5 сакавіка скончыўся этап збору подпісаў кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў. Цяпер іх на сапраўднасць правяраюць выбарчыя камісіі. Салігорскі «маладафронтавец» Аляксей Валабуеў расказвае пра першы этап выбарчай кампаніі.

«Наша Ніва»: Як ацэніш этап збору подпісаў на сваёй акрузе?

Аляксей Валабуеў: У прынцыпе, пазітыўна. Агулам мая каманда назбірала 507 подпісаў з 2800 жыхароў акругі. За мяне падпісаўся кожны пяты. Падчас збору мы зайшлі абсалютна ў кожны дом, пад’езд, пазванілі ў кожную кватэру. Але дзесьці не было гаспадароў. У ідэале мы павінны былі вярнуцца туды зноў, але на гэта ўжо не хапіла часу. Калі зарэгіструюць кандыдатам, зноў давядзецца абысці кожную кватэру.

«НН»: А адмоваў шмат было?

АВ: Зусім няшмат. Мы пачалі збіраць подпісы ў першы ж дзень. Таму для людзей мы былі такімі свежанькімі, новымі, цікавымі. Яны вельмі пазітыўна да нас ставіліся. Асноўная частка маёй каманды — беларускамоўныя людзі. Людзі ўспрымалі тое, як належнае. Можа, спачатку і думалі, што прыйшоў нейкі беспрацоўны партыец, але потым, калі глядзелі, што малады інжынер, дык з радасцю падтрымлівалі. Бабулькі ўжо загадзя рыхтавалі пашпарты.

«НН»: А негатыў нейкі быў?

Аляксей Валабуеў нар. у 1981 у пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна. Інжынер‑будаўнік, грамадскі актывіст, праваабаронца. У 2003 скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «інжынер‑будаўнік». У жніўні 2003 года размеркаваны ў Салігорск у будаўнічую арганізацыю «Белсантэхмантаж‑2», дзе і працуе інжынерам.

АВ: Ды не сказаў бы. Ужо ў самым канцы збору подпісаў па некаторых дамах раней за нас прайшлі нашы канкурэнты. Таму людзі з гэтых дамоў крыху напружваліся. Казалі, што да іх ужо прыходзілі збіраць подпісы. Але гэта не таму, што менавіта мы ім не падабаемся.

«НН»: А ведаеш сваіх канкурэнтаў па акрузе?

АВ: У выканкаме нам такую інфармацыю не далі, але не вельмі і хацелася. У мінулы раз па гэтай акрузе ішла цяперашняя старшыня райсавета спн.Клішэвіч. Маглі б выбраць і больш лёгкую акругу, але нам няма асаблівай розніцы, каго перамагаць.

«НН»: То бок верыш у перамогу?

АВ: Ну што такое верыш? Я ведаю, што ўжо перамог падчас збору подпісаў. Бачу, што большасць аддасць за мяне свае галасы. Пытанне толькі, наколькі справядліва іх будуць лічыць і ці зарэгіструюць мяне.

«НН»: А чаму ў Салігорску і раёне гэтым разам на выбары ідзе так мала апазіцыі?

АВ: У нас апазіцыя досыць сталага веку. Яна прайшла праз шмат падобных кампаній. Напэўна, некаторыя проста стаміліся. У нас маладая каманда. Мы разлічваем на перспектыву. Каб у выпадку чаго ўвайсці ва ўладу.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0