Цяжка было лічыць сябе беларусам і адчуваць, што ты адзін. Нават калі гэта старажытны, непаўторна прыгожы Кракаў. Калі ўжо было зусім дрэнна, ты ішла ў Ягелёнскі ўнівэрсытэт да мэмарыяльнай дошкі Скарыну, напампоўваючы сваю сьвядомасьць ціхім гонарам, што дасьць табе сілаў трымацца... Потым ліхаманкава праглядала аб'явы - можа, ёсьць канцэрт беларускага гурту ці беларускае спатканьне. І колькі было радасьці, калі ладзілася нейкая беларуская імпрэза…
У апошнія гады сытуацыя зьмянілася. Інтэнсыфікавалася дзейнасьць беларусаў у Кракаве. Усё больш канцэртаў беларускай музыкі, праводзяцца Дні беларускай культуры. У 16-ты дзень месяца праходзяць Дні салідарнасьці. На галоўнай плошчы а 20-й гадзіне па менскім часе запальваюцца белыя і чырвоныя зьнічы ў знак падтрымкі. Нарэшце, зарганізавалася суполка беларусаў.
"Люблю Беларусь" - рэлігійна-культурная група, якая яднае беларусаў і тых, хто неяк цікавіцца яе культурай. Супольная малітва па-беларуску ў касьцёле, сьпяваньне "Магутнага Божа" і гутаркі - ад гісторыі хрысьціянства на Беларусі да сучаснай беларускай культуры і агульначалавечых праблем. На сустрэчы зьбіраюцца вельмі розныя людзі рознага веку, розных зацікаўленьняў, веравызнаньня… Але яднае ўсіх тая частачка Беларусі, якую кожны носіць у сваім сэрцы. І кожная сустрэча прыносіць нязвыклае пачуцьцё споўненасьці і шчырай радасьці, узмацняе веру і распальвае ў сэрцы агеньчык надзеі.
У найбліжэйшых плянах - беларускамоўная імша, супольныя выправы, спатканьне зь літаратарамі, імпрэза з паказам беларускага фільму і музыкай…
Магчыма, "Люблю Беларусь" зь цягам часу стане часткай падмурку ў будаўніцтве нечага вялікага. Пакуль на кожнае спатканьне прыходзіць усё больш і больш людзей, і чакаеш пятніцы як сьвята… Бо ў пятніцу пойдзеш на Столярскую, 12 - там чакаюць свае…