У сёлетнім выданьні друкуюцца новыя дакумэнты, знойдзеныя ў архівах Варшавы ды новыя ілюстрацыі.

Першае выданьне пабачыла сьвет у 2001 г. Тады над кнігай працавалі Уладзімер Ляхоўскі, Уладзімер Міхнюк і Аляксандра Гесь. Уладзімер Міхнюк заўчасна памёр два гады таму, і ў перавыданьні друкуецца вельмі цёплы артыкул калегаў у ягоную памяць.

У прадмове ж да перавыдадзенай кнігі У.Ляхоўскі зазначае, што для гістарычных публікацыяў на тэму Слуцкага збройнага чыну характэрная перанасычанасьць эмацыйнымі ацэнкамі. І публікацыі апошніх гадоў не дадаюць нічога новага ў асэнсаваньні праблемы. Тым часам назапашаная факталягічная база па антыбальшавіцкім супраціве на Случчыне дазваляе сёньня з аб’ектыўных пазыцыяў, без залішняй патэтыкі разгледзець і даць ацэнку падзеям.

Нагодай для перавыданьня сталі новыя дакумэнты, што былі знойдзеныя ў варшаўскіх архівах – вайсковым, у архіве Публічнай бібліятэкі. Таксама ў кнізе выкарыстаныя атрыманыя зь беларускіх пэрыёдыкаў зьвесткі, што ня трапілі ў першае выданьне.

Дадаліся і новыя ілюстрацыі. Сярод іх больш выразны і якасны фатаздымак Сяргея Бусла, які эміграваў пасьля ў Прагу. Мастак Віктар Ляхар адрэстаўраваў выяву паўстанцкай узнагароды, зацьверджанай Найвышэйшай Радай, – крыж з выявай Пагоні аўтарства Лявона Вітана-Дубейкаўскага. У новым выданьні расшыфраваны даўні фатаздымак, на якім аднаго з трох слуцкіх ваяроў дасьледчыкі доўгі час пазначалі як Сокала-Кутылоўскага. «Насамрэч чалавек у акулярах – гэта штабс-капітан Антон Борык», – цьвердзіць сп.Ляхоўскі. І дадае, што гэты міт далёка распаўсюдзіўся і нават увасоблены ў літаратуры: «У рамане Федарэнкі «Нічые» Сокал-Кутылоўскі не пазнае Чайку, бо забыўся на акуляры. Але ён ніколі ня меў праблемаў са зрокам».

Перавыдадзеная кніга мае шанец зрабіцца рарытэтам. Набыць «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах» можна ў «Акадэмкнізе», на выставе Ўправы Партыі БНФ, а таксама замовіць на сайце www.knihi.net.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?