Такое палітычнае рашэнне прыняў ХІІІ з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў нядзелю.

 Анатоль Лябедзька. Фота Радыё «Свабода»

Анатоль Лябедзька. Фота Радыё «Свабода»

Ёсць такая старая беларуская традыцыя — партыя атрымлівае памяшканне для з’езда толькі ў самы апошні момант. Так было з БНФ, з ПКБ, так на гэты раз атрымалася і з Аб’яднанай грамадзянскай партыя. Зрэшты, сёлета атрымалася правесці сход у Палацы культуры МТЗ, а два гады назад дэлегатам даводзілася змяшчацца ў цесным, але гасцінным, памяшканні Сядзібы БНФ.

Зрэшты, цалкам для з’езда памяшканне так і не выдзелілі. У нядзелю ў палацы праходзіў «Мядовы кірмаш». Усе ж палітычныя жарсці праходзілі недзе ў глыбіні будынку, за яткам з мёдам і «праваслаўнымі травамі».

На сцэне вісеў вялізны плакат, дзе былі фатаграфіі 33 сяброў партыі. Што адразу кінулася ў вочы, дык гэтая мала колькасць жанчын на гэтым фота. Лозунгам жа гэтага з’езда быў: «Ствараем новае, захоўваем лепшае».

Ну і калі пішаш пра нейкую падзею з палаца МТЗ, то немагчыма не згадаць вялізны чырвона‑зялёны сцяг, што вісіць над сцэнай. Агэпісты былі знялі яго, але потым нейкі таварыш з адміністрацыі будынка павесіў яго на месца, строга забараніўшы любую самадзейнасць.

Калі ўжо ўспомніў мінулы з’езд АГП, то тады шмат гаварылася аб недахопах, крытыкавалася кіраўніцтва, цяпер жа асноўнай тэмай выступаў былі мясцовыя выбары. Кіраўніцтва партыі выступала за сыход АГП з выбарчай гонкі. Рэгіянальныя актывісты ўпіраліся — ім карціць прайсці кампанію да канца.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька растлумачыў, чаму ён выступае за спыненне ўдзелу ў выбарах. Найперш ён гаварыў пра тое, што амаль усе сябры АГП не былі ўключаныя ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Працягваюцца тыя ж парушэнні выбарчага заканадаўства, што былі і раней.

«Па такіх самых правілах будуць праходзіць і прэзідэнцкія выбары, — зазначыў А.Лябедзька. — А потым у нас запытаюцца, чаму мы згадзіліся ўдзельнічаць у мясцовых».

Лябедзька перакананы, што ў мясцовыя саветы трапіць 20‑30 апазіцыянераў, якія будуць прызначаныя, а не абраныя.

Намеснік старшыні Леў Марголін таксама за зняццё. «Людзі пабачаць, што хоць нехта не пайшоў на павадку ва ўлады», — зазначыў ён. Падтрымаў адмову ад удзелу і Васіль Палякоў з Гомеля.

Тым не менш, брэсцкая, мінская і гродзенская абласныя арганізацыі, а таксама мінскай гарадская выступілі за ўдзел. Падтрымаў іх і яшчэ адзін намеснік Лябедзькі — Яраслаў Раманчук.

Лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхась Пашкевіч зазначыў, што большасць сяброў АГП пайшло на выбары не шляхам збораў подпісаў, а праз партыйнае вылучэнне.

На ягоную думку, АГП нават цяпер выглядае на выбарах горш за Рух «За Свабоду», а калі зараз адбудзецца зняццё з гонкі, то «партыя застанецца без выбараў увогуле».

Аляксандр Ваўчанін з Жодзіна цвёрда сказаў, што пойдзе да канца, бо не можа падмануць сваіх выбарцаў, але гэта апошнія ягоныя выбары. Уладзімір Звернік з Чысці ідзе па безальтэрнатыўнай акрузе. Ён таксама не хоча сыходзіць.

Урэшце было прынятае палітычнае рашэнне не ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, тым не менш, зрабіць выключэнне для «гарачых галоваў», якія прагнуць змагання.

Дарэчы, беларускай мовы на з’ездзе было мала. Ёй карысталіся толькі вядучыя Аляксандр Дабравольскі і Зінаіда Бандарэнка, а таксама Анатоль Лябедзька з Міхаілам Пашкевічам. Іншыя прамаўлялі па‑расейску.

Міжнародны сакратар Андрэй Дзмітрыеў гаварыў пра тое, што АГП мусіць быць бліжэй да БНФ. Дзве гэтыя партыі змогуць удала дапаўняць адно адну. «У БНФ ёсць праграма нацыянальнага адраджэння, культуры, у нас ёсць эканоміка. У будучыні мы можам выйсці на новую кансерватыўную партыю», — зазначыў ён.

Міхась Пашкевіч з іроніяй успрымаў словы пра магчымы рэйдэрскі захоп улады ў АГП. А таксама гаварыў пра немагчымасць АГП правесці паўнавартасную прэзідэнцкую кампанію. Ён прапаноўваў засяродзіцца на драбнейшых задачах, але якія лягчэй вырашыць.

Яраслаў Раманчук у сваім выступе адзначыў, што многія міжнародныя арганізацыя проста «скурвіліся». У прыватнасці, ён узгадваў МВФ, Сусветны банк, які даюць крэдыты беларускім уладам.

Леў Марголін казаў пра не зусім чыстаплотную дзейнасць Віктара Карняенкі, які з’яўляецца сябрам АГП і другім чалавекам у Руху «За Свабоду».

Лябедзька таксама ганіў Рух і Мілінкевіча. У прыватнасці, ён гаварыў пра тое, што Мілінкевіч паўсюль у Еўропе гаворыць пра легімітызацыю ўлады Лукашэнкі.

З’езд прыняў рашэнне прызнаць дзейнасць кіруючых органаў за мінулыя два гады здавальняючай.

Калі прыйшла чарга вылучэння на старшыню, то аказалася, што альтэрнатывы ў Анатоля Лябедзькі няма. Барысаўскі прадпрымальнік Віктар Гарбачоў узяў самаадвод. «Мне не хапае сілаў, сродкаў і духу, каб узначаліць партыю», — зазначыў ён.

У выніку за Лябедзьку прагаласавала 89 чалавек са 109, што складае 81,6%. Супраць — 17 чалавек (15,6%).

Гэта ўжо шосты тэрмін для Лябедзькі на чале партыі. Альтэрнатывы няма, як сказаў кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі Уладзімір Шанцаў.

«Не ўсё было проста. Можна шмат гаварыць хто каму рабіў якія прапановы. Некаторым калегам па дэмакратычным лагеру можна не падаваць руку», — зазначыў зноў абраны старшыня.

Ягонымі намеснікамі зноў абраныя Яраслаў Раманчук і Леў Марголін.

Цікава, што на з’ездзе амаль зусім не гаварылася пра прэзідэнцкія выбары. «Няма рэсурсу», — як праватна адзначыў адзін з дэлегатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?