Верагодны расейска-беларускі рэфэрэндум па канстытуцыйным акце стаўся галоўнай тэмай сёньняшняй сустрэчы ў Менску лідэра аб’яднаных беларускіх дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандра Мілінкевіча з прадстаўнікамі дыпляматычнага корпусу шэрагу эўрапейскіх краінаў, акрэдытаваных у Беларусі.

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў зьвярнуўся праз дыпляматаў да ўрадаў эўрапейскіх краінаў з просьбай «не чакаць даты прызначэньня рэфэрэндуму, а ўжо ў найбліжэйшы час выпрацаваць адзіную пазыцыю дзяржаў Эўропы па непрызнаньні вынікаў рэфэрэндуму».

Сваю пазыцыю Аляксандар Мілінкевіч патлумачыў тым, што ў сёньняшніх беларускіх умовах нельга разьлічваць нават на мінімальную аб’ектыўнасьць і празрыстасьць вынікаў рэфэрэндуму.

«Ва ўмовах татальнай манаполіі дзяржавы на інфармацыю большасьць беларусаў ня змогуць атрымаць усёй інфармацыі пра рэальныя пагрозы рэфэрэндуму і пра небясьпеку страты Беларусьсю незалежнасьці й сувэрэнітэту. Сёньня таксама не йснуе рэальных мэханізмаў кантролю грамадзтва за падрыхтоўкай і працэсам галасаваньня, а таксама за падлікам галасоў. У гэтых умовах плянуемы рэфэрэндум станецца сур’ёзнай палітычнай падзеяй, якая можа прывесьці да зьнікненьня Беларусі з палітычнай мапы сьвету», - заявіў Аляксандар Мілінкевіч.

Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што эўрапейскія краіны павінныя называць працэсы сваімі імёнамі – «гэта ня будзе аб’яднаньне дзьвюх краінаў, гэта сапраўдны аншлюс, эканамічнае паглынаньне Беларусі».

«Беларусь сёньня ёсьць своеасаблівай пігулкай, лекам для пэўных імпэрскіх сілаў у Расеі. Лукашэнка загуляўся ў аб’яднаньне, ён загнаны ў кут і выбару ўжо ня мае. Сёньня яго нельга лічыць гарантам незалежнасьці Беларусі, гарантам сёньня зьяўляецца беларускі народ. І я ўжо сёньня заяўляю пра пратэсты ў выпадку прызначэньня і правядзеньня рэфэрэндуму», - сказаў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

На сустрэчы былі дыпляматычныя прадстаўнікі Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Швэцыі, Італіі, Летувы, Латвіі, Румыніі, Чэхіі, Польшчы, Нідэрляндаў, Славакіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0