Аб'яднаная грамадзянская партыя прыняла рашэнне адмовіцца ад удзелу ў «выбарах» у мясцовыя саветы. Ва ўмовах, калі пачалася чарговая хваля рэпрэсіяў супраць незалежных медыяў і калі правядзенне ўладамі перадвыбарчай кампаніі мала чым адрозніваецца ад усіх папярэдніх выбараў у Беларусі з 1995 года, такое рашэнне падаецца адзіным правільным. Гэткія выбары трэба байкатаваць, а адсутнасць выбараў не павінна быць для апазіцыянераў апраўданнем для таго, каб не займацца данясеннем сваёй пазіцыі да насельніцтва.

Больш за гэта.

Даўно трэба прызнаць, што прыход беларускай дэмакратычнай апазіцыі да ўлады ці то ў выніку выбараў, ці то ў выніку выкліканай выбарамі «памаранчавай рэвалюцыі» ёсць увогуле немагчымым.
Такія спробы паўтараюцца цягам апошніх пятнаццаці гадоў, і сапраўды, «калі хочаш мець тое, што меў, — рабі тое, што і рабіў».

Што рабіць беларускай партыйнай апазіцыі ў гэтых умовах? На што спадзявацца куды больш шырокай беспартыйнай апазіцыйнай грамадскасці? Вяртаючыся да адносна нядаўняга артыкулу Георгія Плашчынскага, хочацца часткова пагадзіцца з аўтарам, але крыху інакш расставіць акцэнты.

Паспяховая стратэгія дзейнасці дэмакратычнага лагеру бачыцца ў двух узаемадапаўняльных магчымых кірунках:

1. Фармальнае існаванне апазіцыйных палітычных партыяў ды іх ператварэнне ў экспертныя і асветніцкія цэнтры;

2. Агульная квазіпартызанізацыя апазіцыйнай супольнасці.

Для арганізаванай апазіцыі — палітычных партыяў і рухаў — застаюцца таксама дзве магчымыя іпастасі. Першая — функцыя маяка і «падтрымання штандара», захаванне ў эмбрыянальнай форме дзеля самога свайго факта існавання і дзеля факта існавання брэнда. Раней ці пазней публічнае палітычнае жыццё ў Беларусі размарозіцца і палітычныя прота-партыі (або каталізатары пратэстных настрояў у крытычнай сітуацыі) Беларусі спатрэбяцца. Іншая рэч, што пакуль няма прыкметаў, што гэта можа здарыцца цягам бліжэйшых гадоў. А таму, урэшце, сам сэнс існавання большасці сучасных апазіцыйных партыяў стаіць пад вялікім пытаннем.

Іншым кірункам дзейнасці інстытуцыяналізаванай дэмакратычнай апазіцыі ў сённяшніх умовах магла б быць экспертыза, генерацыя ідэяў і іх пашырэнне сярод людзей. Адзінай у Беларусі больш-менш «экспертнай» партыяй на сённяшні момант можна назваць акурат АГП. Патэнцыял большасці астатніх партыяў у гэтым дачыненні здаецца куды больш спрэчным, калі не амаль нулявым.

Другая стратэгія — больш важная і яе дэ-факта рэалізацыя даўно ідзе.

Эфектыўным сродкам для беларускай дэмакратычнай апазіцыі цяпер ёсць тактыка, якой апошнія 200 гадоў карыстаўся літвінскі і, замяніўшы яго, беларускі незалежніцкі рух: выкарыстанне інфраструктуры дзейнага рэжыму для дасягнення сваіх мэтаў.
Выбарачная калабарацыя, сыход у падполле, кааптацыя ў склад існага парадку. «Калі не можаш перамагчы з'яву — узначаль яе». Беларусам не звыкацца да партызанкі.

Паспяховым прыкладам такой тактыкі ёсць «культурніцкая апазіцыя», з шэрагу грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў, прадстаўнікі якіх пайшлі шляхам дэпалітызацыі пытанняў мовы і культуры. Чыноўнікі больш схільныя ісці насустрач гэтым ініцыятывам, бо яны імкнуцца не да прыходу да ўлады, а да выканання дзейнай уладаю пэўных патрабаванняў. Патрабаванні гэтыя звычайна ёсць аб'ектыўна важнымі, але, галоўнае, яны не пагражаюць гэтай уладзе.

Такая стратэгія можа цяпер быць прадуктыўнаю прынамсі што да пытанняў нацыянальнага адраджэння або, у меншай ступені, прасоўвання лібералізацыі эканомікі.
Дэмакратызацыя бачыцца як тое, чаго дасягнуць такім чынам будзе, на жаль, ніяк не магчыма.

Мяркую, што не будзе памылковым сказаць, што ў апошнія гады ТБМ, «Будзьма» ці Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў зрабілі для беларускага грамадства больш карыснага, чым палітычныя партыі ці нехта з апазіцыйных кандыдатаў на мінулых або будучых прэзідэнцкіх выбарах. Палітыку як публічнае вырашэнне агульнанацыянальных пытанняў трэба расціць з «каранёў травы», ад самога пачатку, і грамадскія арганізацыі - найлепшы сродак для гэтага.

Акрамя гэтага ёсць дзесяткі і сотні прагрэсіўных людзей, якія працуюць у дзяржаўных структурах і на месцы здольныя рэалізоўваць карысныя ініцыятывы, змяняць рэжым знутры.
Неблагі прыклад — беларускамоўны міністр культуры Павал Латушка. Людзей такога кшталту шмат у дзяржаўных органах улады на розных узроўнях. Такая сетка робіцца непатапляльнай і здольная прывесці краіну да пераменаў - не цяпер, але цягам многіх гадоў.

Такі новы падыход не мусіў бы засмучаць больш, чым некаторыя іншыя рэчы ў беларускім грамадска-палітычным жыцці. Ва ўмовах немагчымасці рэвалюцыйнага сцэнара для набліжэння пазітыўных зменаў, дэмакратычная грамадскасць мае ў сваім распараджэнні вечнасць.

* * *

Меркаванні аўтараў рубрыкі «Меркаванні» могуць супадаць, а могуць не супадаць з меркаваннем Рэдакцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?