Намеснік старшыні незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Іван Шыла 11 лютага абвясціў імёны лаўрэатаў прэміі «Люблю Беларусь».
Першапачаткова планавалася, што ўручэнне адбудзецца на Дзень святога Валянціна ў гатэлі «Кроўн плаза». Аднак у апошні момант адміністрацыя гасцініцы скасавала дамову на арэнду памяшкання.

«Малады фронт» прыняў рашэнне не ладзіць сёлета святочнай цырымоніі, а ўручыць гэтыя прэміі лаўрэатам прыватна. Такім чынам, прэмію «Люблю Беларусь» атрымаюць.

У намінацыя «Беларусізацыя» прэмію атрымала кампанія «Будзьма», за правядзенне сотняў культурных мерапрыемстваў па ўсёй краіне.

У намінацыі «Pro‑Belarus» адзначаліся замежнікі, якія ўнеслі ўклад у развіццё беларускай культуры. Прэмію атрымаў пасол Швецыі Стэфан Эрыксан.

У журналістыцы «Малады фронт» адзначыў рэдакцыю газеты «Наша Ніва» за якасны беларускамоўны прадукт, цікавы не толькі ў апазіцыйным асяродку.

Культура — прэмію атрымае Мікалай Халезін і «Свабодны тэатр». Палітыка — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Грамадская чыннасць — Міхаіл Пашкевіч за стварэнне кампаніі «За альтэрнатыўную службу». Спорт — футбольны клуб «Тарпеда», фанаты якога беларусізуюць клуб.

У намінацыі «Змагар года» адзначаны палітвязень Арцём Дубскі, які цяпер адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі.
З поўным спісам намінантаў можна азнаёміцца на адмысловым сайце.

Усе лаўрэаты атрымаюць у падарунак статуэткі ў выглядзе зерня, дзе будзе напісаны радок з верша Янкі Купалы «зерне, укінутае ў ніву, усходзіць ды красуе». Прызы выраблялі студэнты Акадэміі мастацтваў.

Іван Шыла заявіў, што прэмія «Люблю Беларусь» стане штогадовай. І падрыхтоўка да новай прэміі пачалася ўжо цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?