11—13 лютага Мінск наведае новы старшыня фонду Конрада Адэнаўэра, былы кіраўнік Еўрапарламента Ханс‑Герт Пётэрынг.

Як паведамляе прэс‑служба фонду, гэта першая замежная паездка Пётэрынга, мэта якой — даць «выразны і ясны сігнал падтрымкі дэмакратычнай апазіцыі краіны».

Напярэдадні ад’езду Пётэрынг заявіў, што «еўрапейцы не могуць дазволіць сабе пакінуць спробы і не падтрымаць дэмакратаў апошняй дыктатуры Еўропы, якіх становіцца ўсё больш».

Каб азнаёміцца з палітычнай і грамадскай сітуацыяй у Беларусі,

Пётэрынг плануе сустрэцца з кіраўніцтвам праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, прадстаўнікамі трэцяга сектара і праваабаронцамі.

«На фоне асцярожнага адкрыцця Беларусі насустрач Еўрасаюзу кіраўнік фонду Адэнаўэра бачыць рэальную магчымасць спрыяць дэмакратызацыі краіны праз пастаянны абмен меркаваннямі і канкрэтныя агульныя захады, а таксама пры падтрымцы тых сіл у адміністрацыі, якія зацікаўлены ў рэформах», — гаворыцца ў паведамленні для прэсы.

У паездцы ў Беларусь Пётэрынга будзе суправаджаць польскі дэпутат, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч.

Варта адзначыць, што нямецкія палітычныя фонды арыентуюцца ў сваёй дзейнасці на палітычную лінію прадстаўленых у бундэстагу партый. Фонд імя Конрада Адэнаўэра блізкі да Хрысціянска‑дэмакратычнага саюза. Пры гэтым фонд фактычна з’яўляецца незалежнай грамадскай арганізацыяй і фінансуецца з бюджэту ФРГ.

Бюро фонду па Беларусі знаходзіцца ў Вільні, яго ўзначальвае Штэфан Малерыус.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?