Апошнім часам Грэцыя з’яўляецца адным з галоўных пастаўшчыкоў навін ў ЕС. То анархісты пратэстуюць, то ЕС вырашае аказаць Грэцыі дапамогу беспрэцэдэнтнага памеру, то агульнанацыянальны страйк пачынаецца. Сёй-той нават загаварыў аб магчымым выключэнні гэтай міжземнаморскай краіны з еўразоны. Што ж насамрэч адбываецца ў Афінах?

Напрыканцы мінулага году эксперты грэцкага Фонда эканамічных і прамысловых даследаванняў (IOBE) заявілі пра тое, што краіне, у сувязі з палітычнай і эканамічнай нестабільнасцю, пагражае шырокамаштабны сацыяльны крызіс.

Знешняя запазычанасць Грэцыі на той момант ужо перавысіла 300 мільярдаў еўра, прычым толькі ў 2009 годзе краіна пазычыла каля 80 мільярдаў, або 30% ВУП.

Бюджэтны дэфіцыт склаў рэкордныя для еўразоны 12,7% ВУП.

Прычын гэтаму некалькі – рост дзяржаўнага апарату і заробкаў у дзяржсектары, рэзкае падвышэнне выдаткаў на пенсіі і ўхіленні ад выплаты падаткаў. Але галоўная – крызіс, які падкасіў турыстычную сферу – асноўную крыніцу прыбыткаў краіны.

Нягледзячы на тое што Грэцыя з’яўляецца краінай ЕС, дзяржаўная маёмасць там не на апошнім месцы ў гаспадарцы. Адпаведны і дзяржаўны апарат, які паглынае вялікія сродкі.

Дзяржава валодае 77% акцый найбуйнейшага Аграбанка і 34% паштовага банка, блакуючымі або кантрольнымі пакетамі ў электрычнай і тэлефоннай манаполіях. Акрамя гэтага, дзяржаве належыць нацыянальная газавая кампанія DEPA і аператар газатранспартнай сістэмы DESFA, таксама урад валодае грузавымі партамі краіны і манаполіяй на гульнявы бізнэс, нерухомасцю.

Левацэнтрысты, якія прыйшлі да ўлады ў Грэцыі ў кастрычніку 2009 года, адразу ўзяліся за рэформы. Былі прададзеныя нацыянальны авіяперавозчык Olympic Airlines, блакуючы пакет акцый нацыянальнай тэлекамунікацыйнай кампаніі ОТЕ, і грузавы партовы тэрмінал у Пірэі. Аднак нават такія нязначныя прыватызацыйныя крокі ўладаў сутыкнуліся з пратэстамі насельніцтва – яны праходзілі на фоне масавых пратэстаў работнікаў.

Зараз да іх дадалася і незадаволенасць рэжымам жорсткай эканоміі. Грэцыя паралізаваная, а тым часам інвестыцыйны клімат у краіне пагаршаецца з кожным месяцам. Асабліва гэта заўважна ў турыстычнай сферы, якая раней штогод прыносіла да 60% ВУП, а зараз, праз сусветны эканамічны крызіс, знаходзіцца ў стагнацыі.

У выніку урад краіны апынуўся ў непрыемным становішчы. З аднаго боку ЕС, які патрабуе правесці рэфармаванне эканомікі краіны ўзамен на чарговыя льготныя крэдыты, а з іншага – уласныя грамадзяне, якія жадаюць, як і раней, працаваць на дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўстановах, не баючыся скарачэнняў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?