Артыкул Аляксандра Мілінкевіча.
Хваля дэманстратыўных рэпрэсіўных дзеянняў беларускага рэжыму супраць грамадзянскай супольнасці ў апошні час зноў аднавіла дыскусіі аб палітыцы дыялогу паміж Еўразвязам і нашай краінай. Тэма парушэння правоў чалавека на прыкладзе непрызнанага ўладамі Саюза Палякаў Беларусі на чале з Анжэлікай Борыс дамінавала на мінулым тыдні ў Брусэлі. Дзякуючы гэтаму шырока абмяркоўваліся ў Еўрапарламенце і ў Еўракамісіі паднятыя намі праблемы палітвязняў, адмовы ў рэгістрацыі БХД, «Маладога Фронта», «Вясны», Асамблеі дэмакратычных НДА, іншых аб’яднанняў, пераследы журналістаў, царквы «Новае жыццё» і незалежных актывістаў, што распачалі ўдзел у кампаніі мясцовых выбараў.
Гэтыя падзеі натуральна знайшлі водгук і ў нашай краіне.
Абсалютная большасць экспертнай супольнасціпа-ранейшаму лічыць, што няма пазітыўнай альтэрнатывы дыялогу, і спрачаецца аб тым, як павялічыць эфектыўнасць новай тактыкі ЕЗ у адносінах з Беларуссю. Частка апазіцыйных лідэраў сцвярджае, што яны даўно папярэджвалі «наіўных клеркаў з Брусэлю» аб непазбежным фіяска іх дзеянняў, што «аб’яднаная Еўропа здрадзіла сваім каштоўнасцям і сваёй палітыкай шкодзіць развіццю рэвалюцыйнай сітуацыі ў краіне».
Ці сапраўды новыя падыходы ЕЗ збанкрутавалі? Упэўнены, што не.Але трэба прызнаць: ёсць крызіс, пэўнае расчараванне. Мы і на самым пачатку сцвярджалі: дыялог — не гарантыя, а шанец. Шанец на еўрапейскі шлях Бацькаўшчыны, на ўмацаванне незалежнасці, на мадэрнізацыю гаспадаркі Беларусі. Палітыка адкрыцця — доўгатэрміновая стратэгія і не ў стане прынесці імгненныя канчатковыя вынікі. Гэта не значыць, што ўзяты курс не павінен карэктавацца. Ён не ёсць догма.
Успомнім першыя крокі новай палітыкі ЕЗ. Пасля
Рэальнай супрацьвагай паступовай ліквідацыі нашага суверэнітэту было прапанаванае аўтарытарнаму рэжыму праз Еўразвяз узаемнае пакрокавае набліжэнне — крытычны абумоўлены дыялог. Тым самым паўстала прастора магчымага ўплыву на палітыку Мінска.
Не буду ўкрываць: у мяне таксама, як і ў многіх маіх сябраў дэмакратычных поглядаў, была пэўная горыч. Як можна распачынаць супрацоўніцтва з уладай, якая сістэматычна парушае правы чалавека, прыніжае суграмадзян страхам і афіцыйнай хлуснёй, разбурае нацыянальную ідэнтычнасць? Але працяг самаізаляцыі — гэта пераўтварэнне нашай дзяржавы ў пратэктарат усходняга суседа. Думаю, у такой сітуацыі намі павінна кіраваць не пачуццё помсты, а жаданне захаваць Радзіму і забяспечыць яе рэальную незалежнасць.
Мэты адкрыцця Брусэля на новыя адносіны з Беларуссю датычылі не толькі таго, каб схіліць уладу да лібералізацыі сістэмы, але і даць Мінску поле манеўру ў адносінах з Крамлём. Так, сёння ўсім відавочна, што рэжым імітуе дэмакратызацыю. Але робяцца, хай не заўсёды паслядоўныя, такія неабходныя краіне рынкавыя рэформы. І, што вельмі важна, дасягаецца адна з першачарговых палітычнах мэтаў дыялогу: ствараецца сітуацыя, калі, дзякуючы паглыбленню супрацоўніцтва, у дэмакратычнага свету з’яўляецца магчымасць уздзейнічаць на палітыку рэжыму.Сёння яму ўжо ёсць што губляць у адносінах з ЕЗ, калі ён будзе жорстка абмяжоўваць грамадзянскія свабоды.
Такой магчымасці ўплыву не прыносіла палітыка персальных санкцыяў і абмежаваных афіцыйных кантактаў з Беларуссю. Усім відавочна, што і шматгадовая ізаляцыя Кубы і Паўночнай Карэі не перашкаджае дыктатарам — братам Кастра і Кім Чэн Іру — ажыццяўляць масавыя рэпрэсіі. Санкцыі часцей за ўсё б’юць эканамічна па простых людзях. Улада ў такіх краінах сябе заўсёды не толькі пракорміць, але і будзе жыць у раскошы пры збяднелым народзе. У выпадку Беларусі санкцыі яшчэ і сур’ёзная пагроза дамінацыі расійскага капіталу з перспектывай страты дзяржаўнай самастойнасці.
Сур’ёзным недахопам папярэдняй палітыкі ЕЗ было тое, што дапамога і супрацоўніцтва не былі абумоўленыя канкрэтнымі і вымяральнымі абавязкамі з боку рэжыму па лібералізацыі палітычнага і грамадскага жыцця.Перш за ўсё, гэта адсутнасць палітвязняў, заяўляльны прынцып рэгістрацыі медыяў, грамадскіх і палітычных аб’яднанняў, свабода медыяў, права мець сваіх прадстаўнікоў для незалежных кандыдатаў ва ўчастковых выбарчых камісіях і так далей. Неабходна, каб жаданне ўлады працягваць палітычны пераслед стрымлівалася пачуццём неадваротнасці страчаных магчымасцяў. А губляць ёсць што. На жаль, не толькі ўладзе, але і ўсім беларусам:
• плённае супрацоўніцтва з Міжнародным Валютным Фондам;
• ратыфікацыя Пагаднення аб Партнёрстве і Супрацоўніцтве з ЕЗ;
• вяртанне Беларусі прэферэнцыяў у гандлі з ЕЗ;
• супрацоўніцтва з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам ды Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця;
• паўнафарматны ўдзел Беларусі ў праграмах Еўрапейскай палітыкі суседства і Ўсходняга партнёрства ЕЗ;
• падпісанне Пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме паміж ЕЗ і Беларуссю, змяншэнне коштаў візаў і спрашчэнне працэдуры іх атрымання;
• далучэнне Беларусі да Рады Еўропы, Рады краінаў Балтыйскага мора і Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Чарговае абвастрэнне рэпрэсіяў супраць незарэгістраванага Саюза Палякаў, як ні парадаксальна, у значнай ступені спрычынілася да пачатку выпрацоўкі супольнай і больш эфектыўнай палітыкі ЕЗ адносна Мінску.Ведаю, што Брусэль, зрабіўшы працу над памылкамі першага этапу дыялогу з нашай краінай, у стане ўжо ў бліжэйшы час стварыць мадэль супрацоўніцтва, дзе будуць абсалютна празрыстыя крытэры дэмакратызацыі Беларусі.