У апошнія месяцы здавалася, што дасьледаваньні над клеткамі, што браліся з эмбрыёнаў, прыпыніліся. Знакаміты карэйскі спэцыяліст па клонах і мацярынскіх клетках Ву Сук Хван аказаўся махляром. Эўразьвяз, па праўдзе, прыняў палажэньне пра фінансаваньне гэтага тыпу дасьледаваньняў з грамадзкіх грошаў, але зь безьліччу больш строгіх правілаў. У ЗША аналягічнае палажэньне апратэставаў прэзыдэнт Джордж Буш (гэта было першае вета падчас яго знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта).

У Кангрэсе ЗША прайшлі вялікія дэбаты, але нягледзячы на тое, што на іх зьявіліся невылечна хворыя людзі, для якіх клеткі эмбрыёнаў маглі стацца шанцам на вяртаньне здароўя, праціўнікі былі непахіснымі: няма згоды на тое, каб ратаваць чыёсьці жыцьцё за кошт іншага. Аднак надзеі, што зьвязваюцца з эмбрыянальнымі клеткамі, такія вялікія, што навукоўцы цярпліва шукаюць новыя мэтады, якія дазволяць ім абмінуць этычную заслону. У часопісе "Nature" адзін з пачынальнікаў кланаваньня і спэцыяліст па мацярынскіх клетках доктар Робэрт Ланца з амэрыканскай біятэхналягічнай фірмы Advanced Cell Technology спадзяецца разьбіць аргумэнт пра забіцьцё эмбрыёнаў. Ён здолеў вывесьці зародкавыя клеткі без зьнішчэньня эмбрыёнаў.

Як скрасьці клетку

Чалавечы эмбрыён на раньнім этапе разьвіцьця – гэта група клетак, якія здольныя да ўсяго. Яшчэ няма паміж імі розьніцы, што зьяўляецца па меры далейшага разьвіцьця эмбрыёну. Таму яны маюць у сабе патэнцыял на тое, каб стаць мышцай, нэўронам альбо клеткай крывяносных сасудаў. Таму ня трэба зьдзіўляцца, што іх атрыманьне і падпарадкоўваньне сваёй вол здаўна захапляе навукоўцаў. Шмат зь іх спрабавала, але заўсёды заставалася адна і тая ж праблема – каб узяць клеткі, трэба было зьнішчыць зародак. Але ці заўсёды так адбываецца? Ёсьць жа выпадкі, калі ў зародка "скрадваецца" адна клетка бяз шкоды для яго здароўя.

Тут ідзе гаворка пра так званую прэімплянтацыйную дыягностыку, што прымяняецца падчас апладненьня in vitro. За гэтым складаным тэрмінам хаваецца мэтад, які дазваляе лекару ацаніць, ці ня мае зародак, што разьвіваецца, гэнэтычных парокаў. Каб даведацца пра гэта, у эмбрыёна на этапе васьмі клетак бярэцца адна і на ёй праводзяцца генэтычныя тэсты, ці, як апошнім часам у Вялікай Брытаніі, шукаюць гены, зьвязаныя з пухлінамі грудзей. Калі клетка здаровая, то здаровы ўвесь зародак – ён імплянтуецца ў матку, дзе мае шанец разьвіцца ў дзіця.

Робэрт Ланца хацеў, аднак, выкарыстаць узятую клетку ня толькі для генэтычных аналізаў, але таксама зааахвоціць да дзяленьня і стварэньня цэлай калёніі эмбрыянальных блізьняцоў. Якраз зь іх навукоўцы маглі б у будучыні паспрабаваць стварыць любую клетку чалавечага цела, здольную направіць хворы орган. Вопыты на мышах даказалі, што такі "крадзеж" можа атрымацца, і заахвочаная посьпехам каманда Ланцы прынялася за чалавечыя эмбрыёны.

Першыя восем месяцаў

З дазволу камісіі па справах этыкі навукоўцы выкарысталі для дасьледаваньняў 16 эмбрыёнаў, што засталіся з апладненьняў in vitro. Пасьля дакладнага адбору засталося шэсьць зь іх. З двух яны здолелі атрымаць стабільныя і чыстыя клеткавыя лініі. Абедзьве жаночыя. Клеткі былі адарваныя ад эмбрыёну на этапе, калі іх было восем, і пасьля іх расьцілі нейкі час разам з эмбрыёнам, які нармальна разьвіваўся. Потым яны былі перанесеныя на спэцыяльна падрыхтаваныя пажыўныя асяродзьдзі. – Можа, пасьпяховасьць гэтага мэтаду не захапляе, але з часам мы яе абавязкова павысім. Гэта толькі праблема падбору адпаведных умоваў гадаваньня для клетак, што дзеляцца – тлумачыць Ланца.

У гэтую хвіліну для навукоцаў найважнейшым зьяўляецца тое, што яны здолелі захаваць клеткі на "пачатковым" этапе, цалкам недыфэрэнцыянаваным, на працягу больш за васьмі месяцаў. – Лініі былі стабільныя і не выяўлялі аніякіх зьменаў, ні тым больш якіх-небудзь парушэньняў – пераконваюць аўтары працы. Больш за тое, атрымалася правесьці дасьледваньні творчых здольнасьцяў атрыманых клетак. Навукоўцы "заахвоцілі" іх між іншым да пераўтварэньня ў структуры, характэрныя для крывяносных сасудаў.

Надзеі на спраўджваньне

Ці досьледы Ланцы паскораць дасьледаваньні над мацярынскімі клеткамі? Калі яны пацьвердзяцца, то канешне. Аднак трэба памятаць, што магчымасьць прымяненьня гэтага мэтаду абмежаваная неабходнасьцю апладненьня in vitro. Для маці гэтыя клеткі былі б, аднак, свайго роду аховай здароўя будучага дзіцяці. Сумнеўна аднак, каб жанчыны толькі з гэтай прычыны масава падвяргаліся штучнаму апладненьню. Хоць часам над гэтым варта было б разважыць. З дабрачынных клетак магло б скарыстаць ня толькі дзіця , зь якога іх узялі (калі яшчэ было зародкам), але таксама яго хворыя браты і сёстры. З другога боку, зьяўляецца ўсё больш параў, што карыстаюцца апладненьнем in vitro. Маштаб праблемы бясплоднасьці павялічваецца, а вынікам зьяўляюцца між іншым тысячы створаных у клініках лішніх эмбрыёнаў, зь якімі невядома што рабіць. У саміх ЗША іх колькасьць ацэньваецца ў 400 тыс. Гэта галоўным чынам пра іх спрачаліся месяц таму амэрыканскія палітыкі. Навукоўцы хацелі выкарыстаць іх для дасьледваньняў, што пацягнула б за сабой іх зьнішчэньне (хоць шмат хто зь іх сьцьвярджае, што эмбрыёны і так масава зьнішчаюцца, толькі што ніхто ў гэтым не прызнаецца).

Дык вось, досьледы Ланцы могуць істотным чынам зьмяніць сытуацыю. Калі не вызваляючы дзяржаўныя грошы (прыватных і так мноства), то паляпшаючы атмасфэру вакол тэмы эмбрыёнаў. Бо калі ў эмбрыёнаў будуць забіраць па адной клетцы, а пасьля замарожваць з надзеяй на тое, што некалі бацькі вернуцца па чарговае дзіця, і воўк будзе сыты, і авечка цэлая.

Амэрыканцы сьцьвярджаюць, што калі б аслабіць этычны тормаз, які цяпер запавольвае дасьледваньні, дык можна было б нарэшце праверыць, колькі праўды і колькі пабожных інтэнцыяў у захапленьнях навукоўцаў пакуль толькі патэнцыяльнай магутнасьцю мацярынскіх клетак. А чаканьні ў дачыненьні да іх велізарныя. Ня выключана, што апублікаваная праца дазволіць іх у хуткім часе спраўдзіць.

Вольга Данішэвіч паводле матэрыялаў замежнай прэсы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0