Міхась Філіповіч, Бітва на Нямізе, 1922

Міхась Філіповіч, Бітва на Нямізе, 1922

3 сакавіка 1067 году паміж войскамі Яраславічаў – Ізяслава Кіеўскага, Святаслава Чарнігаўскага і Усевалада Пераяслаўскага, і войскам Усяслава Полацкага адбылася знакамітая бітва на Нямізе.

Усяслаў ад пачатку свайго ўладарства быў у саюзе з Кіевам. У 1060-м годзе ўдзельнічаў у пераможным агульнарускім паходзе супраць торкаў. Але зімой 1065-1066 гадоў, з невядомых прычын, напаў і трымаў у аблозе Пскоў, разбіў наўгародскага князя Мсціслава Ізяславіча, які ішоў на дапамогу Пскову і разрабаваў Ноўгарад. Такія крокі полацкага князя не маглі задаволіць князёў Яраславічаў. Ізяслаў Кіеўскі, Святаслаў Чарнігаўскі і Усевалад Пераяслаўскі ў адказ зімой 1067 га году пайшлі супраць Усяслава. Вынікам паходу быў спалены і разрабаваны Менск. Менавіта з гэтай нагоды будучая сталіца Беларусі ўпершыню згадваецца ў летапісах.

Усяслаў выйшаў на дапамогу Менску, але не паспеў. Войскі сышліся на берагах ракі Нямігі. Полацкі князь першым пайшоў супраць Яраславічаў. Паводле кіеўскага летапісца, Усяслаў быў разбіты Яраславічамі і збег да Полацка. Аднак войскі пераможцаў таксама адступілі, што дае падставу сумняваца ў аб’ектыўнасці кіеўскай крыніцы.

Бітва на Нямізе яскрава апісаная ў Слове пра паход Ігаравы і з'яўляецца адной з буйнейшых і найбольш крывавых міжусобных бітваў эпохі Кіеўскай Русі.

ГІстарычныя крыніцы, што апісваюць далейшыя падзеі, супярэчаць адна адной. Паводле кіеўскага летапісца, Усяслаў быў разбіты і збег у Полацак. Больш аб ім нічога не паведамляецца. Паводле расійскага гісторыка В.Тацішчава, які, нібыта, карыстаўся Полацкім летапісам , Яраславічы не пераследвалі Усяслава, а занялі паўднёвую частку Полацкай зямлі, чым прымусілі полацкага князя прасіць міру. Паводле кіеўскага летапісца, не Усяслаў прасіў міру, а Яраславічы праз 4 месяцы пасля бітвы паклікалі яго на перамовы і цалавалі крыж, каб засведчыць яго бяспеку, але парушылі сваё абяцанне – схапілі разам з двума сынамі, адвезлі ў Кіеў і пасадзілі ў вязніцу. Праз некаторы час жыхары Кіева паднялі паўстанне, вызвалілі Ўсяслава і зрабілі яго Кіеўскім князем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?