Грузія запанікавала пасля таго, як суботнім вечарам у эфіры тэлеканала «Імедзі» быў паказаны паўгадзінны рэпартаж пра новае расійскае ўварванне ў краіну, гібель прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі і здраду грузінскай апазіцыі. Пра тое, што гэта інсцэніроўка, гаварылася толькі адной фразай у пачатку і канцы перадачы.

У мінулую суботу гледачы грузінскага тэлеканала «Имеди» замест традыцыйнай інфармацыйнай перадачы «Хроніка» ў восем гадзін вечара ўбачылі «спецыяльны выпуск». Тыя, хто глядзеў перадачу не спачатку, зведалі шок: размова ў выпуску ішла аб новай вайне з Расіяй, гэтым разам яшчэ больш няўдалай для грузінскай арміі.

Вядучы інфармацыйнага выпуску з поўнай сур’ёзнасцю сцвярджаў, што «сёння, 7 чэрвеня», пасля тэракту супраць паўднёваасяцінскага прэзідэнта Эдуарда Какойты, Расія зноў уварвалася на тэрыторыю Грузіі, прэзідэнт Саакашвілі загінуў пры спробе эвакуацыі, а ўладу ў краіне захапілі экс‑спікер грузінскага парламэнта Ніно Бурджанадзэ і апазіцыянер Зураб Нагаідэлі.

Пра тое, што гэта не сапраўдныя навіны, а містыфікацыя, закліканая прадказаць будучыню, гледачоў папярэджвалі толькі адной фразай — у пачатку і ў канцы паўгадзіннага эфіру. Увесь астатні час «Імедзі» расказваў пра тое, як у Тбілісі ўваходзяць расійскія танкі і дзе грузінскія вайскоўцы прымаюць бой.

Па заканчэнні перадачы ў эфір тэлеканала вярнулася вядучая Нація Каберыдзэ, запрасіўшы гасцей студыі, сярод якіх былі палітолагі і грамадскія дзеячы, да абмеркавання, ці верагодны такі сцэнар ў будучыні.

У гэты самы час з Поці і Горы, якія ў жніўні 2008 году ўжо бамбіла расійская авіяцыя, сталі паступаць паведамленні, што мясцовае насельніцтва ў паніцы пачало пакідаць горад. На бензазапраўках стаялі калоны машын, у прадуктовых крамах утварыліся чэргі. Па дадзеных Тбіліскай службы хуткай дапамогі, колькасць выклікаў падвоілася, і лекарам давялося працаваць амаль у надзвычайным рэжыме.

Прыйшоўшы ў сябе, абураныя жыхары сталіцы сталі збірацца ля будынка тэлеканала, патрабуючы выбачэнняў ад начальства. Сюды ж прыехалі і некаторыя лідэры апазіцыі, у тым ліку Бурджанадзэ. «Імедзі» адрэагаваў, калі абмеркаванне перадачы яшчэ ішло, пусціўшы бягучы радок з выбачэннямі перад сваімі гледачамі. Аднак услед гасцям, што выходзілі са студыі, ляцелі абразы. Бурджанадзэ паабяцала, што не пазней чым у панядзелак падасць у суд на «Імедзі».

Прэзідэнт Саакашвілі, якога не было напярэдадні ў сталіцы, абвясціў, што перадача пра ўяўную вайну з Расіяй была для яго вельмі непрыемнай, і калі тэлеканал хацеў абмеркаваць верагоднасць новага расійскага ўварвання, то мог зрабіць гэта і па‑іншаму.

Саакашвілі дадаў, што выпуск «Хронікі» быў максімальна блізкі да магчымага развіцця падзей.

«Гэта насамрэч быў вельмі непрыемны фільм, але найнепрыемнейшым ёсць тое, што гэты рэпартаж быў максімальна блізкі да таго, што можа адбыцца ці задумана ворагам Грузіі. Паказ насамрэч дрэннага фільма пачаўся летам 2008 года. Яны вырашылі нам паказаць, як разбураецца Грузія, і думалі, што грузінскі народ апынецца ў ролі паслухмянага гледача і спакойна прыме ўсё гэта, але ў іх гэта не атрымалася, і грузінскі народ перапыніў паказ гэтага фільма», — заявіў ён.

Саакашвілі таксама заўважыў, што намёкі на тое, што частка ўзброеных сілаў Грузіі можа адмовіцца падпарадкоўвацца загадам галоўнакамандуючага ў выпадку новай вайны, недарэчныя. Гуляць з гэтай тэмай нельга, заявіў прэзідэнт. «Пра мяне няхай гавораць усё, што хочуць, але з войскам трэба быць асцярожнымі, таму што гэта тое, на чым стаіць грузінская дзяржава», — дадаў ён.

Гендырэктар тэлеканала Георгій Арвеладзэ спецыяльна падкрэсліў, што аўтары перадачы не ставілі сабе мэтай запалохаць грузінскае грамадства. Перадача «была шокавай для грамадства, мы гэта ўсведамляем і выбачаемся, — заявіў ён. — Атрыманы вынік аказаўся цяжкім з этычнага пункту гледжання. Але гэта не ўваходзіла ў план або задачы гэтай перадачы. Галоўны прынцып быў у тым, каб грамадства было папярэджанае, і ў пачатку перадачы так і было зроблена. Я бяру на сябе адказнасць за тое, што адбылося, і не збіраюся ні на кога паказваць пальцам», — сказаў Арвеладзе.

У панядзелак Нацыянальная камісія па тэлекамунікацыях павінная сабрацца на надзвычайнае паседжанне, на якім будуць ацэненыя дзеянні «Імедзі». «Нацыянальная камунікацыйная камісія ўлічвае і паважае прынцып рэдакцыйнай незалежнасці кожнага вяшчальніка, але адначасова катэгарычна патрабуе ад усіх вяшчальных кампаній няўхільна выконваць «Кодэкс паводзінаў вяшчальнікаў»«, — гаворыцца ў заяве камісіі, апублікаванай на яе афіцыйным сайце.

У ім таксама адзначаецца, што праграма «Спецыяльны рэпартаж», якая выйшла ў эфіры тэлекампаніі «Імедзі», часткай якой стала «Хроніка», гэты кодэкс парушыла. «Значная частка гледачоў была ўведзеная ў зман. Паводле ацэнкі старшыні і чальцоў Нацыянальнай камунікацыйнай камісіі, гэта было памылкай і безадказным стаўленнем тэлекампаніі ў дачыненні да патрабаванняў «Кодэкса паводзінаў вяшчальнікаў», — сцвярджаюць у камісіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?