Хуткае 600-годдзе Грунвальду не абмінае і музычныя колы. Выйшла кружэлка, пад вокладкай якой сабраныя арыгінальныя сярэднявечныя кампазіцыі ў выкананні маладых беларускіх гуртоў.

Усё ў досыць папулярным у Беларусі стылі «Медыяваль»: старажытныя танцавальныя рытмы пад дуду у выкананні капэлы Testamentum Terrae, сярэднявечныя песні сталых акампаніятараў рыцарскіх фэстаў LitvinTroll'я і «Ліцвінскага хмелю» — гуртоў, падобных назвамі, але розных стылямі рэканструкцыі страдаўняй музыкі. І вядома, колькі вясёлых кельцкіх напеваў, без якіх не абыходзіцца ніводная складанка ў сярэднявечным стылі. Традыцыйныя ірландскія мелодыі для дыску запісаў мінскі гурт Ceilidh Ceol.

Беларускіх мелодыяў на «Mediaval. Музыка сярэднявечных фэстаў» — няма. Але прадусарка кружэлкі і адна з кіраўнічак клуба «Рыцары Вялікага княства» Арына Вележ лічыць, што мелодыі з дыску гучалі ў эпоху Грунвальдскай бітвы на тэрыторыі Беларусі.

«Гэта агульнаеўрапейскі пласт музыкі, які проста не мог абмінуць Вялікае Княства Літоўскае, — кажа Арына Вележ. – Гэты пласт і дагэтуль яднае агульнаеўрапейскае кола прыхільнікаў».

Дадамо толькі, што дыск «Mediеval. Музыка сярэднявечных фэстаў» быў «абкатаны» музыкамі на рыцарскіх і медыявальных фестывалях сучаснай Беларусі. Такіх, як «Лошыцкі фэст», дзе ўдзельнікі не толькі б'юцца на мячах, але і танчаць даўнія танцы. І таму гэты дыск яшчэ — карысны дапаможнік арганізатару сярэднявечных імпрэзаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?