У прэс-службе Аляксандра Мілінкевіча абверглі інфармацыю пра тое, што сын лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Вітаўт Мілінкевіч дэбашырыў у Польшчы.

Інфармацыя пра гэта зьявілася на сайце «Беларуская салідарнасьць», які курыруецца лідэрам КХП-БНФ Зянонам Пазьняком.

У прысьвечаным удзельнікам навучальнай праграмы фонду Каліноўскага артыкуле «Рускія ў Польшчы» (аўтар – Мар’ян Ванькевіч), сярод іншага, сьцьвярджаецца: «...Потым напіўся алькаголю і нахуліганіў сын А. Мілінкевіча (таксама, аказваецца, «рэвалюцыянэр», дарэчы, піў і грубіяніў у Польшчы пастаянна). Гэтага ўжо выгналі...». Поўны тэкст тут: Беларуская салідарнасьць

Артыкул прайшоў бы малазаўважаным, калі б не рэакцыя БТ. 23 жніўня ў вечаровай праграме «Панарама» быў паказаны чарговы сюжэт, прысьвечаны дзейнасьці фонду. У ім цытаваўся згаданы вышэй артыкул. Галоўны сэнс сюжэту – сын А. Мілінкевіча выключаны за дэбош.

Раніцай у чацьвер інфармацыя аб «дэбашыры» распаўсюдзілі беларускія СМІ, будуючы свае артыкулы, у асноўным, на артыкуле Мар’яна Ванькевіча.

«Наша Ніва», каб расставіць усе кропкі, зьвярнулася па камэнтар да прэс-сакратара А. Мілінкевіча Паўла Мажэйкі, які заявіў наступнае:

«Інфармацыя, агучаная БТ і сайтам «Беларуская салідарнасьць», – хлусьня. Вітаўт Мілінкевіч працягвае самастойна ў Польшчы рыхтавацца да паступленьня ў ВНУ».

Як зазначае П. Мажэйка, гэтым летам у Польшчы праходзяць моўныя курсы, на якіх навучаюцца ўдзельнікі праграмы – паколькі навучаньне ў польскіх ВНУ вымагае веданьне мовы.

«Адна з умоваў курсаў – абавязковае наведваньне ўсіх экскурсій і імпрэзаў, што ладзяцца ў розных гарадах Польшчы, – падкрэсьліў Павал Мажэйка. – Адну з такіх экскурсій Вітаўт Мілінкевіч праспаў».

Перад арганізатарамі праграмы, зьвяртае ўвагу прэс-сакратар, паўстала праблема: ці варта ўжываць жорсткія захады ў дачыненьні да сына непасрэднага ініцыятара навучальнай праграмы фонду.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў кіраўнікам праекту наступнае: «Усе ўдзельнікі праграмы мусяць быць у роўных умовах. Так павінна быць, не зважаючы хто чый сваяк».

Як вынік, Вітаўта Мілінкевіча пазбавілі пражываньня ў інтэрнаце, аднак ён працягвае самастойна падрыхтоўку да іспытаў у адзін з польскіх унівэрсытэтаў.

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0