Урад Швецыі прадоўжыць «падтрымку адкрытай і дэмакратычнай Беларусі». Пра гэта заявіў кіраўнік шведскага МЗС Карл Більд, прадстаўляючы 17 лютага ў парламенце краіны знешнепалітычную стратэгію на 2010 год.

У сваім выступленні, якое размешчана на сайце ўрада Швецыі, Більд указаў, што «сітуацыя ў Беларусі працягвае выклікаць занепакоенасць, не ў апошнюю чаргу ў сферы правоў чалавека».

Кіраўнік МЗС Швецыі зазначыў, што Лісабонскае пагадненне, якое ўступіла ў сілу, надае знешняй палітыцы краіны максімальную еўрапейскую перспектыву, што дабаўляе адказнасці і магчымасцяў.

Сярод прыярытэтаў Більд назваў: умацаванне ролі ЕС як глабальнага гульца, канкрэтызацыя і рэалізацыя палітыкі «Усходняе партнёрства» і стратэгіі «Рэгіён Балтыйскага мора», прасоўванне ўстойлівай глабалізацыі, заснаванай на дэмакратыі, правах чалавека, міжнародных законах, праца з невырашальнымі палітычнымі спрэчкамі ў сістэме ААН.

У 2010 годзе ўрад Швецыі зробіць свой унёсак у далейшае станаўленне Усходняга партнёрства, каб прасоўваць рэформы і еўрапейскую інтэграцыю з бліжэйшымі суседзямі ЕС на ўсходзе. «Нашы прыярытэтныя сферы: фінансавая падтрымка неабходных рэформ у краінах‑партнёрах, спрошчаныя магчымасці для працы ў ЕС і падарожжы ў ЕС, лібералізацыя гандлю і павышэнне ролі грамадзянскай супольнасці» — заявіў шведскі міністр.

Праграма «Усходняе партнёрства» ініцыявана Польшчай і Швецыяй у 2008 годзе. Яна прадугледжвае палітычнае збліжэнне і эканамічную інтэграцыю краін‑удзельніц: 27 дзяржаў ЕС і шасці партнёраў — Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?