Сёньня пачынаецца 15-ы розыгрыш хакейнага чэмпіянату краіны. Удзел у ім возьме няцотная колькасьць камандаў – 11. Гэта азначае, што адзін з клюбаў будзе абавязкова прапускаць тур чэмпіянату.

Беларускае першынство захавала статус адкрытага. Штопраўда ўдзел у ім сёлета возьме толькі адзін замежны клюб - кіеўскі "Сокал". Латвійскія каманды "Рыга-2000" і "Мэталюргс" (Лібава), спаслаўшыся на фінансавыя цяжкасьці адмовіліся ад удзелу. Але гэта ня значыць, што на айчынных пляцоўках мы ня ўбачым латвійскіх хакеістаў. Багата хто зь іх, каб не губляць у прафэсійным майстэрстве, заключыў кантракты зь беларускімі клюбамі.

Былі грашовыя праблемы і ва ўкраінцаў, але іх атрымалася ўдала вырашыць. У адваротным выпадку Ўкраіна наагул магла аказацца безь вялікага хакею, бо "Сокал" застаўся апошняй прафэсійнай камандай у краіне.

Затое ў сёлетнім беларускім чэмпіянаце стартуе дэбютант – жлобінскі "Мэталюрг". Напачатку беларускай незалежнасьці у гэтым горадзе ўжо існавала хакейная каманда "Белсталь", але яна не перажыла ліхалецьця сярэдзіны 1990-х. Найбліжэйшым часам у Жлобіне здадуць у эксплюатацыю новую лядовую пляцоўку, а каманду ўжо стварылі. Яе ўзначаліў вопытны настаўнік Яўген Лебедзеў. На жнівеньскім Кубку Беларусі "Мэталюрг" някепска глядзеўся.

Галоўнымі фаварытамі першынства лічацца менскія "Юнацтва" і "Дынама". Першая зь іх станавілася чэмпіёнам краіны апошнія тры гады, але на ўжо вышэйзгаданым Кубку краіны клюб глядзеўся не пераканаўча, нязмогшы трапіць у фінал. І гэта пры тым, што "Юнацтва" было ўзмоцнена беларускімі НХЛаўцамі Міхаілам Грабоўскім і Андрэем Касьціцыным, які ўжо зьехалі ў лягер славутага "Манрэаль Канадыянс". Праўда, 25 жніўня "Юнацтва", гуляючы, справілася з маскоўскім "Дынама" - 8:1, якое трэніруе былы "коўч" зборных Беларусі і Расеі Уладзімер Крыкуноў.

Менскія "дынамаўцы" пераканаўча і прыгожа выйгралі Кубак Беларусі, іхні склад выглядае найбольш маналітным і зладжаным. Прозьвішчы гульцоў "Дынама" прымусяць уздрыгнуць не аднаго суперніка: Антоненка, Скабелка, Хмыль, Макрыцкі, Мікульчык. Гэтыя хакеісты вядомыя далёка за межамі нашай краіны. Але ці змогуць "дынамаўскія" зоркі стаць сапраўднай камандай, здольнай на вялікія зрушэньні?

Ня трэба скідваць з рахунку менскі "Керамін" і магілёўскае "Хімвалакно". Гэта крэпкія каманды, але ў патэнцыяле яны крыху саступаюць дзьвюм першым. Астатнія каманды найхутчэй будуць змагацца за права трапіць у плэй-оф і аддаваць некаму зь іх перавагу перад пачаткам сэзону не выпадае. На старце ўсе роўныя.

Гэты хакейны чэмпіянат пройдзе пад маркой узмацненьня легіянэрскай квоты, ініцыяванай міністрам унутраных справаў і адначасова старшынёй фэдэрацыі хакея Беларусі Ўладзімерам Навумавым. Цяпер кожны клюб зможа заяўляць на матч ня больш за пяць іншаземцаў.

Галоўнай сэнсацыяй міжсэзоньня стала вяртаньне ў хакей 40-гадовага Андрэя Кавалёва, якога ўгаварыў апрануць форму гульца трэнэр "Юнацтва" Міхаіл Захараў. Андрэй, дарэчы, дэбютуе ў чэмпіянаце Беларусі, бо за менскае "Дынама" ён гуляў яшчэ ў часы СССР, а пасьля значны адрэзак кар’еры правёў за акіянам і ў Нямеччыне. У свой час Кавалёў быў адным зь лідэраў нацыянальнай зборнай. Але гэта не зьдзіўляе, калі ўлічыць, што за "Дынама" гуляе 42-гадовы Алег Мікульчык, які ў свой час паспытаў НХЛаўскай кухні і зьяўляўся самым брудным гульцом чэмпіяната Расеі. Па ўласным ягоным прызнаньні, Алег яшчэ не нагуляўся ў хакей і гэтым можна шчыра захапіцца.

Беларускі хакейны чэмпіянат зьяўляецца адным сама хутка прагрэсуючых эўрапейскіх першынстваў. Заходзьце на трыбуны, не пашкадуеце. Ладная доля адрэналіну вам забясьпечана.

Сёньня, 5 верасьня, гуляюць: «Юнацтва» – «Віцебск» (Крыты каток у Парку імя Аляксея Максімавіча Горкага-Пяшкова). «Дынама» (Менск) – «Хімік-СКА» (Палац спорту). Пачатак матчаў а 18.30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?