На польскай мяжы

Некаторыя аддаюць перавагу нетрадыцыйным спосабам перасячэньня мяжы. Два эгіпцяніны чакаюць у Расеі суду за спробу незаконнага пераходу мяжы з Украінай. Падчас сваіх памежных прыгодаў ім удалося пракапаць тунэль пад беларуска-польскай мяжой ражком для абутку і перабрацца ў Эўропу – праўда, ненадоўга.

Заходняя мяжа Беларусі на многія кілямэтры аблытаная калючым дротам, пазастаўляная памежнымі вышкамі, абсталяваная аўтаматычнымі сырэнамі ды магутнымі пражэктарамі. Проста так яе не перайсьці, калі, вядома вы не патэнцыйны эмігрант у роспачы ды шчэ з ражком для абутку ў руцэ.

Два эгіпцяніны, кожнаму зь якіх крыху за 20 гадоў, некалькі месяцаў назад прыехалі ў Маскву па турыстычных візах. У расейскай сталіцы яны селі на цягнік да Менску, а адтуль аўтаспынам дабраліся да польскай мяжы, падкраліся ўсутыч да драцяных загародаў і пачалі капаць.

Паводле вэрсіі расейскай пракуратуры, эгіпцяне ня сталі шукаць лёгкіх шляхоў і купляць рыдлёўку, бо думалі, што гэтай рыдлёўкай выдадуць сябе. Яны купілі ражок для абутку.

Заблукалі…

Пасьля некалькіх гадзінаў напружанай працы тунэль быў гатовы – дастатковай шырыні для таго, каб нятоўсты чалавек мог праплішчыцца пад калючым дротам і апынуцца ў Эўропе.

На польскай тэрыторыі недалужныя імігранты зьбіліся з дарогі ды зноў наткнуліся на калючы дрот. Эгіпцяне падумалі, што гэта ўжо нямецкая мяжа, і з дапамогаю апрабаванага ў справе ражка, апынуліся на тым баку.

Аднак гэта была зусім не Нямеччына, а ўсё тая ж Беларусь, якую яны ня гэтак даўно пакінулі. Іх адразу ж затрымалі беларускія памежнікі. Абодва парушальнікі мяжы атрымалі 10 сутак арышту. Але і гэта не спыніла эгіпцянаў у іхным імкненьні ў Эўропу.

«Кепскі анэкдот»

Пасьля вызваленьня іх пасадзілі на цягнік да Масквы, аднак эгіпцяне сышлі задоўга да расейскай сталіцы і вырашылі паспрабаваць іншы маршрут – праз украінскую мяжу. Але фартуна ім зноў здрадзіла – расейскія памежнікі затрымалі эгіпцянаў яшчэ на падыходзе да ўкраінскай мяжы.

«Уся гэтая гісторыя нагадвае кепскі анэкдот», - заявіў Бі-бі-сі Яўгені Пятроў у бранскай абласной пракуратуры. – Мы старанна праверылі ўсе абставіны і, выглядае, гэта праўда! Мушу адзначыць, што гэта самы фантастычны спосаб незаконнага пераходу мяжы, зь якім мы калі-небудзь сутыкаліся», - дадаў ён.

Да суду эгіпцяне застануцца пад вартай. Калі іх прызнаюць вінаватымі, то ім пагражае штраф і высылка з Расеі ў Эгіпэт. У такім разе міліцыянты адвязуць іх проста на пасадку ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева»

BBC

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0