Капітан беларускай алімпійскай дружыны на Гульнях у Ванкуверы Дзмітры Дашчынскі наўрад ці выступіць ў 2014 годзе на Алімпіядзе ў Сочы.

Пра гэта 32‑гадовы фрыстайліст паведаміў сёння журналістам пасля завяршэння алімпійскага фіналу ў мужчынскай акрабатыцы, дзе з прычыны няўдалай першай спробы заняў толькі 11‑е месца.

Медаліст Алімпіядаў у Нагана‑1998 (бронза) і Турыне‑2006 (срэбра) выйшаў у фінал Гульняў‑2010 з чацвёртым вынікам. Але з‑за няўдалага прызямлення ў першым жа фінальным скачку развітаўся з надзеяй на трэцюю ў кар’еры алімпійскую ўзнагароду, хоць ў другой спробе паказаў другі вынік дня.

«Пакуль цяжка сказаць, па якой прычыне не ўдалося прызямленне ў першым скачку. Высновы можна будзе зрабіць пасля відэапрагляду. Можа быць, набраў на трампліне лішнюю хуткасць або з кручэннем у паветры не справіўся. Нягледзячы на тое, нават пры гэтым быў здзіўлены такой нізкай ацэнкай — найгоршай сярод усіх фіналістаў (86,95 бала).

Можна падумаць, быццам я на галаву прызямліўся.

Натуральна, што пасля такога выходзіць на другі скачок было цяжка, ён ператвараўся ў паказальныя выступленні. Але завяршыў Алімпіяду, лічу, годна. калі б абедзве спробы выйшлі, як другая, то праблем з заваяваннем медаля не было б. А так Гульні не ўдаліся, хоць гатовы быў да іх выдатна, як ніколі», зазначыў Дашчынскі.

«Кажаце, ці працягну я традыцыю выйграваць медалі праз Алімпіяду? Баюся, ужо ўсё, пэўна, з медалямі. Я гэты сезон ледзь выжыў.

Колькі яшчэ працягну выступаць, не ведаю, але не да Алімпіяды ў Сочы дакладна.
Занадта замучылі праблемы са спіной» , — прызнаўся Дзмітры Дашчынскі.

Акрамя выйгрышу дзвюх алімпійскіх узнагарод заслужаны майстар спорту Беларусі Дзмітрый Дашчынскі двойчы станавіўся віцэ‑чэмпіёнам свету (2001, 2007), атрымаў 11 перамог на этапах Кубка свету, а яшчэ 27 раз ўваходзіў на іх у прызавую тройку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?