Дактары называюць тэрмін адэнома прастаты трохі састарэлым. Цяпер часцей ужываецца азначэнне дабраякасная гіперплазія прастаты. Што гэта такое? У прастаце, чыста мужчынскай залозе, утвараецца вузельчык ці вузельчыкі, якія растуць і паціху-памалу здушваюць мочаправодны канал. У выніку здушвання парушаецца сіканне, прычым часам моцна.

Што значыць дабраякасная гіперплазія? Г.зн. яна не дае метастазаў. У гэтым карэнная розніца з ракам прастаты.

Як часта сустракаецца адэнома? Вельмі часта. Паводле статыстыкі, да дактароў з ёй звяртаецца палова мужчынаў, старэйшых за 50 гадоў. А ўвогуле з часам яна развіваецца ў 85 % мужчынаў.

На яе ўплывае генетыка. Да фактараў рызыкі адносяць век і ўзровень андрагенаў у крыві. Даставернай сувязі між гіперплазіяй прастаты і полавай актыўнасцю не выяўлена, як і з перанесенымі запаленчымі і венерычнымі хваробамі полавых органаў.

Выдаленне прастаты не ўплывае на агульную жыццядзейнасць арганізму. Прастата канечне неабходная толькі для захавання здольнасці да працягу роду.

Рак прастаты — небяспечная хвароба, якая сустракаецца ў 2—4% мужчынаў. На ранніх стадыях добра вылечваецца. Ужываецца радыкальны метад лячэння: выдаляецца прастата і ажыццяўляецца кастрацыя.
Пры выяўленні рака на ранніх стадыях пацыент можа пражыць нават дзесяткі гадоў пасля аперацыі.

Пры з’яўленні сімптомаў уралагічнага захворвання — балючасці, ускладненасці сікання, поклічаў да сікання ўначы, калі раней такога не бывала — дактары просяць неадкладна звяртацца да іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?