Змяшчэнне пад варту старшага следчага па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Беларусі Святланы Байковай абскарджана генеральным пракурорам Рыгорам Васілевічам у судзе Цэнтральнага раёна сталіцы.

Як паведаміў Васілевіч, пратэст адхілены. Яго падначаленая застаецца пад вартай.

Нагадаем, Святлана Байкова, якая расследавала гучныя карупцыйныя справы, у тым ліку ў дачыненні да былога дырэктара дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Анатоля Грамовіча, была затрымана супрацоўнікамі КДБ у канцы лютага. Пра сутнасць выстаўленых ёй абвінавачанняў афіцыйна не паведамлялася.

3 сакавіка генпракурор заявіў журналістам,

што ў яго няма інфармацыі пра карыслівыя ці маёмасныя незаконныя дзеянні падначаленай.

Пры гэтым ён дапусціў, што Байкова магла ўчыніць нейкія парушэнні працэсуальнага характару. Аднак гэта, паводле слоў Васілевіча, будзе ўстаноўлена падчас следства.

15 сакавіка на сайце «Беларускі партызан» была апублікавана адозва да генпракурора былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзела па барацьбе з карупцыяй у органах дзяржаўнай улады МУС Вячаслава Дудкіна. Ён «перакананы, што беспрэцэдэнтны пераслед і арышт вядучага следчага Генпракуратуры па карупцыйных справах Святланы Байковай з’яўляецца чарговым звяном ланцуга супрацьпраўных дзеянняў спецслужбаў пад маркай «арганізацыі нацыянальнай бяспекі».

«Крымінальны пераслед КДБ следчай Байковай мае відавочна замоўлены характар з мэтай пазбягання прыцягнення да адказнасці высокапастаўленых службовых асоб праваахоўных органаў

па справе, якую яна расследуе», — піша Дудкін. Ён лічыць, што, «улічваючы аб’ём і значнасць інфармацыі, якой валодае Святлана Анатольеўна, у СІЗА КДБ яе жыццё знаходзіцца ў небяспецы».

Вячаслаў Дудкін папрасіў Рыгора Васілевіча «адмяніць незаконныя працэсуальныя рашэнні КДБ у дачыненні да Святланы Байковай і іншых супрацоўнікаў яе групы, а таксама перашкодзіць дасягненню галоўнай мэты іх пераследу і забяспечыць поўнае, аб’ектыўнае і ўсебаковае завяршэнне расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да злачыннай арганізацыі кантрабандыстаў і іх заступнікаў, нягледзячы на чыны і званні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?