Трагедыя здарылася ў чацвер 18 лютага прыблізна а 12-й гадзіне дня, калі Вадзім Аршынскі вяртаўся дамоў з чарговых здымак.

Вадзім Аршынскі.

Пра гэта паведаміў магілёўскі журналіст Генадзь Суднік. Дом, у якім жыве сям’я Аршынскага, рамантуецца, таму над уваходамі ў пад’езды зробленыя адмысловыя драўляныя навесы. Акурат у той момант, калі В. Аршынскі крочыў пад навес, з даху на яго абрынулася сумесь будаўнічага друзу і зляжалага снегу.

Навес ад удару не вытрымаў і абрушыўся на журналіста.

Па словах сп. Судніка, будаўнікі выклікалі «хуткую», але ўжо было позна. З бальніцы жонцы Вадзіма патэлефанавалі з яго тэлефона і паведамілі пра ягоную смерць.

Вадзіму Аршынскаму было 50 гадоў. Прафесійны аператар. Супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ, у тым ліку з тэлеканалам «Белсат». У яго засталося двое сыноў.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» выказвае спачуванні сям’і Вадзіма Аршынскага.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?