“Іншага шляху, як адбудоўваць сыстэму” культурных каардынат, гіерархію каштоўнасьцяў, якая існавала ў савецкі час, у нас няма. “Прычым мы не адбудуем яе на ўзор заходніх дэмакратыяў”, бо — аргумэнт чыста лукашэнкаўскі — “мы цалкам пазбаўленыя такога досьведу”, піша Сяргей Дубавец. Гэтая сыстэма адродзіцца, бо ўвесну “пачнецца клясычны таталітарызм”, і “ўсе гэта раптам зразумеюць”. Але менавіта гэты спуск у “цывілізацыйна ніжэйшы жанр” і “дасьць магчымасьць разьвіцьця літаратуры”, якое выразіцца ў росквіце “эзопавай мовы”.
Прагнозаў аб хуткім надыходзе таталітарызму я за сваё кароткае жыцьцё начуўся ад беларускіх літаратараў столькі ж, колькі ад лібэральных эканамістаў — прароцтваў непазьбежнага каляпсу эканомікі ў наступным годзе.
Клясычны таталітарызм — гэта значыць, фашызм, нацызм або сталінізм. Гэткі лад немагчымы ў асобна ўзятай Беларусі. З кучы прычынаў — напрыклад, празь немагчымасьць закрыць межы ці перакрыць інфармацыйныя плыні.
У прынцыпе, таталітарызм у Беларусі магчымы. Але толькі пасьля Расеі. А ці магчымы ён у Расеі, гэта асобнае вялікае пытаньне, і ў кожным разе пэрспэктывы расейскага таталітарызму ніяк не прывязаныя да выніку нашай вясны. Таму прагноз С.Дубаўца наконт таталітарызму ня спраўдзіцца. Пасьля мінулых выбараў краіна перажыла кароткі, але плённы для ўмацаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці пэрыяд лібэралізацыі. Чаму гэта ня можа паўтарыцца? У адрозьненьне ад Дубаўца, ня сьмею быць катэгарычным, але прынамсі ня стаў бы такой магчымасьці выключаць, перадусім у эканамічнай сфэры. Як ня стаў бы і выключаць імавернасьць зьяўленьня некалькіх дзясяткаў палітвязьняў.
Таталітарызму ня будзе. Але дапусьцім, што ён будзе. Тады абсалютна памылковы іншы тэзіс — што таталітарызм дасьць магчымасьць разьвіцца літаратуры. Дарэчы, тут Дубавец ізноў цьвердзіць процілеглае таму, што пісаў раней — у “Ружовым тумане” і інш., аб тым, што літаратура таталітарнага пэрыяду не дала ніводнага вартага твору. Прыпусьцім, што Дубавец мае на ўвазе наступнае: твораў не дала, але кантэкст, “хвалю” стварала.
Цяперашні стан беларускай літаратуры выражаецца ў тым, што яна прадукуе параўнальна малую колькасьць прафэсійных тэкстаў. Гэта мае пад сабой тры прычыны: звужэньне кола спажыўцоў праз русіфікацыю, звужэньне кола аўтараў праз русіфікацыю і скарачэньне датацый на літаратуру, якія ў малых нацыяў кампэнсуюць вузкасьць рынку. Якую з гэтых трох прычынаў скасуе надыход таталітарызму? Для беларускай літаратуры ён меў бы той жа эфэкт, што настойка каліны для пацыента з паніжаным ціскам.
Сыстэма каардынат і гіерархія каштоўнасьцяў, якія існавалі ў беларускай культуры ў савецкі час, былі сапраўды па-свойму цэльнымі. Гэта дасягалася праз сцэнтраванасьць іх на Маскву, скуль прыходзілі моды, уплывы, абэртоны і паўнамёкі. Таму яны і разбурыліся — а не праз рынак ці Лукашэнкаву русіфікацыю, на што ківае С.Дубавец (у сваёй настальгіі па імпэрскіх часах, моцных гаспадарніках на чале Саюзу пісьменьнікаў і г.д. ён пачынае моцна нагадваць Івана Шамякіна). Не разумею, якім чынам гэтую масквацэнтрычную сыстэму можна адбудаваць. Вярнуцца ў каляніяльную залежнасьць складаней, чым увайсьці другі раз у тую ж раку. Дый што ад таго беларускай культуры было б, дай ты гэта зрабіць.
У 1994 годзе С.Дубавец прагназаваў, што Кебіч набярэ больш галасоў за Лукашэнку, а Шушкевіч — за Пазьняка, дзеля таго, што “беларусы ня любяць крайнасьцяў”. У 2001 годзе С.Дубавец спачатку верыў у шанцы Зянона, а пасьля пабачыў у Лукашэнку лацінаамэрыканскага дыктатара. Не за палітычныя прагнозы мы любім С.Дубаўца і не ў палітычнай навуцы ён быў нашым настаўнікам. На гэты раз ён, думаю, і сам рады памыліцца.
Эзопава мова расквітнела толькі ў часы Брэжнева, калі рэжым выраджаўся і стаў непапулярным. Не пры Сталіну і не пры Хрушчову… Была дыктатура — а Эзопавай мовы не разумелі.
У Беларусі трывае і, магчыма, яшчэ доўга будзе трываць дыктатура. Вельмі сучасная дыктатура. Ёсьць у ёй ад Бэрлюсконі і ад Чавэса, ад Пілсудзкага і ад СССРу.
Пакуль існуе вольны Інтэрнэт і незалежныя СМІ, Эзопава мова будзе актам сумленьня — але ня нэрвам жыцьця. Пачытайце “ЛіМ”, “Беларусь сегодня”, ня кажучы пра шчырыя рэгіянальныя газэты. Там “паўсловаў, паўнамёкаў, паўжэстаў” па пяць штонумар. І што? “Міма эпохі”, як выразіўся С.Дубавец. Пакуль Севярынец сядзіць у Сітне, а Халіп ходзіць да сьледчага, Эзопава поза інтэлігента не чапляе. Публіка чакае большага.
Наша лукашэнкаўскае сёньня мне бачыцца не выпадковасьцю, не баршчавіком, прынесеным на ботах прыбалтыйскіх інтэрфронтаўцаў-адстаўнікоў, як выводзіў С.Дубавец у папярэднім эсэ, прысьвечаным угодкам літоўскіх падзеяў 1991-га, а лягічным вынікам нашага машэраўскага ўчора — напрыклад, адсутнасьці дысыдэнцкага руху ў БССР ці структуры нашай эканомікі. Лукашэнка на беларускай савецкай літаратуры выхаваны. Лякалізуючы прычыны лукашызму вонкі Беларусі, як робіць С.Дубавец, мы сутыкаемся зь немагчымасьцю зразумець генэзіс гэтай зьявы.
А зарок таго, што “гэты лад не назаўсёды” бачыцца якраз у тым, што цяпер многія беларусы адкрыта пратэстуюць, а іншыя байкатуюць бэабахтэры рэжыму. Як паўстаньне Каліноўскага, стварэньне “Нашай Нівы” ці абвяшчэньне БНР былі зарокам будучае незалежнасьці Беларусі — якімі б трагічнымі або наадварот камічнымі ні здаваліся б яны сучасьнікам, так сёньняшні ўдзел тысячаў беларусаў у адкрытых акцыях пратэсту, праца ў незалежных мэдыях ці руцінная палітычная дзейнасьць — зарок дабудовы нацыі, якая выразіцца ў стварэньні дэмакратычнай і нацыянальнай дзяржавы. У гэтым адкрытым пратэсьце і ёсьць кантэкст, і “хваля”.
Чакаючы ля мора эпохі, дзяяч культуры прыпадабняецца да таго палітыка, які вечна рыхтуюцца не да гэтых выбараў, а да наступных.
Карціна нацыятварэньня перастае быць такой драматычнай, калі заўважыць, што літаратура перастала адыгрываць у ім ранейшую ролю. У нядаўнім эсэ, прысьвечаным Караткевічу, С.Дубавец выказаў думку, што сёньня такі геній немагчымы. Проста геніяў трэба шукаць у іншым месцы — рок-музыцы, палітычнай, сацыяльнай і рэлігійнай думцы ды інш.
Беларусь перажывае доўгую зіму. Зіма загартоўвае.
…Не магу нават вычарпальна адказаць свайму настаўніку. Рэальнасьць: увесь час ідзе на распаўсюд газэты. У гэтым сэнсе лукашэнкаўцы дабіліся свайго. Мушу здаваць гэты нумар. Працягнем рэфлексіі ў наступным.