Калі ўлады перанесьлі тэрміны выбараў так, што месяц збору подпісаў прыпаў на тыдні постнавагодняга запою, здавалася, яны зрабілі геніяльны ход. Паходы па кватэрах атрымлівалі фармат калядаваньняў. Уявіце: у вас постнавагодні бадун. Званок. На парозе зьбіральнік подпісаў. Вы пакідаеце яму аўтограф, але з умовай, што госьць праявіць да вас павагу і прапусьціць "штрафную". Ад тосту "за снайпэра" ён і сам не адмовіцца, а там пайшло-паехала… "Каб здохлі ўсе, хто нас ня любіць", "за дзяцей", "за дамаў, якія тут прысутнічаюць". Вось такая батлейка замест барацьбы з дыктатурай.

Усё выйшла інакш.

Па-першае, вінаватыя ўлады, якія запусьцілі адмінрэсурс, выклікаўшы адмоўную рэакцыю.

Майму знаёмаму маладому тату ў дзіцячым садку выхавацелька заявіла, што калі ён не падпішацца "за", то яе пазбавяць прэміі, і як наступства - стаўленьне да яго дачкі ў садку збоку пэрсаналу будзе адэкватнае. Гэта адразу выклікала ў бацькі страшэнныя фантазмы, як пэдагог у прыліве помсты вучыць немаўля, што пераходзіць вуліцу трэба на чырвонае сьвятло, а ў якасьці хатняга заданьня раіць пагуляцца зь сярнічкамі, калі бацькоў ня будзе дома.

Па-другое, на тле росту ВУП у геамэтрычнай прагрэсіі, чарговых прарываў на фронце будаўніцтва саюзнай дзяржавы і дзяжурнай кампаніі супраць сэксрабаўладальнікаў гульня ў збор подпісаў зачаравала экзатычнасьцю і інтрыгай. Ці зьбярэ Мілінкевіч 300 тысяч подпісаў, а Лукашэнка 10 мільёнаў?

Гарады сталі выглядаць весялей. Зьявіліся людзі з маленькімі столікамі і партрэтамі кандыдатаў. Побач зь імі новы бігборд з выявай Ксеніі Сітнік, павялічанай ананімным фаташопшчыкам да габарытаў Кінг Конга, выглядае ня гэтак жудасна.

Зьбіральнікі ператварылі цэнтар сталіцы ў атракцыён камікадзэ. Нахабна парушаюць закон аб дыскрэдытацыі РБ, адкрыта ў публічным месцы кажучы, што ня ўсё так добра пры бацьку. Гэта чуюць інтурысты. Акрамя таго, кожны можа цяпер ад душы пасьцябацца з рэжыму: падысьці да рэспубліканскіх патрыётаў, якія зьбіраюць подпісы за свайго спонсара, і папрасіць распавесьці нешта пра заробак у 250 баксаў або спытаць: "А дзе ж наша першая лэдзі?" КВК проста адпачывае.

Улады дапусьцілі вялікую памылку. Нават у такой прымітыўнай форме выбары - больш цікавае шоў, чым турнір аматараў-хакеістаў і пуск газу ў Докшыцах. У Чырвоным доме трэба ўжо зараз задумацца, як пераключыць піпл на іншую фішку. Мяркую, што адзіным выхадам можа быць пераход зь юліянскага на ўсходні каляндар, што дазволіць адсьвяткаваць Новы год яшчэ раз, напрыканцы студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0