Праўда, зрабіў ён гэта ўскосным чынам. Спачатку Вайтовіч сказаў, што ініцыятыва Пазьняка аб "народным галасаваньні" заслугоўвае ўвагі. А церазь некалькі дзён на сайце былога кандыдата зьявіўся заклік да распаўсюду інфармацыі аб гэтай ініцыятыве, якую акадэмік палічыў слушнай (пра саму схему з заменай выбарчых бюлетэняў, прапанаваную Пазьняком, "Наша Ніва" паведамляла ўжо неаднойчы). Напрошваецца выснова, што каманда Вайтовіча падтрымлівае лідэра БНФ. Праўда, выглядае гэта трохі непасьлядоўна, калі ўлічыць, што акадэмік Вайтовіч, спыняючы збор подпісаў, заявіў аб нелегітымнасьці саміх цяперашніх выбараў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі ды заклікаў усіх спаборнікаў адмовіцца ад выбарчай кампаніі.

Акадэмічны капрыз

Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі ўвогуле ўзьнікае ўсё больш пытаньняў. Не да ўлады, зразумела. Яе дзеяньні яшчэ й якія лягічныя ды прадказальныя, сьведчаньнем чаго стаўся, напрыклад, выклік у Цэнтравыбаркам на дыван кіраўнікоў ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за Мілінкевіча й Пазьняка. А вось апазыцыйныя сілы, якія выставілі сваіх прэтэндэнтаў, паводзяць сябе нярэдка алягічна. Калі ўдзел дзейнага прэзыдэнта ў выбарах незаконны, як сьцьвярджаюць некаторыя з прэтэндэнтаў, дык навошта асьвячаць, так бы мовіць, гэтыя выбары сваім удзелам у іх? Спадзяваньне на тое, што ўлады ўдасца перахітрыць "народным галасаваньнем"? Але ж гульням з падменнымі паперкамі на галасаваньні споўнілася прыкладна столькі год, колькі ў Беларусі існуе апазыцыя. Ці мелі гэтыя гульні з паперкамі хоць аднойчы які-кольвек заўважны эфэкт? Мяркуючы па тым стане, у якім апынуліся сёньня дэмакратыя ды беларуская апазыцыя, - наўрад ці.

Адкуль у ініцыятараў падобных гульняў упэўненасьць у тым, што ў народзе раптам абудзіцца сьвядомасьць і людзі пачнуць у масавым парадку выносіць з сабой выбарчыя бюлетэні, пакінуўшы ў скрынях паперкі зь імем сапраўднага пераможцы "народнага галасаваньня"? І што: сябры выбарчых камісіяў, убачыўшы гэтыя вынікі, раптам засаромеюцца ды пачнуць дзейнічаць не паводле інструкцыяў, складзеных Цэнтравыбаркамам, а паводле сумленьня й маральнага абавязку?

Ня выключана, што сярод прыхільнікаў такога змаганьня з рэжымам ёсьць тыя, хто шчыра верыць у слушнасьць падобных мэтадаў.

Зразумела, кожны грамадзянін мае права ня толькі галасаваць за таго, каго ён падтрымлівае, але й рабіць гэта такім чынам, які лічыць мэтазгодным і адпаведным закону. Альбо не галасаваць увогуле. Пры гэтым звычайны грамадзянін можа спачатку падтрымліваць аднаго кандыдата, потым - іншага, і нават ставіць подпіс на этапе іх збору за кожнага з прэтэндэнтаў, а ў выніку выкрасьліць са сьпісу ўсіх кандыдатаў альбо байкатаваць выбары. Але ж палітыкі ня маюць права на тое, каб рабіць нешта пад уплывам эмоцыяў альбо капрызаў.

Біць альбо ня біць?

Палітык, які спачатку не схацеў падтрымаць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, пайшоў на выбары самастойна, потым адмовіўся ўдзельнічаць у іх, заклікаючы ўсіх дзейнічаць паводле ягонага прыкладу, ды, урэшце, падтрымаў іншага прэтэндэнта, наўрад ці быў сапраўдным палітыкам.

Падобная палітыка нагадвае не палітыку, але гульню ў пясочніцы. Калі людзі, якія лічаць магчымай падобную "палітыку", ігнаруюць волю лідэраў дэмакратычных партыяў, што змаглі згуртавацца вакол адзінага кандыдата, яны дэманструюць ня проста сваю неляяльнасьць ідэі адзінства, упартасьць ці асабістыя амбіцыі - яны дэманструюць сваю нясьпеласьць, свайго роду інфантылізм у палітыцы.

Тут няма гаворкі аб тым, наколькі ўдалым быў выбар дэмакратычных сілаў, што спынілі яго на цяперашнім "адзіным кандыдаце". І ня ў шанцах яго на выбарах. І нават ня ў тым, наколькі гэтыя выбары можна прызнаць законнымі. Усё гэта - прадмет учорашніх дыскусіяў. Пазалеташні сьнег. Зараз ідзе выпрабаваньне беларускай апазыцыі на трываласьць, здатнасьць рабіць нешта, адстойваць свае інтарэсы й прынцыпы ў самых складаных варунках. Скардзіцца на лютасьць улады - справа, дальбог, няўдзячная. Спачуваньня тут можна дамагчыся хіба на Захадзе. Свайго роднага абываталя казкамі пра злога воўка і "чырвоны каптурок" ня проймеш. Ваўкоў баяцца - у лес не хадзіць.

З другога боку, немагчыма вечна хадзіць аднымі й тымі сьцежкамі. Немагчыма ўвесь час рыхтавацца да наступных выбараў. Прычым, заўважым, прайграных выбараў. Справа, зразумела, не ў стратэгіі й тактыцы, якія трэба распрацоўваць загадзя, ня ў тым, што санкі трэба рыхтаваць улетку, але ў тым, што прыйшоў час плаціць па старых рахунках.

Калі ўлада ўвесь час трымае лідэраў апазыцыі за дурняў, выстаўляючы іх у дзяржаўных СМІ блазнамі, злодзеямі, нягоднікамі, але дазваляючы ім пры гэтым пэрыядычна ўдзельнічаць у спэктаклі пад назвай "выбары", нельга не задацца пытаньнем, ці толькі ўлада ў гэтым вінаватая? Калі апазыцыя дазваляе сябе заўсёды біць, яна й будзе заўсёды бітая.

"Птушыны грып" у палітыцы

Калі ставіцца да выбараў і ўдзелу ў іх як да нечага несур'ёзнага, маргінальнага, дык і ставіцца да іх удзельнікаў народ будзе несур'ёзна, грэбліва. Зноў жа, размова аб легітымнай заваёве ўлады шляхам выбараў, на жаль, ужо даўно не вядзецца. Рэч у тым, каб дэмакратычная апазыцыя, у тым ліку - творчая інтэлігэнцыя, вярнулі самапавагу да сябе, веру ў свае сілы й вартасьць. Тады зьявіцца й павага з боку грамадзтва.

Аб якой жа павазе сёньня можа ісьці размова, калі частка творчай інтэлігэнцыі падтрымлівае былога рэктара, вядомага ня толькі сваімі рэтраграднымі поглядамі й цынічным стаўленьнем да беларускай мовы, але й перасьледам студэнтаў па палітычных матывах? Вылучэньне такога кандыдата пад нібыта дэмакратычнымі сьцягамі выглядае, хутчэй, як зьдзек з дэмакратычных прынцыпаў.

Пыха й непавага да апанэнтаў, самаўпэўненасьць і фанабэрыстасьць, цынізм непрыемныя ў кожным чалавеку. Калі ж гэтыя рысы праяўляюцца ў дзеячах апазыцыі, якая нічога, у прынцыпе, рэальнага не дамаглася за апошнія 12 гадоў, альбо ў тых, хто толькі нядаўна зрабіўся дэмакратам з-за зьбегу акалічнасьцяў, то яны здольныя выклікаць агіду ды неўразуменьне.

На горшыя чалавечыя якасьці, у тым ліку і ў асяродку палітыкаў, заўсёды разьлічвае ўлада. Зразумела, яна ў любы момант можа зьмяніць правілы гульні, прыдуманыя ёй самой. Яна можа проста зьняць усе фігуры з шахматнай дошкі, пакінуўшы аднаго караля. Але нават дэспатычная ўлада звычайна марыць аб "чыстай перамозе" над спаборнікам. Значна больш каштоўным для яе было б пакінуць некалькі пешак праціўніку, каб атрымаць затым "элегантную перамогу".

Інфантыльнасьць у палітыцы, ці нежаданьне думаць, некаторы час можа здавацца нават забаўнай. Зь цягам часу, аднак, яна набывае цяжкія формы дэбілізму. На жаль, некаторыя з гэтых формаў бываюць заразныя. У адрозьненьне ад "птушынага грыпу", яны ня лекуюцца. І галоўнае - маюць глыбокія наступствы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0