У суботу, 14 студзеня, зуброўцы вывесілі над Нямігай расьцяжку з напамінам аб Дні памяці. Міліцыянты, што якраз натрапіліся побач, толькі апатычна зірнулі ў той бок - "не на працы". Так расьцяжка і правісела гадзіну.

Галадоўкі

Сяргей Скрабец 10 студзеня абвясьціў галадоўку. Ён патрабуе, каб яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе на час удзелу ў выбарах. Суд над палітыкам пачаўся 16 студзеня.

У Калінкавічах з 16 сьнежня галадае чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст. Ён дамагаецца, каб прызналі прычынай захворваньняў і інваліднасьці ягоны ўдзел у ліквідацыі вынікаў катастрофы.

Прэса вочы коле

Віцебская "Белпошта" 10 студзеня адмовілася распаўсюджваць недзяржаўны "Віцебскі кур'ер" адразу па выхадзе першага нумару за 2006 год.

11 студзеня каля рэдакцыі "Народнай Волі" сілавыя структуры выставілі пост.

У Ваўкавыску 12 студзеня міліцыянты затрымалі распаўсюдніцу "Местной газеты" Маргарыту Макавей, сканфіскавалі 69 асобнікаў выданьня, хоць яна мела ўсе неабходныя дакумэнты.

Фёдара Поляка затрымалі 12 студзеня ў Сьветлагорску за тое, што ў яго ў руках была газэта "Рэгіянальныя навіны".

16 студзеня на расейскай мяжы арыштаваны наклад незалежнай газэты "Вольны горад": яе везьлі з Смаленску ў Крычаў.

Пастка для Зубра

Актывіста моладзевага руху Аляксандра Казакова 10 студзеня выклікалі на допыт у менскую пракуратуру: на яго й Зьмітра Зубра завялі крымінальную справу "за супраціў работнікам міліцыі ў часе затрыманьня". Казакову падчас затрыманьня зламалі нос.

14 студзеня ў Менску ля кінатэатру "Перамога" затрымалі 10 грамадзянаў Расеі, у тым ліку прадстаўніка студэнцкага руху "Я думаю" Івана Ніненка, а таксама менчукоў Вадзіма Місюка і Ігара Помаза. Іх зьвінавацілі ў нанясеньні графіці "антыпрэзыдэнцкага характару". Чацьвёра з масквічоў належаць да гурту "CWWTP", які меўся ўдзельнічаць у канцэрце ў сталічным клюбе.

У Гомелі 16 студзеня на 15 сутак асуджаны Сяргей Хасьцічэнка за "антыдзяржаўныя" графіці.

Хоме адмовілі

Выключаная з БДЭУ актывістка студэнцкага руху Тацяна Хома 12 студзеня атрымала адказ зь Мінадукацыі на скаргу: міністэрства лічыць, што студэнтка-выдатніца "рэгулярна парушала ўнутраную дысцыпліну ўнівэрсытэту".

Беды Лябедзькі

Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку 9 студзеня чатыры разы надглядалі на дзяржаўнай мяжы.

Чэскіх сэнатараў не пусьцілі ў Беларусь

Чэскім сэнатарам Карлу Шварцэнбэргу і Яраміру Шцеціну беларуская амбасада 13 студзеня адмовіла ў візах без афіцыйнага тлумачэньня.

Тузаюць актывістаў Пазьняка…

7 студзеня ў Лідзе падчас збору подпісаў затрымалі Ўладзімера Хрышчановіча: на яго склалі пратакол пра адміністрацыйнае парушэньне.

У в.Вароны (Віцебскі р-н) 9 студзеня трое невядомых у цывільным спрабавалі ўварвацца ў дом Уладзімера Плешчанкі, чальца ініцыятыўнай групы лідэра КХП-БНФ.

У Менску 11 студзеня міліцыянты затрымалі зьбіральніцу подпісаў Алу Гуцаву: на яе склалі пратакол, заявіўшы, што забаронена зьбіраць подпісы ля мэтро. 12 студзеня ля мэтро затрымалі Валер'я Забродзіна.

...Мілінкевіча

Выхавацельку рабочага інтэрнату віцебскага прадпрыемства "КІМ" Ніну Кавалёву 9 студзеня змусілі напісаць заяву на звальненьне: ёй прапанавалі расклад працы, што яе не задавальняў.

Пад Жлобінам 12 студзеня міліцыянты затрымалі аўтамабіль Уладзімера Кацоры, кіраўніка Гомельскага штабу адзінага: машыну агледзелі ды склалі пратакол.

У Бялынічах 11 студзеня затрымалі Міколу Мяцеліцу. На яго склалі пратакол: яго вінавацяць у распаўсюдзе каляндарыкаў з партрэтам Мілінкевіча.

У Касьцюковічах затрымалі Ўладзімера Папкова: міліцыянты заявілі, што пасьведчаньне чальца ініцыятыўнай групы можа быць фальшывае.

12 студзеня а 7.30 чальца ініцыятыўнай групы Барыса Вырвіча з в.Машчаніца (Бялыніцкі р-н) забралі з дому міліцыянты: яны мелі загад ад начальніка РУУС прывезьці Вырвіча на размову да старшыні райвыканкаму.

Яўгена Скрабутана міліцыянты затрымалі 12 студзеня на чыгуначным вакзале ў Мастах, заявіўшы, што шукаюць скрадзены ў вагоне цягніка тэлефон. Сканфіскавалі 5000 каляндарыкаў з партрэтам Мілінкевіча і відэакасэту "Звычайны прэзыдэнт".

У Полацку міліцыянты 11 студзеня спрабавалі ўварвацца ў кватэру актывісткі выбарчай групы Леры Сом, сьпярша вінавацячы яе, што ў кватэры шумяць, а потым - што ў кватэру насілі нейкія газэты і ўлёткі.

Пракурор Смургонскага раёну 16 студзеня выклікаў Алеся Дзергачова, кіраўніка раённага выбарчага штабу, і за выпуск бюлетэню "Наш Смаргонскі край" вынес пісьмовае папярэджаньне "дзеля прадухіленьня магчымага парушэньня закону".

... за іншых кандыдытаў

11 студзеня ў Гомелі затрымалі Сяргея Гапанюка й Алега Шабетніка, якія зьбіралі подпісы за генэрала Валера Фралова.

Вайскоўцам з Слуцку Н.Баранаву і Л.Баранавай прапанавалі напісаць заявы пра выхад з ініцыятыўнай групы А.Казуліна, пагражаючы звальненьнем з войска.

З інтэрнату Менскага радыётэхнічнага каледжу 13 студзеня выселілі сябра ініцыятыўнай групы А.Казуліна Арцюхова.

Старшыня калгасу "ПСК Кашара" Рагачоўскага раёну Церашкова на сходзе 4 студзеня папярэдзіла калгасьнікаў, што за подпісы за кагосьці яшчэ акрамя Лукашэнкі іх могуць нават звольніць.

У Рагачове сябрам ініцыятыўнай групы А.Казуліна Паўлавай і Фірагінай пагражалі, што яны страцяць працу, калі будуць працягваць зьбіраць подпісы. Спн. Нягары ў Рагачове міліцыянт забараніў займацца зборам подпісаў, заявіўшы, што кампанія яшчэ не пачалася.

Сем сутак арышту за хвіліну пратэсту

Праваабаронцу з Барысава Алеся Абрамовіча затрымалі 11 студзеня каля Адміністрацыі прэзыдэнта: ён адну хвіліну прастаяў з плякатам "Выбары без дыктатара Лукашэнкі". Суд Ленінскага раёну прысудзіў сем сутак арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?