006—2007 гадах абласны суд вынес абвінавачанне 46 удзельнікам групоўкі «пажарнікі».

Мінімальным пакараннем для ўдзельнікаў банды было прызначана пазбаўленне волі на тры гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?