Сьвежы прыклад: пасіянарныя прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху анансуюць кампанію "Ўлада без Лукашэнкі". Але як дасягнуць жаданай мэты, ініцыятары не тлумачаць. Затое катэгарычна кажуць: тыя, хто ўцягнуўся ў суперніцтва зь дзейным лідэрам на ягоных умовах, ігнаруюць "асноўны прынцып правоў чалавека - роўнасьць усіх перад законам". Во як: не рэжым ігнаруе, а Мілінкевіч!

Сярод крытыкаў-максымалістаў папулярная тэза: апазыцыйныя прэтэндэнты дапамагаюць Лукашэнку легітымізаваць трэці тэрмін. Таму варта або наагул байкатаваць фарс, або так ці іначай сапсаваць абедню. Напрыклад, праз "народнае галасаваньне".

Але без належнага інфармаваньня ды пры інэртнасьці масы праект народнага галасаваньня здольны хіба ўдарыць бумэрангам. Потым казённыя мэдыі пасьцябаюцца: глядзеце, толькі купка адэптаў падтрымала адарванага ад рэаліяў палітычнага эмігранта!

Ну а байкот - увогуле зброя слабых, і таму гэта слабая зброя.

Згадваецца досьвед 2000 году. Тады змагары ў белых пальчатках, сказаўшы "не" парлямэнцкім выбарам, гуртам дзяўблі "рэнэгата"-Статкевіча. Між тым іх анэмічная стратэгія толькі дапамагла ўладзе ссунуць апанэнтаў у маргінальную яміну.

Сёньня асабліва недарэчна, калі нехта ўзяўся за гуж, а потым, нібы ўчора нарадзіўшыся, з агідай адмаўляецца ад "удзелу ў фарсе". Хіба быў спадзеў, што спадарыня Ярмошына стане высьцілаць ружамі дарогу на Карла Маркса, 38?

На думку палітоляга Валера Карбалевіча, прыхільнікі байкоту ад пачатку прызнаюць, што пераможа Лукашэнка, і скіроўваюць высілкі толькі на тое, каб неяк падпсаваць уражаньне элегантнай перамогі. Дый сэнс легітымнасьці, кажа экспэрт, байкатысты разумеюць цьмяна.

Сапраўды, яна палягае не ў фармальных прыкметах (што там скажа Вэнэцыянская камісія), а ў тым, ці прызнае кагосьці за ўладара народ. Калі ў афіцыйнага правадыра даволі шмат шчырых прыхільнікаў, дык ад лёзунгаў байкоту яму ні горача ні холадна.

А вось у антылукашэнкаўскага электарату ад падобных лёзунгаў, як і ад пэрсанальных псэўдаальтэрнатываў, едзе дах.

Зь іншага боку, зірнеце: уладу нэрвуе нават мінімум перадвыбарчай атрыбутыкі. У сёньняшніх умовах нават партрэт апазыцыйнага лідэра над столікам зборшчыкаў подпісаў - ужо выклік сыстэме, якая спрабуе закрэсьліць альтэрнатыву гульнёю ў маўчанку.

Паказальна тое, што як чорт крыжа наверсе баяцца не абстрактна-максымалісцкіх лёзунгаў, а менавіта пэрсаналізаванай альтэрнатывы - з вусамі і барадой гарадзенскага фізыка. Ваяўнічыя прапагандысты круцяцца як гады на патэльні: і ўкусіць хочацца, і разам з тым называць табуяванае прозьвішча начальства не дазваляе.

Сёньня мы зайздросьцім чылійцам. Дэмакратычны трыюмф кандыдаткі-кабеты канчаткова ставіць сымбалічны крыж на эпосе крывавай хунты. А некалі ж там дэмакраты здолелі перамагчы Піначэта на рэфэрэндуме, які ініцыяваў сам дыктатар - у зэніце самаўладзьдзя, узяўшы за гарляк мэдыі. Ягоныя праціўнікі прайшлі ад дзвярэй да дзвярэй па ўсёй краіне - па ўсёй гэтай кішцы даўжынёй у тры з паловай тысячы кілямэтраў - і перамаглі!

Генэрал Фралоў любіць згадваць алегорыю пра дзвюх жабаў у збане са сьмятанай. Тая, што адмовілася змагацца паводле непразрыстых правілаў сьмятаны, так і склеіла ў ёй ласты. А другая - зьбіла масла.

Заўжды лепей варушыць канцавінамі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0