Тэракт на Чаркізаўскім рынку 21 жніўня ў Маскве адабраў жыцьцё 41-гадовай гандляркі з Гомелю Ірыны Багамолавай. У яе засталося двое дзяцей. Прадпрымальнікі Гомелю і Менску пачалі збор сродкаў для сям’і загінулай.

27 жніўня стаў сапраўды чорным днём для жыхароў Ганцавічаў: у аўтамабільнай катастрофе пад Барысавам загінулі шэсьць мужчынаў, што вярталіся з заробкаў з Расеі. Самаму старэйшаму было 45 год. На момант пахаваньня ў Ганцавічах прыпынілі працу мясцовыя прадпрыемствы. Жалобная калёна расьцягнулася амаль на кілямэтар. У Ганцавічах гэта ня першы выпадак, калі пошукі лепшай долі ў Расеі абарочваюцца трагедыяй. Па словах мясцовых, працаздольнае насальніцтва штурхае за мяжу адсутнасьць працы на Радзіме.

У той жа дзень у Варонежы чатыры будаўнікі-гастарбайтэры зь Беларусі зваліліся з рыштаваньняў. Адзін зь іх упаў з восьмага паверху і на дадзены момант знаходзіцца ў цяжкім стане. Мужчына, які атрымаў лёгкія пашкоджаньні, ад шпіталізацыі адмовіўся.

Апошнімі сталі гастролі для 26-гадовага беларускага акрабата, які выправіўся па заробак у Ірляндыю. Выконваючы трук, ён упаў з-пад купалу цырку і быў прыдушаны канструкцыяй, што ўпала на яго. Яго жонка пры гэтым зламала руку. Беларусы падпрацоўвалі ў ірляндзкай цыркавой трупе "Royal Russian Circus", якая набірае на летнія гастролі артыстаў пераважна з Усходняй Эўропы.

Чаго ж не жывецца людцам у “стабільнай і квітнеючай”, чаму разьвітваюцца з жыцьцём на чужыне, а ня ў роднай хаце? Адсутнасьць аплатнае працы на Радзіме, панаваньне хамства і прымусу гоняць людзей у сьвет на заробкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?