Камiсiя па найменаваннi i перайменаваннi пры Мiнгарвыканкаме даволi плённа працуе апошнiя гады. Яшчэ раней мiнчане займелi вулiцы Напалеона Орды, Яна Чачота, Ежы Гедройца, Уладзiслава Галубка, Усевалада Ігнатоўскага, Алеся Гаруна.

На апошнiм пасяджэннi камiсii зацверджаныя некаторыя перайменаваннi. Так, вулiцы Рэвалюцыйнай вяртаецца гiстарычная назва Койданаўская, вулiцы ВызваленняУваскрасенская, Гандлёвая зноўку будзе Зыбiцкай.

Камунальная ўзбярэжная стане Траецкай узбярэжнай, вулiца Герцэна — Бернардынскай, Дзiмiтрава — Пятнiцкай, Вiцебская — Нямiга‑Ракаўскай.

Па каментар мы звярнулiся да сябра Камiсii, выкладчыка гiсторыi БДЭУ Iвана Сацукевіча.

— Хачу звярнуць увагу, што вулiцы яшчэ не перайменаваныя, — адзначыў спадар Iван. — Гэта пакуль што рашэнне Камiсii. Зараз мы гэта ўсё публiкуем у сродках масавай iнфармацыi, а грамадзяне выказваюць свае думкi на гэты конт. Потым усе меркаваннi збiраюцца i, калi рэзка адмоўных меркаванняў няшмат, рашэнне Камiсii выносiцца на сесiю Мiнгарсавета.

Як паказвае практыка, усе рашэннi Камiсii гарсавет звычайна зацвярджае, бо яны, што называецца, вымераныя ўсiмi магчымымi лiнейкамi, прагледжаныя, прадуманыя з усiх бакоў.

Камiсiя складаецца з чыноўнiкаў Мiнгарвыканкама: намеснiка мэра горада па культуры i адукацыi, начальнiка ўпраўлення культуры Мiнгарвыканкама, галоўнага мастака горада; з дэпутатаў, а таксама прадстаўнiкоў грамадскасцi — дырэктара Нацыянальнага гiстарычнага архiва Алы Галубовiч, вядомага гiсторыка Уладзiмiра Дзянiсава, прафесара Адама Мальдзiса, некаторых iншых людзей.

Паводле слоў Iвана Сацукевiча, пэўныя праблемы ўзнiкаюць, калi вулiца ў розныя часы мела розныя назвы.

Камiсiя выбiрае самую першую вядомую гiстарычную назву,

— кажа спадар Сацукевiч. — Калi ж няма магчымасцi яе падабраць, стараемся выбiраць з пункту гледжання эстэтыкi i гiсторыi.

Канкрэтныя прыклады з апошнiх перайменаванняў спадар Сацукевiч пракаментаваў асобна.

— Вулiца Герцэна мела назву i Бернардынская, i Малая Бернардынская, i Зазыбiцкая — у яе тры назвы. Але найбольш часта сустракалася менавiта Бернардынская…. Вулiца Дзiмiтрава ад XVI стагоддзя сапраўды называлася Вялiкая Татарская. Але ж у нас ужо ёсць Татарская вулiца ў Мiнску — на татарскiх могiлках. Я думаю, няма нiякага сэнсу называць яе Вялiкай Татарскай.

Лепей ужо потым лабiраваць станцыю метро «Татарская слабада» — калi ў гэтым раёне будзе праходзiць трэцяя лiнiя метро….

Назва Нямiга‑Ракаўская сустракаецца ад канца XVIII стагоддзя, таксама яна называлася Нямiгскi завулак. Але назва Нямiга‑Ракаўская добрая тым, што яна паказвае геаграфiчную лакалiзацыю — памiж вулiцай Ракаўскай i вулiцай Нямiгай.

Iван Сацукевiч кажа, што вялiкая праблема — вулiцы, названыя iмёнамi савецкiх дзеячаў,

многiя з якiх увогуле не маюць дачынення да Беларусi.

— Гэта сур’ёзная праблема, — адзначае спадар Iван, — пра яе пастаянна гавораць i экскурсаводы, i журналiсты, i гiсторыкi. Сапраўды ёсць вулiцы, названыя ў гонар людзей, якiя не маюць абсалютна нiякiх адносiнаў нi да Мiнска, нi да Беларусi. Калi той жа самы Ленiн, Кiраў, Калiнiн хоць бы бывалi ў Беларусi, то, напрыклад, Валадарскi, Свярдлоў маюць да нас ускоснае, калi не адмоўнае, дачыненне.

Гэта праблема, i мы будзем яе паступова вырашаць.

Разам з вулiцамi атрымалi назвы i некалькi сквераў. Самая экзатычная назва — сквер iмя Амара Хаяма каля аўтавакзала «Усходнi».

— За апошнiя 70 год быў вельмi моцны перакос у руска‑савецкi бок, — кажа спадар Сацукевiч. — Я лiчу, што абсалютна неабгрунтавана быў забыты той жа Амар Хаям — адзiн з самых вядомых у свеце паэтаў!

Няхай будуць i Хаям, i Шапэн, i Бетховен!..

Трэба адзначыць, што, нягледзячы на высiлкi камiсii, многiя мiнскiя вулiцы працягваюць насiць неадназначныя назвы. Напрыклад, Вiльгельм Кнорын (вулiца яго iмя знаходзiцца непадалёк ад гадзiннiкавага заводу) у 1918 годзе пiсаў: «Мы лiчым, што беларусы не з’яўляюцца нацыяй i што тыя этнаграфiчныя асаблiвасцi, якiя вылучаюць iх… мусяць быць вынiшчаныя. Нашай задачай з’яўляецца не стварэнне новых нацый, а знiшчэнне старых нацыяналiстычных рагатак».

Шмат, шмат яшчэ працы ў Камiсii па найменаваннi i перайменаваннi пры Мiнгарвыканкаме!..

Меркаванне скептыка: «Перайменаванне iдзе хаатычна i бессiстэмна»

Магiстр мастацтвазнаўства, вялiкi знаўца мiнскай гiсторыi Сяргей Харэўскі мае сваё бачанне справы:

— Безумоўна, я вiтаю памкненне чыноўнiкаў вярнуць мiнскiм вулiцам гiстарычныя назвы. Вядома, калi я чую назвы «Койданаўская» цi «Зыбiцкая» — цешуся!.. Аднак некаторыя перайменаваннi часам выклiкаюць у мяне пытаннi. Скажам, цяперашняе перайменаванне вулiцы Дзiмiтрава ў Пятнiцкую. Так, да XVI стагоддзя яна сапраўды была Пятнiцкай. Але ад таго часу — i ажно да 1934 года! — яна насiла назоў Вялiкая Татарская. Як i Пятнiцкi канец называўся Татарскiмi Агародамi. Бо там, атрымаўшы ў свой час дазвол ад князя, заўжды жылi татары. Захаваўся дакумент, дзе мула Салейман просiць у князя дазвол перабудаваць спарахнелую Пятнiцкую царкву пад мячэць — i такi дазвол атрымлiвае!..

З вулiцай Герцэна, якую перайменавалi ў Бернардынскую, таксама, лiчу, ёсць недакладнасць. Яна раней называлася Малабернардынская, затым — пасля паўстання 1863 года — Маламанастырская. А Старабернардынская цi проста Бернардынская называлася суседняя вулiца, цяперашняя Кiрылы i Мяфодзiя. З вулiцай Вiцебскай увогуле незразумела — каму яна замiнае? Гэтай назве больш за 100 гадоў!.. А назва Нямiга‑Ракаўская заблытае народ: ёсць Нямiга, ёсць Ракаўская — дык вось вам яшчэ i Нямiга‑Ракаўская!.. Увогуле, хачу адзначыць, што вулiцы ў Мiнску пераймяноўваюцца бессiстэмна i не заўжды адназначна. Хачу прывесцi ў прыклад суседнюю Лiтву — там на пачатку 1990‑х сабралася група гiсторыкаў, i ўсiм вулiцам адным махам вярнулi гiстарычныя назвы. А потым надрукавалi адпаведныя буклеты i карты, каб людзям было лёгка прывыкнуць. Iншы станоўчы прыклад — нашае Маладзечна, дзе ў сярэдзiне 90‑х адным росчыркам вярнулiся назвы Замкавая, Грамадоўская, Вялiкi Гасцiнец, Вiленская…

Тым часам

Разам з вулiцамi закранула камiсiя i пытанне з назвай станцыi метро — «Плошча Ленiна» цi «Плошча Незалежнасцi»? Перамог апошнi варыянт. Гэтая справа цягнулася 20 гадоў: за савецкiм часам станцыя (i плошча) насiлi iмя правадыра сусветнага пралетарыяту. Незалежнасць Беларусi прынесла адпаведную назву i плошчы. Станцыю метро па iнерцыi таксама сталi называць «Плошча Незалежнасцi» — хоць на самой станцыi працягвала красавацца iмя Ленiна. Пару гадоў таму метрапалiтэн раптам вырашыў «прыбраць недарэчнасць» — i ў цягнiках зноў пачулася «наступная станцыя — Плошча Ленiна». Беларусы, якiя ўжо прызвычаiлiся да Незалежнасцi, пачалi абурацца. I вось камiсiя, нарэшце, навяла парадак. Цi зменяць аздобу станцыi, пакуль няясна.

Цікава ведаць

Што азначае назва вулiцы Амуратарскай у Мiнску? Нiшто iншае, як «дарогу да мячэцi»!.. У канцы гэтай вулiцы сапраўды стаяла мячэць, а наўкол, адпаведна, жылi татары.

Вулiцы Слясарная, Андрэеўская, Антонаўская ў раёне Плошчы Перамогi называюцца так яшчэ ад царскага часу. Гэтаксама як i вулiца Шпалерная, Дабрамысленскi i Паўночны завулкi.

Калi спытаць у любога, як звалi таварыша Валадарскага, у гонар якога названая вулiца ў Мiнску — адкажуць нямногiя. Тым часам, «Валадарскi В.» — проста партыйная мянушка расiйскага рэвалюцыянера, якi, дарэчы, не меў нiякага дачынення да Беларусi.

Юбiлейная плошча — гэта далёка не савецкая назва, як даводзiцца часам чуць. Назву плошча атрымала яшчэ ў 1880‑х гадах — у гонар юбiлею Нiкейскага царкоўнага сабора было дазволена паставiць тут каплiцу i даць плошчы такi назоў.

Самая старая назва мiнскай вулiцы — Нямiга. Неверагодна, але на ёй не засталося нiводнага будынка з таго часу, калi вулiца ўжо так называлася…

Глеб Лабадзенка, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0