Нарадзіўся Віктар Шніп на Валожыншчыне, у вёсцы Пугачы. Вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме. Але на трэцім курсе кінуў вучобу. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве пры Літаратурным інстытуце імя М. Горкага.

Працуе галоўным рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Аўтар пятнаццаці кніжак, сярод якіх «Пошук радасці», «Шляхам ветру», «Горад Утопія». За зборнік вершаў «Гронка святла» атрымаў ад Савета Міністраў Грузінскай ССР прэмію імя У. Маякоўскага.

Аўтар цыкла сатырычніх мініяцюраў пра Граждана і Сабаку ў «Нашай Ніве».

На свяце Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне, 2009.

На свяце Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне, 2009.

Віктар Шніп

***

Зіма… Вясна… А там, глядзіш, і лета

Пад ветлым сонцам заблішчыць лісцём.

Усё мінае, і мінецца гэта

Самотнае, нібы зіма, жыццё,

Якое многім залатым здаецца,

Як залатым на могілках пясок

Здаецца часам тым, як плача сэрца,

Душа ірвецца ў неба да аблок,

Дзе воляй дыхаюць вятры Айчыны,

Якую любіш ты і я люблю,

Як ля вакон у квецені рабіну,

Як пад нагамі родную зямлю,

Дзе ўсё мінае і мінецца гэта

Самотнае, нібы зіма, жыццё…

Зіма… Вясна… А там, глядзіш, і лета

Пад ветлым сонцам заблішчыць лісцём.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?