"З часам нават самая арыгінальная ідэя ператвараецца ў штамп. А калі штампам злоўжываць, гэта можа выклікаць усеагульнае раздражненьне. Так адбылося з каляровымі рэвалюцыямі", - напэўна, мае рацыю спадар Тарас, пачынаючы гэтымі словамі свой артыкул "Джынсы ці джынса?" ("НН", №46). Але ці дапаможа чужы пасьпяховы тавар, калі ўзяць яго за свой талісман? Не, калі бачыць за паняткам "джынсы" толькі зручную вопратку.

Крыху гісторыі

Дзень нараджэньня джынсаў - 15 траўня 1853 г., калі эмігрант Леві Страўс вырашыў зарабляць на жыцьцё гандлем гаспадарчымі таварамі на каліфарнійскіх капальнях, у тым ліку італьянскай парусінай. Нараджэньне пачалося з граматычнай памылкі: надпіс "Genes" (Генуя) на цюках з тканінай прачыталі як "джынс".

У 1856-м кампанія Страўсаў мела добрую краму і пачала гандляваць штанамі, якія ўжо набылі амаль клясычны выгляд, зьмяніўшы карычневую парусіну з Генуі на сінюю саржу - "denim" - з францускага Німу (de Nim). Партыя мела нумар 501 ды арыентавалася на новых спажыўцоў - каўбояў. Калі Леві ўжо быў мільянэрам, габрэй-эмігрант з Рыгі Дэвіс на замову нейкага бамбізы даўмеўся замацоўваць скрыжаваньні швоў на кішэнях меднымі рымарскімі заклёпкамі і прапанаваў сваю вынаходку Страўсам.

Стагодзьдзе джынсы перацякалі ў Эўропу як сувэніры, покуль не былі запатрабаваныя як пратэстны атрыбут у выступах супраць кансэрватыўнасьці нораваў пакаленьнем 1960-х - 1970-х гг.. Джынсы сталі надзвычай папулярныя. Пацёртыя нагавіцы насілі і кіназоркі, і палітыкі ды прадстаўнікі каралеўскіх сем'яў у нефармальнай абстаноўцы. Кампанію "Levi Strauss & Co" ўзнагародзілі прэміяй за асаблівыя заслугі перад індустрыяй моды ЗША.

У кожнага свой кайф

З дэніму цяпер вырабляецца ўсё: ад капелюшоў да паліто. Матэрыял ужываецца дзе варта і дзе ня варта, імітуецца і падрабляецца. Узьнік цэлы культ: ёсьць цэлыя сайты, дзе падрабязна тлумачыцца, як выбраць мадэль, як адрозьніць фірму ад падробкі, старыя экзэмпляры выстаўляюць на аўкцыёнах і прадаюць за шалёныя грошы.

Тэхнолягі экспэрымэнтуюць са спосабамі апрацоўкі тканіны і гатовых вырабаў. Нават "япі" - маладых гарадзкіх прафэсіяналаў - спадары Армані, Гацье, Вэрсачэ спакусілі прыняць свой нестандартны погляд на джынсавы стыль у жыцьці.

З 1990-х у моду зноў прыйшлі "аскетызм і нястача". Стылі "гранж" (маргінальны шык) і яго спадкаемца "гіпі-шык" сталі новым спосабам дэманстрацыі высокага сацыяльнага статусу і матэрыяльных магчымасьцяў. Таму невядома, ці зразумее патлаты інтэлектуал 1970-х (адзеты ў паношаныя джынсы) у акулярах і з барадой маладога джынсача ў швэдры зь неапрацаванымі манжэтамі, асабліва калі на плячах у апошняга - куртка са скуры кракадзіла.

Гэтаксама як і жанчыны: адныя празь нястачу перашываюць старыя мужавы джынсы ў дзіцячую вятроўку, другія "ловяць кайф", далучаючыся да п'янкой супэрмоднай вынаходкі - стылю "вінтаж", бо вячэрнюю сукенку ад Гацье, зробленую такім самым чынам, толькі з большай колькасьці джынсавых абноскаў, камэнтатары ад сусьветнай моды называюць прыкладам віртуознага і нечаканага валоданьня матэрыялам.

Аднак чаму людзі так упадабалі гэтыя сінія штаны? Хіба бязь іх мала зручных і камфортных рэчаў?

Адно зь першых патрабаваньняў да адзеньня - яго функцыянальнасьць. Псыхолягі моды дакладна вызначылі, што функцыянальнае адзеньне ўзмацняе таварыскасьць, схільнасьць да супрацоўніцтва, згоды ці кампрамісу. Жанчыны ў зручным адзеньні менш агрэсіўныя і жорсткія.

Сымболіка сіняга

Клясычныя джынсы зачароўваюць магічнай глыбінёй індыга і нагадваюць пра вечны рух выцьвіласьцю ды прыцьвіласьцю. Таму хацелася б прыпыніцца менавіта на сымболіцы сіняга колеру.

У ілюстраваных альбомах, прысьвечаных беларускаму народнаму адзеньню, гэтых фарбаў сустрэнеш няшмат, хоць у міталёгіі беларусаў сіні, як і паўсюдныя белы ды чырвоны, зьвязаны з культам продкаў.

У беларусаў ёсьць устойлівае словазлучэньне "сіні лён". Праўда, большасьць мяркуе, што гэта ідзецца пра кветкі, паколькі індыга тут не расьце, а льняное валакно кепска фарбуецца расьлінным спосабам.

Мая бабуля згадвала, што за іх сялом было гарэлае балота. Той, хто не ленаваўся сьцягваць снапы празь лес, потым праз багавіньне і вымочваць іх у чорнай, "гарэлай" вадзе запаветнай азярынкі, меў потым каштоўную сінюю палатніну.

На Старажытным Усходзе лічылі, што калі цела Крышны стала сінім, цыкль зямной гісторыі падыходзіць да свайго завяршэньня, трэба чакаць гібелі гэтага сьвету. Японцы кажуць: сіні - "колер дзіркі, праедзенай наймацнейшым з лугаў - часам". У Эўропе асабліва шанаваліся сінія камяні, але пазьней гэты колер набыў нэгатыўнае адценьне: "сіняя спадніца" ў Францыі - ахвяра мужчынскай здрады, "сіні плашч" у Нідэрляндах, наадварот, - не найлепшых паводзінаў жонкі.

Штаны як паказьнік прагрэсу

І што б ні казалі модныя часопісы, падручнікі па псыхалёгіі моды канстатуюць: адна з функцый моды - прыўнясеньне пэўнай меры аднастайнасьці праз выбар з розных культурных мадэляў адной, якая інтэрпрэтуецца як норма. Мода выхоўвае і фармуе асаблівасьці ўспрыманьня супольнасьці і яе густ.

1970-я былі ня толькі дзесяцігодзьдзем "кепскага густу" - тады ўпершыню пачалі гаварыць пра рэальнасьць пагрозы экалягічнай катастрофы і ўзьнік "экалягічны падыход" да праблем у дызайне. Адзін з галоўных кірункаў - разумнае скарачэньне спажываньня, вяртаньне да якасных рэчаў "працяглага карыстаньня", выкарыстаньне няшкодных матэрыялаў, чыстых тэхналёгій і разьвіцьцё творчых здольнасьцяў чалавека. Саюз дызайнэраў Нямеччыны ў 1983 г. запатрабаваў "наяўнасьці ў прамысловым вырабе духоўна-сэнсавай стымуляцыі", то бок каб рэч скіроўвала спажыўца да самастойнай арганізацыі сваёй жыцьцёвай прасторы, была элемэнтам "пазла", а не гатовай мадэльлю.

Згадайма яшчэ пра сучасную канцэпцыю побыту ў постындустрыяльным грамадзтве: менавіта ад якасьці нашага вольнага часу залежыць фармаваньне новых мадэляў культуры, каштоўнасных арыенціраў, дзе на першым пляне індывідуальнасьць, яе здольнасьці, радасьці, мары. Дык пра што гэта мы? Хіба не пра джынсы - проста зручнае адзеньне, экалягічнае, даўгавечнае, тое, што стымулюе дарошчваць сябе да таго вобразу, у якім будзе камфортна і радасна адчуваць сябе роўнымі ці лепшымі, марыць, працаваць, быць шчасьлівымі.

Шмат каму надакучыла быць пэрсанажамі старых савецкіх анэкдотаў, якіх змушаюць сядзець голай дупай на голай зямлі і думаць, што трапілі ў рай. Хочацца ўстаць і што-небудзь рабіць. Ня кожнаму сёньня яшчэ ўцям, што менавіта трэба рабіць, навошта і каго слухаць, але, каб пачаць, трэба найперш нацягнуць штаны (ці ўсьвядоміць нарэшце, што на табе яны ёсьць), і ня самы горшы варыянт, калі гэта - джынсы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0