Віцебскі чыноўнік Андрэй Герашчанка даў новае інтэрв’ю. Ён кажа, што супраць яго былі ўжытыя палітычныя рэпрэсіі.

Гэтым разам старшыня грамадскага аб’яднання «Русский дом» пагутарыў з электронным выданнем «Фонд стратегической культуры». Новае інтэрв’ю ў цэлым паўтарае гутарку з парталам «Материк», аднак інтанацыі ў Андрэя Герашчанкі ўжо ня тыя.

Ён ужо не абвяргае існавання самастойнага беларускага этнасу і беларускай мовы, называе іх існаванне бясспрэчным. Але пры гэтым падкрэслівае, што «что в этническом смысле белорусы, украинцы и русские по сути являются единым народом» і цалкам пагаджаецца з «мыслью Президента Республики Беларусь А.Г.Лукашенко о том, что русский язык — это язык не только Российской Федерации и русских, но язык и Беларуси, и самих белорусов, наше общее культурное достояние».

«Фонд стратегической культуры» задаў пытанне Герашчанку пра «палітычныя рэпрэсіі» супраць яго асабіста і супраць «Русского дома», маючы на ўвазе наступствы публікацый у недзяржаўнай беларускай прэсе з нагоды ягонага скандальнага інтэрв’ю «Материку».

Андрэй Герашчанка расказаў, што пасля тых публікацый «пачаўся ціск на сяброў арганізацыі». Многія з якіх, з’яўляючыся дзяржслужбоўцамі, вымушаны былі напісаць заявы аб сыходзе з ВГА «Русский дом».
Андрэй Яўгенавіч пацвердзіў сказанае НН пра прапанову яго начальства напісаць заяву на датэрміновае спыненне працоўнага кантракту.

У інтэрв’ю Андрэй Герашчанка неаднаразова ўзгадвае Аляксандра Лукашэнку, кажа, што цалкам падтрымлівае «заявленный им курс на интеграцию с Россией, на создание в той или иной форме государственной структуры, которая объединит разделённый русский народ». Такая падкрэсленая лаяльнасць рэзка кантрастуе з тонам партала «Материк», які асноўную віну за «расправу над писателем Андреем Геращенко» ўсклаў акурат на Лукашэнку.

Напрыканцы гутаркі віцебскі чыноўнік выказаў пажаданне да Расіі «уделять больше внимания сопредельным территориям, на которых проживают миллионы русских людей и российских соотечественников».

А. Герашчанка лічыць, што «можно было бы в каждой области Беларуси создать по «Русскому дому», што «стало бы серьёзным вкладом в поддержку русских за рубежом».

***

Андрэй Герашчанка нар. у 1967 г. у вёсцы Рэкта Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Быў галоўным рэдактарам расійскай газеты «Вестник культуры». Сябар праўладнага саюза пісьменнікаў Беларусі (з 2005). Старшыня Віцебскага грамадскага аб’яднання «Русский дом». Ад 2001 г. — начальнік аддзела па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?