21 сакавіка ў Горадні пройдзе ІІІ агульнанацыянальная Дыктоўка — «Гародня, будзьма з мовай‑2010!».

Гэтым разам тэкст Дыктоўкі — прадмова Ўладзіміра Караткевіча да кнігі «Памяць зямлі беларускай». Чытаць тэкст будзе вядомы паэт і перакладчык, кіраўнік беларускага ПЭН‑цэнтру Андрэй Хадановіч.

Пасьля дыктоўкі адбудзецца «шоў‑сьвята мовы» ад Андрэя Хадановіча. Усе ўдзельнікі атрымаюць памятныя падарункі. Па заканчэньні імпрэзы ўсіх чакае сьвяточны торт.

«Дыктоўка ня ёсьць тэстам на валоданьне мовай. У першую чаргу гэта жэст салідарнасьці зь беларускай мовай, зь беларускай незалежнасьцю, нашае сьведчаньне таго, што беларуская мова жывая і мае ў нашым горадзе шмат прыхільнікаў, — кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства актывіст руху «За свабоду» Эдвард Дмухоўскі

Дыктоўка арганізоўваецца шэрагам гарадзенскіх грамадзкіх арганізацый, ініцыятываў ды проста цікавымі, неабыякавымі людзьмі. Гарадзенскую дыктоўку «Гародня, будзьма з мовай‑2010!» падтрымалі кампанія «Будзьма беларусамі», тэлеканал «Белсат», радыё «Рацыя».

Мерапрыемства пройдзе 21 сакавіка а 12.00 па вуліцы Будзёнага 48а‑100 (заля ва ўнутраным дворыку).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?