фота - svaboda.org

фота - svaboda.org

Толькі у Гродне вялікім святам скончылася 3-ая нацыянальная дыктоўка, як яе стваральнік Уладзімір Падгол думае пра эстафету дыктовак. Гутарка вядзецца пра правядзенне дыктоўкі з нагоды ўтварэння Еўрасаюза. Перамовы аб ёй вядуцца паміж грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі. Паводле Падгола, да ўдзелу ў будучай дыктоўцы запрошаныя грамадскія асобы, прадстаўнікі амбасадаў, кіраўнікі недзяржаўных і афіцыйных СМІ, а таксама шараговыя грамадзяне.

«Гэта наш шлях засведчыць, што мы любім беларускую мову, што яна не горшая за астатнія еўрапейскія, — кажа Ўладзімір Падгол. — На маю думку ў гэтым выпадку нікога не варта ганіць праз ягоную палітычную пазіцыю, і таму хачу запрасіць да напісання ўсіх».

Верагодная дата правядзення «еўрасаюзаўскай» дыктоўкі 9 траўня — у Дзень Еўропы, на які накладаецца таксама Дзень Перамогі.

Ідэя нацыянальнай дыктоўкі, што нарадзілася пад уплывам падобных акцыяў у Польшчы і Літве, увасобілася ў 2007 годзе, калі адначасова ў некалькіх гарадах Беларусі грамадскія актывісты і проста неабыякавыя да беларушчыны людзі напісалі дыктоўку з нагоды 90-годдзе БНР.

З цягам часу публічныя дыктоўкі набылі масавасць (а сёлета яны адбыліся ў Гродне, Віцебску, Магілёве, Празе, Маскве ды іншых гарадах) і нават прыдбалі свае завядзёнкі. Напрыклад, цяпер акрамя ўласнай дыктоўкі ўдзельнікі акцыі пішуць па сказе ў агульны аркуш, гэтак робячы сімвалічны збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы.

Сёлета нацыянальная дыктоўка была прысвечаная бацьку-заснавальніку беларускай нацыі Францішку Багушэвічу, якому сёлета споўнілася 170 гадоў. Агульнабеларуская акцыя скончылася фінальным акордам у Горадні, дзе ўрачыстую дыктоўку, нагавораную Андрэем Хадановічам, пісала больш за 200 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?