Мне не балюча (Мне не больно).
Расея, 2006, каляровы, 104 хв., рэж. Аляксей Балабанаў.
Жанр: мэлядрама.
Адзнака: 7,5 (з 10).
Аляксей Балабанаў – прарок патаемных жаданьняў расейскае публікі і ейных самых глыбінных комплексаў. Перабудовачная калатнеча адбівалася ў фільмах паводле Кафкі й Бэкета, ксэнафобскі «Брат» папярэднічаў пуцінскай эпосе, імпэрскі патрыятызм «кіраванае дэмакратыі» знайшоў сваё месца ў «Вайне». Дасьціпная мэлядрама «Мне не балюча» прадказвае новае разьвітаньне.
Утрыманка новага расейца Натэла спакусіла маладзенькага дызайнэра Мішу. Міша закахаўся ў Натэлу па самыя вушы, але ў гераіні ёсьць свая балючая тайна.
Балабанаў ламае імпэрска-бравурную традыцыю й адыходзіць ад бяздумна-фальшывых мэлядрамаў «нафтавага» часу. Героі карціны не макеты «шчасьця», а жывыя людзі. Пакутліва-дзіўная Рэната Літвінава ў ролі Натэлы, клапатлівы Аляксандар Яцэнка (Міша) і нават «новы расеец» Міхалкоў – шчымліва-разгублены. А коснаязыкая архітэктарка (Інга Аболдзіна-Стралкова) і лірычны Дзьмітры Дзюжаў – гэта адмысловыя трукі.
Кожны з герояў нешта губляе, бо гераіня сыходзіць. Дзіўная Натэла губляе жыцьцё – і Рэната Літвінава не баіцца падацца страшнаю, парцалянавай. Архітэктарка губляе Радзіму, герой Міша – каханую. Усе разам губляюць супольны лёс – і ён ужо ня будзе цукерна-фальшывым дый палітычна адлякаваным.
Але нам не балюча. Карціна неверагодна сьветлая й пранізьлівая. Густоўна падабраная закадравая музыка, праўдзівая акторская гульня ды інтанацыі новага разьвітаньня – для новай і невядомай сустрэчы.