Саюз пісьменьнікаў усё ж выселілі з Дома літаратара. Як і ў 1997 годзе, калі ўлады забралі Дом літаратара ў сваю ўласнасьць, пісьменьнікі не рашыліся распачаць сапраўднае змаганьне і мабілізаваць грамадзкасьць на сваю абарону.
Саюз пісьменьнікаў усё ж выселілі з Дома літаратара. Адбылося гэта ў сераду 30 жніўня. Высяленьне адкладвалася некалькі разоў, плянавалася, што яно адбудзецца на тыдзень раней – 24 жніўня.
Тады, каб выказаць падтрымку пісьменьнікам, у Дом літаратара завітаў лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч. Разам з экс-старшынькай СПБ Вольгай Іпатавай Мілінкевіч прапанаваў распачаць збор грошай дзеля ўратаваньня будынку на Фрунзэ, 5. Мілінкевіч абяцаў нават грашовую дапамогу найстарэйшай творчай арганізацыі краіны, каб выратаваць гэты будынак. Аднак цяперашні старшыня СПБ Алесь Пашкевіч не ўспрыняў гэтай ініцыятывы з энтузіязмам.
У той самы дзень Пашкевіч патэлефанаваў кіраўніку справаў прэзыдэнта Аляксаксандру Кулічкову, які нібыта сказаў, што літаратараў высяляць у любым разе, нават калі яны і разьлічацца з запазычанасьцямі.
Ужо той факт, што сход Рады СПБ прызначылі на дзень высяленьня, гаварыў аб тым, што пісьменьнікі маральна падрыхтаваліся да капітуляцыі. Ідэю Іпатавай аб пачатку збору матэрыяльных сродкаў на ўратаваньне Дома літаратара падтрымаў толькі Генадзь Бураўкін. Разам з тым Генадзь Мікалаевіч прапанаваў былым дэпутатам Вярхоўнага Савету, што працавалі ў парлямэнце разам з Кулічковым, пайсьці да яго з просьбай адтэрмінаваць высяленьне, каб пісьменьнікі мелі час сабраць патрэбныя грошы. Ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі падтрымаў гэтую думку, хоць і адзначыў, што ў яго з Кулічковым у свой час былі вельмі напружаныя стасункі.
Аднак Народны пісьменьнік Беларусі Ніл Гілевіч адзначыў, што не зьбіраецца ісьці з паклонам да прадстаўніка рэжыму і тым болей прасіць нешта ў яго. Пасьля такіх словаў Генадзь Бураўкін ускачыў са свайго месца, адчайна вымавіўшы: «Калі б я не пайшоў прасіць у Мін’юст, то Саюзу пісьменьнікаў даўно б ужо не было». Бураўкін сышоў з залі.
Прапановы Іпатавай заставацца ў Доме літаратара да апошняга, нават калі ўладам давядзецца выкарыстоўваць грубую фізычную сілу, ніхто не заўважыў. Дакладней, не захацеў заўважаць. Было шмат меркаваньняў і думак, але не было канструктыўных прапановаў: што рабіць пасьля высяленьня? Дзе шукаць новы юрыдычны адрас, як працягваць сваю дзейнасьць у новых умовах. Відаць, што сапраўды ніхто ня ведаў адказаў на такія пытаньні. У голасе Алеся Пашкевіча не адчувалася ні каліва аптымізму. Ён, напэўна, добра ведаў, чым усё гэта скончыцца.
Не знайшоўшы адказаў, Рада пачала прымаць у шэрагі Саюзу новых сяброў. Мяркуючы тым самым паказаць, што Саюз ня зьнішчыць. Сярод іх у СПБ быў прыняты калюмніст «Нашай Нівы» эсэіст Віталь Тарас.
Пасьля гэтай працэдуры Алесь Пашкевіч прапанаваў усім пайсьці на перапынак, а ўжо потым працягнуць дыскусію. Аднак гаворкі болей не атрымалася. Празь некалькі хвілінаў у памяшканьне прыйшлі судовыя выканаўцы. Пісьменьнікі маўкліва пачалі браць партрэты сваіх знакамітых калегаў з кабінэту Максіма Танка і бясслаўна сыходзіць з Дома літаратара. Нехта яшчэ выкрыкнуў фразу: «Мы сыходзім, каб вярнуцца», але яна патанула ў агульнай атмасфэры апатыі.
Сябры Рады паціху пачалі разьбягацца па сваіх справах. Як і ў 1997 годзе, калі ўлады забралі Дом літаратара ў сваю ўласнасьць, пісьменьнікі не рашыліся распачаць сапраўднае змаганьне і мабілізаваць грамадзкасьць на сваю абарону. Ня хочацца верыць, што так бясслаўна скончыцца гісторыя сапраўды ўнікальнага для беларускай гісторыі і культуры Дому літаратара.
Апошняе паседжаньне рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў у будынку Дома літаратара. Пісьменьнікі галасуюць за прыняцьцё ў склад саюзу Віталя Тараса і Фёдара Баравога.
У голасе Алеся Пашкевіча не адчувалася ні каліва аптымізму.
Пісьменьнікі маральна падрыхтаваліся да капітуляцыі
Ніл Гілевіч першым вынес з кабінэту партрэт – Максіма Багдановіча.
Сябры Саюзу пісьменьнікаў выносяць партрэты клясыкаў літаратуры з мэмарыяльнага пакою Максіма Танка.
Фота Юліі Дарашкевіч
❏
P.S. Удава Васіля Быкава Ірына прапанавала для працы пісьменьнікаў быкаўскую дачу ў Ждановічах.
Каментары