Доўгачаканы выступ зорак маладзёвага року – швэдзкага гурту «The Cardigans», а разам зь імі й такі рэдкі ў нашых цяперашніх рэаліях «Оўпэн эір фэстываль» прайшоў амаль бездакорна ў пляне арганізацыі. Праўда, арганізатары мерапрыемства – вытворца чыпсаў «Estrella» – не хавалі незадаволенасьці: афіцыйна было прададзена толькі тры з паловай тысячы квіткоў. Адныя толькі «Камізэлькі» – як перакладаецца з ангельскай назва скандынаўскай рок-каманды, – у любой эўрапейскай сталіцы зьбіраюць утрая большую аўдыторыю. А ў Менску разам зь імі выступалі «Uma2rman», «Город 312», «J:МОРС» ды яшчэ тройка беларускіх гуртоў у дадатак. Арганізатары ад самага пачатку выключылі ўсе магчымасьці нараканьняў на іх, зрабіўшы, па-першае, надзіва буйную й абсалютна нэўтральную прамоцыю падзеі, – дый рэкляма, уласна, была не рок-музыкі, а чыпсаў. Афіцыйна мерапрыемства называлася «Рэклямная акцыя па прасоўваньні на рынку Беларусі вытворчасьці гандлёвае маркі «Estrella». А па-другое, збаяўшыся выпусьціць на сцэну хоць які-кольвек «непажаданы» ў цяперашніх умовах гурт, і вінаваціць іх у гэтым даволі складана: інакш «Star Show» папросту не адбылося б.

Наадварот, вынік такой згодніцкай палітыкі навідавоку: шматгадзінны рок-канцэрт амаль у цэнтры гораду быў дазволены Адміністрацыяй прэзыдэнта, аб чым прысутным неаднаразова не забываліся нагадваць. Сто кіляват гуку, пра якія з такім гонарам казалі арганізатары, адмыслова былі прывезеныя з Масквы, разам з майстрамі, якія за гэтым гукам працавалі. Ня так даўно гітарыст «Ляпісаў» Руслан Уладыка распавядаў мне, што калі ён захацеў прывезьці з Украіны гук яшчэ большай магутнасьці і зладзіць нечуванае дагэтуль рок-мерапрыемства ў сваёй краіне, то сутыкнуўся зь «непаразуменьнем» з боку ўладаў і вымушаны быў адмовіцца ад свае задумы арганізаваць найбуйнейшы ў Беларусі фэст на адкрытым паветры...

Першымі ў якасьці апэрытыву на сцэне зьявіліся «beZ bileta», якія чамусьці самі сябе назвалі пачаткоўцамі. Тым ня менш з парай новых песень публіцы яўна спадабаліся. Троху меншы посьпех мелі Валік Грышко і камандай «Усе» і нэарамантыкі з «Neo».

Потым на сцэну выйшла група, якая стала на апошняй «Рок Каранацыі» «Найлепшай групай году ў Беларусі» з салістам у майцы з Чэ Геварам на грудзёх і армейскіх нагавіцах колеру хакі. Дарэчы, выступоўцаў у вайсковых штанах было ў гэты вечар ажно двое, прычым, калі можна дапусьціць, што Ўладзімер Пугач падгледзеў такі элемэнт канцэртовага строю ў Вольскага, то другі Ўладзімер – Крэстоўскі, саліст гурта «Uma2rman», варта памеркаваць, запазычыў стыль вопраткі ў некага з сваіх, – напрыклад, у Растаргуева... «Морсы» зайгралі старыя гіты й дзьве новыя песьні – «Не умирай» і даведзеную да ладу яшчэ адну беларускамоўную кампазыцыю «Паветра».

Сцэнаў было дзьве, і адразу за беларусамі на сцэне за нумарам 2 зьявіліся ультрапапулярныя зараз у Расеі аўтары песень з апошніх кінагітоў – «Дневной дозор» і «Питер FM» – група «Город 312». Пасьля адной зь песень салістка калектыву пажартавала : «Как хорошо, что у вас тоже есть музыкальные каналы!» ?, сумеўшыся ў адказ на няўхвальную рэакцыю публікі, пакрыўджана дадала: «Кроме своих... На Украине, например, такого нет...» Пад «такім», відаць, меліся на ўвазе залішняя прысутнасьць расейскіх выканаўцаў ды занадта лёгкая для іх дарога ў тэле- і FM-прастору.

Недзе напрыканцы сэту «Гораду 312» я зрабіў яшчэ адно назіраньне. Раней мне здавалася, што відэааматары ў міліцэйскай форме прысутнічаюць толькі на акцыях апазыцыі ды здымаюць выключна мерапрыемствы кшталту «Чарнобыльскага Шляху» ды «Маршаў Свабоды». Якім жа было маё зьдзіўленьне, калі незнарок перавёўшы позірк на пажарную машыну, запаркаваную непадалёк ад сцэны, назіраў наступную карціну. Спачатку нібыта й нічога падазронага – ажно бачу: побач з малойчыкамі з МНС узгрувасьціўся міліцыянт з камэрай у рукох! У мэтах гарантаваньня нашае бясьпекі, кажуць.

Увогуле, правілы што да таго, як трэба паводзіцца ў нас у параўнаньні з такога кшталту мерапрыемствамі ўва Ўкраіне ці ў Расеі даволі жорсткія. Пра іх неаднаразова паведамілі праз гукаўзмацняльнікі яшчэ перад пачаткам канцэрту. Затое й падпітых у параўнаньні з тымі ж Украінай ды Расеяй было значна меней. ? гэта, безумоўна, плюс. Паліць не дазвалялі нават у VIP-зоне, куды квіткі каштавалі – для тых, вядома, хто іх набываў, а не атрымліваў па знаёмствах – ні многа ні мала, 250 тысяч беларускіх рублёў. Калі ўсё шоў ужо падыходзіла да заканчэньня, і ўсе музыкі выйшлі паглядзець на апошніх выступоўцаў – разынку вечару стакгольмскі рок-гурт «The Cardigans» – у мэтры ад мяне да музыкантаў групы «Uma2rman» падышоў супрацоўнік спэцназу, і ня тое каб вельмі ветліва папрасіў затушыць цыгарэты. Я, канешне, таксама за здаровы лад жыцьця, але ў якім тыя былі шоку...

Другі міліцыянт, угледзеўшы, як нехта з фанатаў разгарнуў швэдзкі сьцяг, падышоў да калегі ды падазрона кіўнуў: незарэгістраваная сымболіка? Сяржант, мабыць, больш дасьведчаны ў геральдыцы, усьміхнуўся ды сказаў: «Не, гэта можна...» Адзін мой знаёмца пасьля слова «fucking» у адной зь песень швэдаў пажартаваў: добра, нашыя ворганы кепска разумеюць па-ангельску, а тое ўзьлезьлі б на сцэну ды, чаго добрага, скруцілі госьцікаў... Дарэчы, тое самае вышэйзгаданае амаль што ўжо нарматыўнае ангельскае слова выклікала найбольш жвавую рэакцыю сярод таксама збольшага ня вельмі ангельскамоўнай менскай публікі. Праўда, да таго як група выйшла на біс, – але пра гэта ніжэй...

У астатнім жа ахоўнікі паводзіліся даволі добразычліва, нават значкі «За Свабоду!», здаецца, ні ў кога не адбіралі. Некаторыя нават спагадліва ўсьміхаліся: «Вы ж разумееце, усё гэта часова недазволена... Прыйдзе час, усё будзе добра, тады якія хочаце з сабой сьцягі прыносьце!..» Ну як тут пасьля такога не зрабіцца зацятым аптымістам?! А наконт непасрэдна «часова недазволенае» сымболікі, то, ўлічваючы два кардоны вобшуку, рызыкантаў не знайшлося. Ці то можа проста я не заўважыў...

Што да самога выступу легенды сучаснага року, то апісаць яго можна даволі ляканічна: моцна і стылёва. Адно адчувалася, што нават халодныя скандынавы не зусім разумелі нашу прыродную ціхмянасьць ды нейкую ўнутраную заняволенасьць. Праўду казаўшы, напачатку вакалістку «The Cardigans» гэта крыху бянтэжыла. «Мінск, вы такія ціхія...», – заўважыла яна. А бліжэй да сярэдзіны выступу швэдзкая рок-князёўна нават уд?ла штучнага храпака: маўляў, сьпіцё таварышы... Але на біс усё-ж такі выйшла. ? як! Пасьля апошняй у трэк-лісьце гітовай кампазыцыі «Favourite Day», пад якую нарэшце адрывалася напоўніцу ўся публіка, бо яе ведаў, бадай, кожны прысутны, салістка стакгольмскіх «Камізэлек» разьвітвалася з удзячнымі слухачамі словамі «Good night!» і «Zhyvie Bielaru?!!!» зь непаўторным ангельска-швэдзкім акцэнтам!

Агаломшаная публіка ня ведала, як выказаць эмоцыі, і адказала самымі гучнымі за ўвесь вечар воплескамі й выклічнікамі. А невялічкая групка маладзенькіх дзяўчат за маёй сьпінай нават падхапілі ды пачалі скандаваць незалежніцкі покліч. Адразу пасьля гэтага апошні на гэты вечар напамін і аб’яўленьне аб тым, што канцэрт адбыўся дзякуючы Адміністрацыі прэзыдэнта былі залішнімі – слухачы, выказаўшы сваю думку адносна гэтага няўхвальнымі сьвістамі ды тупатам з падвоенай хуткасьцю засьпяшалі да выхадаў...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?