У Гальшанах будуюць аграгарадок. Кладзецца новы брук на ходніках, перамалёўваюцца фасады дамоў, рамантуюцца сталоўка, дом быту і інш., перад будынкам адміністрацыі зьявіцца помнік Соф’і Гальшанскай.

Будучы там зь невялічкай групай студэнтаў 24 жніўня падчас экспэдыцыі-вандроўкі Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў, акрамя станоўчых зьменаў па добраўпарадкаваньні цэнтру мы былі зьдзіўленыя руйнаваньнем колішняга будынку былога габрэйскага банку. Магчыма, у гэтыя хвіліны будынак ужо зьнік.

Гэты двохпавярховы будынак першай траціны ХХ ст. месьціцца на рагу Замкавай і Трабскай вуліц, што выходзіў бакавым фасадам на галоўную плошчу мястэчка насупраць касьцёлу, падтрымліваючы такім чынам архітэктурны ансамбль цэнтральнай часткі плошчы мястэчка. Будынак належаў мясцоваму калгасу «Гальшаны», які некалькі год таму аб’ядналі зь іншымі ў адзін вялікі калгас. Кіраўніцтва аб’яднанага калгасу месьціцца ў іншым месцы, таму будынак апошнім часам практычна пуставаў. Толькі першы паверх займала бібліятэка і аддзяленьне «Беларусбанку». Яшчэ год таму мы, студэнты, тут, у гэтым будынку, жылі і праводзілі архітэктурны летнік разам з нашымі калегамі з Польшчы. А два гады таму іншыя польскія студэнты-архітэктары таксама падчас летніка рабілі нават эскізны праект рэканструкцыі будынку пад гатэль і кавярню, бо гэтага хацеў кіраўнік раёну ў размове з кіраўніцтвам нашага факультэту (я тады таксама прысутнічаў). Калі мы жылі тут падчас летнікаў, мы не заўважылі асаблівых праблемаў у канструкцыі будынку. Добра памятаю, як кожны дзень нам было прыемна прачынацца пад гук званоў касьцёлу, адсюль адкрываўся добры від на плошчу й касьцёл, а ў бібліятэцы была ўся патрэбная літаратура.

Будынак быцам бы Гарадзенскае МНС прызнала аварыйным дзеля слабых муроў і фундамэнтаў. Стала вядома, што на месцы будынку мусіць зьявіцца аўтастаянка. Між тым работнікі, якія разьбіралі будынак, апавялі, што сьцены ў нармальным стане.

Будынак, хоць не такі стары і ўнікальны, але важны з гледзішча фармаваньня архітэктурнага асяродзьдзя Гальшанаў, яго было відаць з розных важных месцаў. Тым больш што пужае любы прэцэдэнт: а што калі наступным будзе лякарня насупраць, дзеля дрэннага санітарнага стану? І дзе выкананьне праграмы па разьвіцьцю турызму, калі хутка няма што будзе глядзець? Побач стаіць савецкі аднапавярховы будынак Дома быту, і яго чамусьці рамантуюць, а помнік архітэктуры разбураюць!

Вядома, трэ было перакласьці драўляныя бэлькі і падлогу на другім паверсе, зрабіць нармальную гідраізаляцыю фундамэнту, але руйнаваньне помніка архітэктуры – гэта ня выйсьце. Калі і сапраўды былі праблемы, то тут тады мусяць працаваць рэстаўратары, але не руйнавальшчыкі. Гэта страшна, калі адчуваеш, што праз адсутнасьць у кагосьці глуздоў і прадбачлівасьці мы страчваем суцэльнасьць нашай культуры, а ў гэтым выпадку ўнікальны ансамбль гістарычнай забудовы Гальшанаў.

Праекты рэканструкцыі і этапы дэструкцыі габрэйскага банку ў Гальшанах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?