Калі пасяліўся ў Беластоку Абель Каўфман, гаспадар букіністычнай крамы, невядома. Але тут у яго нарадзіліся тры сыны-кінэматаграфісты: у 1896-м - Дзяніс (Давід), у 1897-м - Міхаіл (Майсей), у 1906-м - Барыс (Борух). Самы знакаміты - старэйшы Дзяніс, вядомы пад імем кінаавангардыста Дзігі Вертава. Яго ўплыў на сусьветную кінадакумэнталістыку можна параўнаць з узьдзеяньнем Грыфіта і Эйзенштэйна на мастацкае кіно. Але й Міхаіл з Барысам пакінулі значны сьлед у кінамастацтве - хоць і ў розных краінах.

Міхаіл Абрамавіч Каўфман (як і Дзіга, ён зьмяніў імя і прозьвішча па бацьку) у 1920-я быў адным з найвядомейшых савецкіх апэратараў і найбліжэйшым паплечнікам старэйшага брата. Менавіта ён зьняў вертаўскія фільмы "Адзінаццаты" (1928) і "Чалавек з кінаапаратам" (1929), якія лічацца клясыкай кінапубліцыстыкі. Пасьля апошняга фільму іх шляхі разышліся. Міхаіл сам сасьпеў да самастойнай рэжысэрскай працы, і яго творчыя прынцыпы не супадалі з мастацкімі мэтадамі Дзігі. У сваю чаргу старэйшы брат абвінавачваў Міхаіла ў салідарнасьці з тымі, хто яго зьняслаўліваў, чаго, па сьцьвярджэньні дасьледчыкаў, не было. Нэгатыўную ролю адыграла і ўзаемная антыпатыя Міхаіла і жонкі Дзігі - Лізаветы Сьвілавай, мантажора яго стужак.

У Міхаіла Каўфмана былі свае трыюмфы. Дакумэнтальны фільм "Увесну" кіназнаўца Жорж Садуль назваў найлепшай стужкай 1929 г. У 1930-я Міхаіл замкнуўся ў сваёй шкарлупіне. Рэч у тым, што ён жыў у грамадзянскім шлюбе з італьянкай па нацыянальнасьці. Яго "папярэджвалі": сувязь з чужаземкай небясьпечная і для кар'еры, і нават жыцьця. І аднойчы яна зьнікла (забілі? - АБ). Празь некалькі дзён іх дачку знайшлі ў адным з маскоўскіх паркаў, а яшчэ церазь некалькі дзён яна памерла ад пераахалоджваньня. Так савецкая дзяржмашына расправілася з творцам-свавольцам. Псыхалягічны шок адбіўся на ўсім далейшым жыцьці гэтага чалавека. У паваенныя гады ён ціха працаваў на сталічнай кінастудыі навукова-папулярных фільмаў.

Лёс Барыса Каўфмана склаўся вельмі ўдала. Каб яго не забралі ў польскае войска, Абель Каўфман адправіў сына ў Францыю (спачатку ён вучыўся ў Грэноблі, потым у Сарбоне). У гісторыю сусьветнага кіно Барыс Каўфман увайшоў спачатку як выдатны апэратар мастацкіх стужак францускага кінаклясыка Жана Віго (сярод іх - шэдэўр "Аталянта", 1934 г.), а потым як камэрмэн карцінаў амэрыканца Сыднэя Люмэта, у тым ліку "12 раззлаваных мужчынаў", які паказвалі ў СССР у 1960-я. За ўдзел у фільме Эліа Казана "Ў порце" Барыс атрымаў "Оскара" (1955).

Абодва браты, Міхаіл і Барыс, памерлі ў 1980 г. Абодва самаахвярна служылі прафэсіі. Толькі адзін пражыў у сацыялізьме, зьведаў на сваім карку ягоныя антыгуманістычныя завіхрэньні. Другі напоўніцу рэалізаваўся ў сыстэме капіталізму. Праўда, і над ім вісеў дамоклаў меч у часы паляваньня на вядзьмарак у ЗША. Э.Казан, які супрацоўнічаў з камісіяй па расьсьледаваньні антыамэрыканскай дзейнасьці, даваў сьведчаньні супраць шэрагу кінэматаграфістаў, якія прытрымліваліся камуністычных поглядаў, але змаўчаў пра тое, што ў Б.Каўфмана браты жылі ў СССР.

Ня ўсё ўдалося зьдзейсьніць і Дзігу Вертаву. Сам ён прыгадваў (кніга "Дзіга Вертаў. Артыкулы. Дзёньнікі. Задумы, што ўжо ў маленстве ён і яго аднагодкі "пакрысе перайшлі ад захапленьня казкамі з чараўнікамі да казак самае прыроды, да дзівосных зьявішчаў на зямлі, пад зямлёй і ў небе...". Дзігу так і не пашчасьціла зьняць і гэты музычна-паэтычны фільм, і многія іншыя - таленты ў СССР, якія не ішлі ў агульнай калёне сацрэалізму, скідвалі ўбок. Саслалі ж пры канцы жыцьця ў "ампірна-кічавыя навіны", як згадаў Андрэй Расінскі.

Пра многія факты з жыцьця сям'і Каўфманаў я пачула ў выдатным дакумэнтальным фільме масквіча Яўгена Цымбала "Дзіга і яго браты". Беластоцкі пэрыяд яму дапамагаў узнавіць журналіст Томэк Вішнеўскі, які даслаў паштоўкі Беластоку пазамінулага і мінулага стагодзьдзяў. Насьпела патрэба вярнуць братоў Каўфманаў у беларускі кантэкст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?