Падпісаны закон аб забароне, але не прыняты іншы — аб паслабленні. Піша Руслан Равяка.
Дзень 23 лютага цяпер будзе не толькі днём стварэння Чырвонага войска і Беларускай Краёвай Абароны. Сёлета з яго пачынаецца новы адлік у беларускай культуры. Менавіта з гэтага дня ў краіне будзе забаронена піццё піва ў грамадскіх месцах.
Цяпер жлукціць бурштынавы напой можна будзе толькі ў барах, ці намётах, ці дома. Сцеражыцеся, алкаголікі ля гастраномаў! Сцеражыся, электарат, што пасля працоўнага дня смокча ў падворках піўко, мацаванае спіртам! Скончыцца ваша вясёлае жыццё.
Ці будзе закон працаваць, ці стане намінальным, як кара за брыдкаслоўе ці засмечванне вуліц? Можа караць будуць толькі апазіцыянераў падчас выбараў?
Магчыма, станецца як з тымі флікерамі — праз паўгода актыўнай барацьбы усе пра ўсё забудуцца.
Праблема ў тым, што падпісаны закон аб забароне, але не прыняты іншы — аб паслабленні для ўстановаў, дзе можна піць бурштынавы напой. У Баранавічах нармальныя пабы ці шынкі, дзе, акрамя піва, не прадаюць чарніла, можна на пальцах пералічыць. І яны звычайна запоўненыя пад завязку.
Колькі б ні казалі пра «ўласны шлях» улады, але ж карціць браць прыклад з Захаду. Бо ж закону аб распіцці алкаголю на вуліцах у ЗША ўжо шмат год.